Веславанне ў Мядзеле: ёсць поспехі, ёсць і перспектывы

Ідзе трэніроўка
З наступнага інтэрв’ю даведаемся пра сённяшні дзень і перспектывы развіцця веславання ў Мядзеле.Гутарым са старшым трэнерам аддзялення веславання на байдарках і каноэ Мядзельскай СДЮШАР Аляксандрам Карпеем. Працуе ён у спартыўнай школе чвэрць стагоддзя.
– Колькі дзяцей зараз займаецца веславаннем у спартыўнай школе?
– У Мядзеле і ў аддзяленні школы ў Нарачы займаецца больш за 140 дзяцей.
– З якога ўзросту займаюцца?
– З дзесяці год і да таго часу, як завершаць агульнаадукацыйную школу.
– Якія якасці характару развівае веславанне?
– Напачатку многія дзеці як прыходзяць, баяцца вады. Пачынаюць трэніравацца, возім іх у басейн, вучацца плаваць, у іх знікае страх перад вадой. Дзеці становяцца больш мэтанакіраванымі: ім трэба выйграваць, хочуць быць першымі. Ды і фізічна дужэюць. І як і ў ва ўсіх відах спорту: развіваецца ўпэўненасць у сабе, больш дысцыплінаванымі становяцца.
– Бачу, і на канікулах яны трэніроўкі не кідаюць..
– Так. На базе нашай школы працуе спартыўна-аздараўленчы летнік з дзённым знаходжаннем. У першай змене было 40 чалавек, у другой – 60. Двойчы на дзень праводзім трэніроўкі па веславанні. Таксама кросы, плаванне, у паходы ходзяць.
– Якія дасягненні ўжо маеце ў гэтым сезоне?
– Напрыканцы мая на рэспубліканскай спартакіядзе ДЮСШ у Гомелі Алена Карпей і Алена Лапцік заваявалі срэбра на байдарцы-двойцы. Шэсць медалёў нашы выхаванцы прывезлі з першынства Беларусі па веславанні на байдарках і каноэў Брэсце. Тры медалі рознай вартасці заваяваў Аляксей Талочка на каноэ-адзіночцы і -чацвёрцы. Юлія Захарэвіч заваявала “срэбра” на каноэ-двойцы. Аляксей Махніст быў двойчы трэцім на каноэ-адзіночцы. У пачатку ліпеня Юлія Захарэвіч стала другой на каноэ-двойцы на чэмпіянаце Беларусі.
Выступілі нашы выхаванцы і на міжнародных спаборніцтвах. У канцы чэрвеня Аляксей Талочка ў складзе каманды юнакоў (да 18 год) удзельнічаў у першынстве Еўропы ў Польшчы, дзе заняў 7 месца на каноэ-адзіночцы.
З узнагародамі Алена Карпей і Алена Лапцік
Image 17942
– Якія сур’ёзныя спаборніцтвы наперадзе?
– Бліжэйшыя старты – 22 ліпеня ў Заслаўі. Гэта алімпійскія дні моладзі Мінскай вобласці і абласная спартакіяда ДЮСШ. Там будзе адбор для ўдзелу у рэспубліканскіх спаборніцтвах.
– А як на абласным і рэспубліканскім узроўнях выглядаюць мядзельскія весляры?
– Прывяду такую лічбу: у спісах членаў нацыянальных зборных розных складаў чатыры выхаванцы нашай школы. Для Мядзела, лічу, нядрэнна.
– А ці ёсць перспектывы надалей?
– Лічу, ёсць. Перспектывы найбольшыя ў малодшым узросце, бо канкурэнцыя там ёсць, дзяцей нямала займаецца. У гэтым навучальным годзе шмат іх прыйшло: бацькі самі прыводзяць дзяцей, каб займаліся спортам, адрываліся ад камп’ютараў. І райвыканкам нам дапамагае: нядаўна закупілі дзве байдаркі і два каноэ, вёслы.
– Вы трэніруеце дзяцей у Мядзеле з 1988 года. Якія гады былі лепшыя для развіцця веславання?
– Лепшыя гады былі, калі пачынаў. Быў яшчэ Савецкі Саюз, лодкі не трэба было купляць, так размяркоўвалі. Не было камп’ютараў, шмат дзяцей прыходзіла, займалася. І ў апошнія гады стала лепш. Сталі лодкі купляць, зборы рабіць, дзяцей зацікаўліваюць. Скажам, прызёры і чэмпіёны рэспублікі імянныя стыпендыі атрымліваюць, і ў райвыканкаме лепшых узнагароджваюць па выніках сезону.
Гутарыў Алесь ВЫСОЦКІ.
Фота Алеся ВЫСОЦКАГА і забяспечана Аленай ЛАПЦІК.