“Смаргонь” выйграе ў лідара
У 16-м туры чэмпіянату Беларусі па футболе ў першай лізе 17 жніўня футбольны клуб “Смаргонь” гуляў дома з лідарам першынства – “Гарадзеяй”. Гульня завяршылася перамогай “Смаргоні” 2:1.
Напрыканцы першага тайма Мікалай Рындзюк вывеў смароганцаў наперад. Госці аднавілі раўнавагу на 50-й хвіліне матчу. А за некалькі хвілін да заканчэння гульні пераможны гол забіў Сяргей Крот.
– Мы паважаем любога саперніка. Сёння мы атрымалі перамогу – значыць, мы былі мацнейшымі, – адзначыў у інтэрв’ю сайту fc-smorgon.by галоўны трэнер “Смаргоні” Павел Бацюта. – Лік – па гульні. У "Гарадзеі" былі моманты і вельмі добрыя моманты. Я лічу, што нашы замены, зробленыя ў другім тайме, ўзмацнілі гульню: пайшлі контратакі. Матч ажывіўся. Гульня ішла на двое варот. Абедзве каманды паказвалі відовішчны футбол. Я ані не прымяншаю вартасцяў "Гарадзеі". У нас атрымалася забіць другі гол, а ў сапернікаў – не. Гэта футбол. Хачу адзначыць, што мы вельмі сур'ёзна рыхтаваліся да гэтай сустрэчы. Адсюль і вынік.
“Смаргонь” з 24 ачкамі займае зараз сёмае месца.
Аддзел інфармацыі.
Фота aifudm.net