Віталь Радзівонаў: «Калі дзесьці чую, як нехта гаворыць па-беларуску, у мяне зьяўляецца пачуцьцё гонару за людзей, якія не забываюцца на родную мову»
Форвард БАТЭ Віталь Радзівонаў распавёў пра сваё стаўленьне да беларускай мовы.
— Віталь, апошнім часам Вы досыць актыўна адгукаецеся на прапановы рэклямаваньня па-беларуску спартовых і сацыяльных зьяваў, падзеяў. Гэта і прапаганда ўласна футболу, і калектыўны ролік-запрашэньне на опэру Станіслава Манюшкі. Пры тым, што якраз спартоўцы да моўных кампаній далучаюцца ня вельмі ахвотна.
— Можа ім проста вельмі рэдка прапануюць удзельнічаць у падобных праектах? Бо, прыкладам, калі такія прапановы паступаюць мне, я з радасьцю на іх адгукаюся. То бок, асабіста я з задавальненьнем бяру ўдзел у такога кшталту кампаніях, ініцыятывах.
— Дарэчы, якраз учора Вы былі сярод першых гледачоў опэры Манюшкі Verbum Nobile. Якія ўражаньні ад прэм’еры?
— Магу прызнацца, што для мяне гэта таксама быў дэбют: я ўпершыню ў жыцьці трапіў на опэрнае прадстаўленьне. Чаканьні цалкам апраўдаліся: і музыка, і выступ артыстаў уразілі. Усе партытуры, зноў жа, выконваліся па-беларуску, і гэта гучала вельмі прыгожа. Адным словам, надзвычай задаволены. Таму я рады, што ня толькі паўдзельнічаў у здымках роліка, але яшчэ і пабываў на прэм’еры.
— Як лічыце, каб зоркі спорту, музыканты, іншыя публічныя людзі ўласным прыкладам прапагандавалі родную мову, моўны разварот у маштабах краіны быў бы больш адчувальны?
— Мне здаецца, што эфэкт ёсьць ужо. Таму што дастаткова шмат знакамітых людзей выказалі сваё паважлівае стаўленьне да беларускай мовы, падтрымліваюць яе, а значыць — прапагандуюць. Як вынік, іншыя людзі таксама зьвяртаюць на гэта ўвагу. Больш за тое, як мне падаецца, на сёньняшні дзень у асяродку моладзі размаўляць па-беларуску нават становіцца модным.
— Самі цікавасьць да беларускай мовы неяк падтрымліваеце? Праз кнігі, інтэрнэт і г.д.
— На жаль, я «варуся» у расейскамоўным асяродзьдзі, дзе месца для беларускай мовы надзвычай абмежаванае. Хоць калі дзесьці чую, як нехта гаворыць па-беларуску, у мяне зьяўляецца пачуцьцё гонару за людзей, якія не забываюцца на родную мову, ёй карыстаюцца.
— Вы досыць часта выяжджаеце за мяжу, калі гуляеце і за нацыянальную зборную, і за БАТЭ. Якія перажываеце пачуцьці, калі заўзятары падтрымліваюць беларускамоўнымі транспарантамі, банэрамі?
— Насамрэч такая падтрымка надзвычай узрушвае, але ня толькі за мяжой. Трэба сказаць, што і на радзіме, на родным стадыёне ў Барысаве нас заўзятары падтрымліваюць такім жа чынам. Мне такая падтрымка вельмі падабаецца, і я магу сказаць нашым заўзятарам толькі дзякуй за падобную ініцыятыву, — цытуе Радзівонава «Радыё Свабода».