Аляксандр Кудраўцаў: "Мая галоўная перамога — мая сям'я"
Калі заходзіць размова пра баскетбольныя поспехі беларусаў, не ўзгадаць імя Аляксандра Кудраўцава проста немагчыма. Атакуючы абаронца нацыянальнай зборнай, адзін з самых вядомых спартсменаў краіны, найлепшы гулец Беларусі апошніх двух гадоў падзяліўся са "Звяздой" самым патаемным: гісторыяй любові да баскетбола, расповедам пра сямейнае жыццё і пра тое, якую перамогу ён лічыць сваёй самай галоўнай. Такім чынам...
...Пра баскетбол як пра частку жыцця— Зусім нядаўна фінішаваў чарговы сезон Адзінай лігі ВТБ. Наколькі цяжкім было для каманды, якая да гэтага "варылася ва ўласным соку", выступаць на адной арэне з гульцамі НБА, змагацца з камандамі вышэйшага класа?
— Я сказаў бы, што хутчэй цікава, чым складана. У некаторых момантах, вядома, было вельмі цяжка — і фізічна, і псіхалагічна. Але з часам мы ўліліся ў гэты рытм, і пасля першай, другой перамогі стала лягчэй.
— Значыць, яшчэ пяць-шэсць матчаў, і каманда "Цмокі-Мінск" вырвалася б на лідзіруючыя пазіцыі ў гэтым сезоне?
— Ведаеце, пасля Новага года да нас пад'ехалі добрыя гульцы: і амерыканец Ціер Браўн, які ўжо гуляў у НБА, і літовец Відас Гінявічус, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, вельмі дапамаглі нам. Сваім вопытам, шалёным настроем на барацьбу. Плюс — неацэнная трэнерская дапамога з боку Рытмантаса Грыгаса. Так, магчыма, калі б было яшчэ 5 матчаў... Можа, і занялі б якое з прызавых месцаў. Гэта — спорт. Тут нічога нельга прадбачыць.
— А развіццё сваёй кар'еры вы таксама не маглі прадбачыць? Бо яшчэ гадоў пяць таму гулялі ва Украіне, у Польшчы. Чаму ж вырашылі вярнуцца на радзіму?
— Апошнія два гады я гуляў ва Украіне і мог бы там застацца. У мясцовым чэмпіянаце хапае добрых гульцоў, цікавых, баявых матчаў. Але мне хацелася пагуляць у еўракубках, паспрабаваць свае сілы ў лізе ВТБ, даведацца, як гэта — змагацца на самым высокім узроўні.
— І чым, у першую чаргу, быў цікавы такі высокі ўзровень, як, скажам, узровень "Еўрачэленджа"?
— Ён цікавы з пункту гледжання вопыту. Ты перасякаешся з іншымі людзьмі, з іншымі псіхалогіямі, з іншымі канцэпцыямі, школамі баскетбола. Акрамя таго, гэта адкрывае новыя сувязі, чалавечыя адносіны. Пасля таго, як я пачаў гуляць у "Еўрачэленджы", пазнаёміўся з многімі гульцамі. Да гэтага часу маем добрыя зносіны. Так баскетбол перацякае ў жыццё.
— Перацякае ў якасці стылю жыцця, працы або захаплення?
— Баскетбол — гэта нават не стыль. Гэта — частка майго жыцця. На сёння ён даў мне практычна ўсё. Той, хто я ёсць, кім я буду, магчыма. Баскетбол накіраваў на патрэбны шлях... Дзякуючы яму я пазнаёміўся з цудоўнымі людзьмі, сустрэў сваю жонку. Баскетбол — гэта мой свет. Спадзяюся, што буду ў ім яшчэ вельмі доўга.
...Пра любімую жонку, нараджэнне сына і сабаку, які таксама прыходзіць на дапамогу
— Атрымліваецца, свет баскетбола дапамог вам пабудаваць не толькі кар'еру, але і асабістае жыццё. Раскажыце, як гэта адбылося...
— Я пачынаў прафесійна гуляць у Гродне, там жа і вучыўся. Але праз год-два да нас прыйшоў іншы трэнер — Аляксандр Барысаў. Яго камандзе быў неабходны баявы склад, моцныя гульцы для ўдзелу ў еўракубках. У той час я да такіх не адносіўся. Я пераехаў у Мінск, потым перавёўся туды ж ва ўніверсітэт. І, вядома, з задавальненнем гуляў на першынстве ўніверсітэта па баскетболе. Там і пазнаёміліся з маёй цяперашняй жонкай. Яна была фанаткай баскетбола.
— Зараз ваша жонка таксама жыве спортам?
— Не, яна працуе зусім у іншай галіне. Спорт застаўся проста захапленнем. Цяпер Наталля знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску: у чэрвені ў нас народзіцца другі сын.
— Шчыра віншую! Скажыце: напэўна, пастаянныя трэніроўкі не дазваляюць праводзіць з сям'ёй шмат часу? Як атрымліваецца адначасова быць паспяховым гульцом, клапатлівым мужам і добрым бацькам?
— Ведаеце, у Беларусі я праводжу з сям'ёй даволі шмат часу. Вядома, часам прыходзіш дадому, выцягваеш ногі і разумееш, што больш ні на што сіл не засталося. У гэтых выпадках выратоўвае... сабака. Пагуляеш з ім, і ўся стома праходзіць. Яшчэ мне вельмі пашанцавала з жонкай. Яна ў мяне малайчына. Умее самастойна спраўляцца са шматлікімі цяжкасцямі.
— А як прайшло нараджэнне першага дзіцяці? Я ведаю, што вы прысутнічалі пры родах...
— Так, прысутнічаў, і ўсё прайшло нармальна. Памятаю, стаяў у палаце. У халаце, у шапачцы. І тут лекары кажуць: прымай. Прыняў, памылі малога, на руках патрымаў, пару бутэлек шампанскага для каманды купіў... Яшчэ і на трэніроўку паспеў, хоць да яе 60 км ехаць трэба было. Неўзабаве, праўда, пара штрафаў з ДАІ за перавышэнне хуткасці прыйшло. Па пошце. Але гэта ўжо іншая гісторыя...
— Вольны час праводзіце актыўна, або пасля трэніровак сілы толькі на пасіўны адпачынак застаюцца?
— Не, аддаем перавагу актыўнаму адпачынку. Звычайна мы ўтраіх садзімся на веласіпеды, побач сабака. Ад'язджаем кіламетраў на 10... У нас жа і рэкі, азёры. Пінг-понг любім. У кафэ-кіно таксама наведваемся. У госці любім хадзіць. Учора вось сям'ёй на шашлык выбраліся — жонка, сын, тата, мама...
...Пра выбар і галоўную перамогу ў жыцці
— З баскетболам вы звязаны ўжо каля 10 гадоў. Ніколі не было жадання займацца нечым кардынальна іншым?
— Калі я заканчваў універсітэт, ужо быў больш-менш вядомым у беларускім баскетболе. У гэты ж час у мяне была магчымасць працаваць гідам у турыстычнай фірме. Трэба было выбіраць. А тут зборную Беларусі запрасілі на турнір у Егіпет. Але пасля сезона многія хлопцы з асноўнага складу адмовіліся ехаць, узялі чатырох маладых. Таму мне трохі пашанцавала. Але я выступіў нядрэнна, мы занялі другое месца. Атрымліваецца, з гэтага моманту я трапіў на сцежку баскетбола і ўжо нікуды не захацеў з яе сыходзіць.
— І, як я разумею, у бліжэйшы час яе не пакінеце?
— Так, я хачу застацца ў гэтым баскетбольным свеце. Нават калі пайду ў нейкі бізнес, то ўсё роўна застануся, буду прыходзіць на матчы, глядзець гульні па тэлевізары. У ідэале хацелася б прыйсці ў бізнес, звязаны са спортам, і заставацца трэнерам маладога пакалення. Яно сапраўды запатрабаванае, з ім цікава працаваць...
— У вашай скарбонцы велізарная колькасць званняў, узнагарод. А якую перамогу на сёння лічыце самай галоўнай у сваім жыцці?
— Мая галоўная перамога — гэта тое, што ў мяне такая жонка і такое дзіця.
— Гэта значыць, перамогі на спартыўнай пляцоўцы ўсё ж знаходзяцца на другім плане?
— Ведаеце, сям'я, сямейны дабрабыт — гэта самае галоўнае. Так уладкавана ў жыцці. Спорт — гэта кароткая кар'ера. Ты быў заўзятарам, стаў прафесійным спартсменам і — зноў будзеш заўзятарам. Гэта адно імгненне. Калі мы ўпершыню выйгралі ў легендарнага "Жальгірыса", эмоцыі білі праз край. Але яны прайшлі: праз дзень, праз два. Калі выйграў індывідуальны прыз — так, крута-выдатна. Але пачуццё радасці зноў праходзіць. Усё гэта засталося дзесьці ў газетах, на фотаздымках. А з сям'ёй ты будзеш жыць столькі, колькі Бог дасць. Гэта — аснова, гэта галоўнае. Таму гэтыя гады, праведзеныя ў ладзе, у любові да сваіх блізкіх, у сотні разоў даражэйшыя за самыя казачныя спартыўныя перамогі.
Кацярына Дадзеркіна.