“Маладзечна-2013” губляе шанец скончыць сезон у першай пяцёрцы чэмпіянату

Источник материала:  

Гэта стала відавочна пасля гульні з камандай “Асіповічы”, якая скончылася для маладзечанцаў паражэннем − 4:1

Гульня адбылася ў нядзелю, 27 кастрычніка.

Маладзечанцы ліха пачалі гульню. Первага ў пачатку была на баку каманды з Маладзечна.


Бліжэй да экватара першага тайма маладзечанцы пачынаюць губляць тэмп, чым не прамінулі скарыстацца сапернікі. На 31-й хвіліне матча першы мяч трапіў у вароты нашага галкіпера. Адразу ж пасля гола галоўны трэнер каманды “Маладзечна-2013”Дзяніс Мятліцкі робіць першую замену. Поле пакідае Аляксандр Філановіч, на змену яму выходзіць Дзяніс Жыліч.



Магчыма, мне падалося, але пасля гэтага гола маладзечанцы зусім зніклі. Атакі былі, але няўпэўненыя, і мяч трапляў дакладна ў рукі варатара каманды Асіповічы.  


Сцэнар другога тайма паўтарыўся з дакладнасцю. Першыя хвілін 15 маладзечанцы атакуюць, ствараюць вострыя моманты, але да жаданага выніку гэта не прыводзіць. Ці то атакі былі не дастаткова вострыя, ці то варатар Асіповічаў быў надта пільны.

На 75-й хвіліне яшчэ адзін мяч трапляе ў нашы вароты.


Не прайшло і пяці хвілін, як трэці мяч апынуўся ў варотах маладзечанцаў. Трэнер каманды Маладзечна адгукаецца на гэта шматлікімі заменамі, але малюнак гульні, на жаль, не ўратоўвае. Гульцы “Маладзечна-2013”зніклі зусім. За гульнёй сачыць зусім нецікава. Гледачы пачынаюць пакідаць трыбуны.


80-я хвіліна матча робіць лік разгромным − 4:0. Вельмі прыгожая атака Асіповічаў. Маладзечанцам, быццам у запаволенай здымцы, застаецца толькі правесці вачамі мяч, што ляціць у вароты, і развесці разгублена рукамі.

Ад гульні ўжо ніхто нічога не чакае, трыбуны імкліва пусцеюць.

Але трэба аддаць належнае камандзе “Маладзечна”, гульцы так проста не здаліся без бою.

Нападаючы каманды Андрэй Шаблінскі не дазваляе сваёй камандзе прайграць “усухую” і на 86-й хвіліне робіць лік сустрэчы 4:1.


Каменціруе гульню галоўны трэнер каманды “Маладзечна-2013”Дзяніс Мятліцкі.

Што пайшло не так? Чаму другая гульня запар заканчваецца паражэннем?

− Не забіваем, вось і прайграём. Прычына, якая відавочная для мяне, у тым, што мы два таймы паказваем дзве розныя гульні. Мы ў другім тайме гулялі мацней за саперніка, але вынік вы ведаеце і без мяне.

Дзяніс Мікалаевіч, а чым апраўданыя вашы эксперыменты са складам гульцоў?

− Эксперыменты? (усміхаецца). Нагадаю, што па правілах на полі павінен знаходзіцца гулец 1994 года нараджэння. Наш абаронца Аляксей Ціхановіч сур’ёзна траўмаваны, замест яго гуляе Мікіта Струкаў. Каб замяніць Мікіту, я быў вымушаны замяніць варатара. Андрэй Пуляк, наш галкіпер, таксама 1994 года нараджэння.


Галкіпер Андрэй Пуляк

Да таго ж, у камандзе ёсць людзі, якія не гатовыя былі гуляць. Лічыце гэта маёй трэнерскай методыкай. Я не мог выпусціць на поле тых, хто аднойчы падвёў каманду. Так, на мінулым тыдні некаторыя проста не з’явіліся на гульню з камандай Віцебска.

− Ці праўда тое, што ў каманды не было трэніровак аж са жніўня?

− Шкада, але гэта праўда. Цяпер вельмі кароткі светлавы дзень, каманда трэніравацца днём не паспявае. Мы сабе не можам дазволіць плаціць вялікія грошы за асвятленне стадыёна. Канешне, сыгранасці каманды не хапае. Цяжка патрабаваць ад каманды вынікаў без належнага трэніровачнага працэсу.

− Які настрой перад гульнёй са Жлобінам?

− Бадзёры. Рыхтуемся. Я, як магу, падтрымліваю хлопцаў. Але нам будзе няпроста. Учора быў цяжка траўмаваны Дзяніс Жбакоў. Таму для нас падтрымка важная. Мне вельмі прыемна, што, нягледзячы на не заўсёды станоўчыя вынікі гульні, нашых заўзятараў на стадыёне не становіцца меней. Таму ўсіх чакаю ў сераду а 14 гадзіне на стадыёне. Заўтра будзе лепей, чым учора!


Калі я пакідала стадыён, да мяне падышоў аматар футбола, які пажадаў застацца невядомым, і сказаў: “Мы сумуем па камандзе таго Маладзечна, узору 90-х, калі трыбуны былі перапоўненыя, цікавасць да гульні была вялікая, а за каманду не было сорамна. А цяпер? І падтрымка ў каманды такая, што толькі пазайздросціць, і кіраўніцтва, і гульцы − усё ёсць. А гульні няма, і за гэту каманду сорамна. Як так?”

Пытанне пакуль застаецца без адказу.



На трыбуне заўзятараў з Асіповічаў было горача.





Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.

 

←Минское «Динамо» до конца сезона подписало Ивана Усенко из «Немана»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика