“Смаргонь” мінімальна прайграла “Бярозе-2010”
У 15-м туры чэмпіянату Беларусі па футболе ў першай лізе 3 жніўня футбольны клуб “Смаргонь” гуляў на хатнім стадыёне супраць каманды “Бяроза-2010”.
Смаргонцы прайгралі з лікам 0:1. Госці адзначыліся на 92-й хвіліне. “Смаргонь” завяршала матч у меншасці: на 68-й хвіліне пасля другой жоўтай карткі поле пакінуў Сяргей Крот.
Вось як у інтэрв’ю неафіцыйнаму сайту ФК "Смаргонь" пракаментаваў гульню галоўны трэнер каманды Павел Бацюта:
– Асноўнае, што я магу сказаць, – без забітых галоў не бывае перамог. Моманты, якія ў нас былі, мы не рэалізавалі. Таму мы і не дасягнулі выніку сёння. Напрыклад, двойчы Сяргей Крот быў блізкі да поспеху. Увогуле, сёння была адкрытая гульня. У першым тайме, ды і ў пачатку другога, нам не хапала завяршальнага паса.
Што тычыцца выдалення. Так, Сяргей Крот здзейсніў адмашку рукой у грудзі саперніка, тым самым падвёў каманду. Мы засталіся ўдзесяцёх, што, натуральна, паўплывала на ход гульні. Мы перабудаваліся на 4-4-1, стваралі моманты на контратаках, забілі гол, праўда ён не быў залічаны з-за становішча па-за гульнёй. Дзмітрый Гінтаў уцякаў у адрыў з цэнтра поля, але пасля кантакту з апошнім абаронцам апынуўся на газоне, свісток суддзі прамаўчаў. Гэты момант я аднясу да спрэчных. Ды і каментаванне дзеянняў арбітраў – не ў маіх правілах. А завяршылася ўсё прапушчаным голам на 92-й хвіліне.
Аддзел інфармацыі.
Фота Наталлі ТУР.