На Вілейшчыне прайшла рэгіянальнай спартакіяда для людзей з абмежаванымі магчымасцямі: перамагла каманда з Вілейкі
Рэгіянальная спартакіяда для людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Разам да перамогі” адбылася 5 снежня ў Вілейскім раёне ў рэабілітацыйным цэнтры "Надзея".
Праходзіла яна на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Надзея”. Спартакіяда стала заключным этапам дабрачыннага марафону "Рабі вялікае, не чакаючы вялікага”, прымеркаванага да Дня інвалідаў.
У спаборніцтвах удзельнічалі каманды з Вілейкі, Мядзела і Смаргоні. У складзе кожнай было па восем чалавек: выхаванцы цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў.
Чакалі іх разнастайныя конкурсы, камандная эстафета. А справіцца з усімі выпрабаваннямі ўдзельнікам дапамагалі валанцёры. Самі ж валанцёры паказалі свае спрыт і хуткасць у конкурсе па матывах казкі “Рэпка”. А ў перапынках паміж конкурсамі з музычнымі нумарамі выступілі салісты эстраднай студыі “Спадчына” і артысты Вілейскага Палаца культуры.
Узначальвала журы старшыня дабрачыннага фонду “Мары спраўджваюцца” Анастасія Касянкова (жонка вядомага футбаліста Аляксандра Глеба). Журы прыйшлося нялёгка: кожная каманда імкнулася перамагчы. Дапамагала і падтрымка балельшчыкаў. Сярод іх былі выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў з Маладзечна.
Па выніках усіх конкурсаў ў спартакіядзе перамагла каманда “Вясёлка “ з Вілейкі. На другім месцы – “Ветразь” з Мядзела, на трэцім – “Верныя сябры” са Смаргоні. Удзельнікаў і валанцёраў чакалі прызы, дыпломы і медалі. Таксама кожная з каманд атрымала памятны падарунак.
Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота tmega-u.ru