Новая хваля
Не так даўно беларуская федэрацыя футбола сумесна з tut.bу запусціла інтэрнэт-трансляцыі матчаў беларускага чэмпіянату. Трэба сказаць, гэта амаль прарыў на ніве спартыўнага вяшчання. Бо калі раней аматары футбола маглі пабачыць у прамым эфіры толькі матчы заключных тураў, то зараз такая магчымасць з'явілася с першых раўндаў. Але "карцінка" — гэта яшчэ паўсправы. Сапраўдным спартыўным рэпартажам звычайная трансляцыя становіцца толькі ў суправаджэнні якаснага каментарыя. "Звязда" вырашыла пазнаёміцца з каментатарамі "новай хвалі", каб даведацца пра асаблівасці работы анлайн, першыя спробы і першыя гузакі, а таксама перспектывы спартыўнага вяшчання ў Беларусі.
Шляхі нашых двух герояў да каментатарскага мікрафона — гэта як гісторыя пра дзве ракі з адным вусцем. Адзін у журналістыцы ўжо некалькі гадоў, другі — толькі робіць свае першыя крокі, для аднаго спартыўны каментарый — звычайная работа, для другога — здзяйсненне мары. Але так ці інакш абодва хлопцы сталі спартыўнымі каментатарамі па запрашэнні вядучых футбольных клубаў Беларусі.
Сяргей Сінкевіч, каментатар БАТЭ:
"Пасля першага эфіру пачуў параду: “Менш статыстыкі!”"
— Я родам з Барысава, таму не дзіўна, што з дзяцінства "хварэю" за БАТЭ. З'яўляюся актыўным заўзятарам клуба, на маім рахунку амаль 100 выездаў на матчы каманды. Але гэта толькі адзін бок майго жыцця. У сваім "іншым жыцці" я — журналіст, сёлета заканчваю інстытут па спецыяльнасці. Некалькі гадоў таму запусціў свой інтэрнэт-праект сhаmр.bу, так што ў спартыўнай журналістыцы я, можна сказаць, не навічок.
— І ўсё ж, як ты стаў клубным каментатарам?
— У клубе ведаюць, што ў мяне ёсць пэўны журналісцкі вопыт, ды і з такім заўзятарскім стажам футбол і асабліва БАТЭ ведаю вельмі добра. Таму, калі мне патэлефанаваў прадстаўнік прэс-службы клуба і фактычна паставіў перад фактам, што мне наканавана каментаваць матч БАТЭ—"Белшына", я не здзівіўся, ды і адмаўляцца не стаў.
— Гэта быў твой першы каментатарскі вопыт?
— Не. Гады два таму я адкаментаваў некалькі матчаў для іtv.bу. Шчыра кажучы, той вопыт мне не спадабаўся. Гэтая работа здалася мне нуднай. У той жа час гэта вельмі адказна, патрабуе шмат часу і сіл.
— Чаму тады пагадзіўся зноў папрацаваць у эфіры?
— Не мог адмовіць роднаму клубу (усміхаецца).
— Як прайшло тваё першае анлайн-уключэнне?
— Вой... матч з "Белшынай" пачаўся з тэхнічных праблем: доўга не маглі наладзіць відэатрансляцыю, запусціліся толькі бліжэй да другога тайма. Вельмі хваляваўся, як перад школьнымі іспытамі. У мяне было падрыхтавана 20 старонак з разнастайнымі звесткамі, і ўсю гэту інфармацыю я вываліў на гледачоў за гадзіну. Атрымалася шмат статыстыкі і мала таго, што бачу і чую. Пасля эфіру мне зрабілі заўвагу і на наступны матч я прыйшоў ужо з дзесяццю старонкамі. Але і пасля гэтай сустрэчы мне сказалі: "Менш інфармацыі!". На апошні матч я ўвогуле вырашыў не шукаць ніякіх фактаў, у мяне быў толькі прэс-кіт, які выдаюць перад гульнёй, дзе ёсць усе неабходныя статыстычныя звесткі і нічога больш. У выніку атрымалася лепшае, на мой погляд, уключэнне.
— Якім бачыш свой каментарый? У якім кірунку хочаш развівацца?
— Адзін з запаветаў спартыўнага каментатара: распавядай цікава, але не перашкаджай глядзець футбол. У той жа час трэба гаварыць пра тое, што нельга пачуць ці ўбачыць. Бо тое, што адбываецца на полі, глядач і так бачыць. Падчас матча ёсць шмат момантаў, якія камера не ўлоўлівае, аднак гэта таксама важна і цікава. Вось такія дэталі каментатар павінен заўважаць і даносіць іх да гледача.
— На тваю думку, наколькі неабходны каментарый у сеціве? Можна ж было проста даць відэа...
— Па-першае, пакуль "карцінка", якую мы прапануем, мякка кажучы, неідэальная. Часта камера не можа перадаць таго, што адбываецца на другім канцы поля: ці там аўт, ці вуглавы... Таму зараз каментатар фактычна замяняе гледачу вочы. Па-другое, я ўжо слаба ўяўляю традыцыйны спартыўны рэпартаж без каментарыя. А калі камусьці ён не падабаецца, заўсёды ёсць магчымасць адключыць гук на флэш-плэеры.
— Ці сутыкаўся ты падчас эфіру з непрадбачанымі сітуацыямі, калі здараліся нейкія замінкі і трэба было хутка шукаць выйсце, ці проста не ведаў, якое слова лепш выкарыстаць?
— З тэхнічнымі непаладкамі мы ўжо сутыкаліся двойчы. Апошні раз, напрыклад, з-за адсутнасці інтэрнэту пачалі трансляцыю толькі з пятнаццатай хвіліны. Такія сітуацыі, безумоўна, выбіваюць з каляіны, цяжка ўцягвацца ў каментаванне, губляецца настрой, у галаве ўсё пераварочваецца. Што датычыцца ўласных памылак... Так, ляпаў хапае. Але гэта ўсё ад адсутнасці вопыту. Бывае, што забываю давесці думку да канца, часцей за ўсё ў сувязі з якім-небудзь эпізодам на полі. І, вядома, ёсць праблемы са слоўнікавым запасам. Ён у мяне не такі ўжо вялікі і магутны, таму часта даводзіцца падбіраць словы, каб правільна выказацца. Гэта, дарэчы, тое, над чым павінен працаваць кожны каментатар.
— Напэўна, даводзілася чытаць водгукі ў інтэрнэце наконт сваіх эфіраў?
— Так. Шчыра кажучы, пасля першага ўключэння, калі прыйшоў дадому, адразу ж палез у інтэрнэт чытаць каментарыі пра матч, бо ведаў, што абавязкова там знайду што-небудзь пра сябе. І тут сутыкнуўся з вельмі жорсткай крытыкай, якая зыходзіла ад аднаго чалавека. Ён нават даслаў мне паведамленне з прэтэнзіямі ў сацыяльнай сетцы, а потым увогуле пачаў пісаць з'едлівыя каментарыі. Трэба сказаць, я вельмі перажываў, бо сітуацыя, як ні круці, непрыемная. Але з часам высветлілася, што гэты крытыкан — мой канкурэнт, які, напэўна, хацеў такім чынам мне насаліць. Так што зараз стараюся заўважаць толькі каментарыі з канструктыўнай крытыкай, з якіх сапраўды можна ўзяць што-небудзь для сябе.
— Як лічыш, гледачы павіны ведаць каментатара "ў твар" праз усемагчымыя набыткі інтэрнэту — "Твітар", "Фэйсбук", блогі — ці лепш захоўваць інкогніта?
— Шчыра кажучы, я для сябе яшчэ не вырашыў. Нават перад рэпартажам яшчэ ні разу не прадставіўся. Раблю так не таму, што забываю, проста не ведаю, трэба гэта заўзятарам ці не. З іншага боку ў Беларусі ўвогуле востра стаіць пытанне пазнавання журналістаў. Калі на Захадзе яны з'яўляюцца сапраўднымі медыяперсонамі, то ў нас гэта нейкія абстрактныя фігуры ў разуменні слухачоў ці чытачоў. Напэўна, гэта ўсё ж не зусім правільна, журналісты, у тым ліку і каментатары, павінны быць сацыяльна актыўнымі асобамі.
— Пасля з'яўлення футбольных інтэрнэт-трансляцый што можа стаць наступным крокам у сферы спартыўнага вяшчання?
— Па-першае, зараз трэба "выціснуць" усё, што магчыма, з таго, што ўжо ёсць. Зрабіць максімальна якасны паказ матча з адной камеры, потым, па магчымасці — з дзвюх, трох... Па-другое, каментатары. Зараз у сваёй большасці гэта непрафесіяналы. Мабыць, яны набяруцца вопыту, а можа, варта шукаць іншыя кадры.
— Дарэчы, на тваю думку, каментатар павінен мець журналісцкую альбо хаця б гуманітарную адукацыю ці неабавязкова?
— Не думаю, што гэта абавязкова. Калі чалавек з іншай спецыяльнасцю робіць гэта добра і якасна, чаму не?! Перш за ўсё каментатар павінен разбірацца ў футболе, ведаць, за што футбалісту даюць жоўтую картку і што будзе, калі яму пакажуць другую. Бо мне даводзілася чуць чалавека, які абсалютна не разбіраецца ў гэтым відзе спорту. Пасля некалькіх секундаў мне стала моташна не толькі ад гэтага каментарыя, але і ўвогуле ад футбола. З боку клуба, які выставіў такога "спецыяліста", гэта было вельмі непрыгожа і непаважліва ў дачыненні да заўзятараў.
Ягор Калеснік, каментатар "Тарпеда" — "БелАЗ":
"Уткін — галоўны "троль" сярод каментатараў"
— Стаць спартыўным каментатарам хацеў, напэўна, з дзяцінства. Памятаю, як зусім маленькім спрабаваў штосьці запісваць на магнітафонную касету. Калі трошкі падрос, стаў займацца футболам, да пятнаццаці гадоў гуляў у салігорскім "Шахцёры". Потым быў адзінаццаты клас, трэба было вырашаць, куды паступаць. Хацеў на журфак, але, шчыра кажучы, пабаяўся, думаў, што не паступлю. Я быў алімпіяднікам па гісторыі, таму самы лёгкі шлях — гістфак. Без праблем паступіў на спецыяльнасць "Менеджар у турызме", правучыўся два гады і зразумеў, што гэта зусім не маё. З тае пары змяніў шмат прафесій, давялося папрацаваць і грузчыкам, і прадаўцом-кансультантам будаўнічых матэрыялаў. А потым паставіў перад сабой мэту — стаць спартыўным журналістам. Вось ажыццяўляю задуманае (усміхаецца).
— Прачытаў аб'яву пра пошук каментатараў і даслаў рэзюмэ?
— Так і было.
— Чым кіраваўся пры выбары футбольнага клуба?
— Зразумела, што трапіць у БАТЭ ці "Дынама" чалавеку без вопыту было б няпроста. Таму выбіраў клубы, так сказаць, папрасцей (усміхаецца). І аддаленасць ад сталіцы адыграла не апошнюю ролю. Ужо некалькі гадоў жыву ў Мінску, таму працаваць для "Нафтана" ці "Дынама-Брэст" было б праблематычна. У выніку адправіў рэзюмэ ў "Тарпеда" і "Шахцёр". З роднага Салігорска адказу не атрымаў, а вось з Жодзіна мне патэлефанавалі і запрасілі паспрабаваць свае сілы.
— Доўга рыхтаваўся да першага эфіру?
— Вельмі доўга. Першы матч, які я каментаваў, быў паміж "Тарпеда" і "Дняпром". Магілёўскі клуб толькі выйшаў з першай лігі, там шмат чаго змянілася, трэба было па макулінках сабраць усю інфармацыю. Безумоўна, хваляваўся, спачатку было шмат замяшанняў, ад гэтага ўсяго пачаў адразу вывальваць усю інфармацыю. Добры каментарый пачаўся тады, калі скончыліся нарыхтоўкі (усміхаецца).
— Часта каментатары працуюць у пары ці нават па трое. Не было страшна аднаму садзіцца за мікрафон?
— Жудасна баяўся! Я ўвогуле ніякавата сябе адчуваю падчас публічных выступаў. Але дарогі назад ужо не было: паабяцаў, не падводзіць жа людзей. У дзень дэбюту мой настрой змяняўся ледзь не кожную гадзіну ад істэрычнага страху да цвёрдай рашучасці. Калі сеў за мікрафон, зразумеў: галоўнае — пачаць, а там ужо штосьці ды будзе. Побач былі калегі па каментатарскай брыгадзе — рэжысёр і аператар, для якіх той матч таксама быў баявым хрышчэннем, так што падтрымлівалі адзін аднаго.
— Як думаеш, у інтэрнэт-каментарыя ёсць свая спецыфіка ў параўнанні з тэлевізійным?
— Не думаю. І там, і там — прамы эфір... Толькі што ў інтэрнэце абмежаванняў менш. Груба кажучы, можна мацюкнуцца — і без сур'ёзных наступстваў. Але гэта не значыць, што так можна рабіць (смяецца)
— Каментатар не павінен даваць сумаваць гледачам. Гэты запавет паставіў бы на першы радок?
— На адзін з першых — дакладна. Прагляд футбольнага матча для большасці — гэта адпачынак. Таму заўзятарам не трэба, каб іх грузілі сур'ёзнай інфармацыяй, лічбамі. Нельга і адкрыта апісваць відавочныя рэчы — пас налева, перадача направа... Трэба падбіраць забаўляльную, цікавую інфармацыю, пабольш жартаваць, няхай і на грані фолу. Такі смелы каментарый абавязкова будзе прывабліваць аўдыторыю.
— З іншага боку, дзе тая мяжа, за якую нельга пераступаць, каб не скаціцца ў абразы, як, напрыклад, не раз ужо бывала з Васілём Уткіным?
— Уткіну ўжо можна гаварыць што заўгодна, хоць алфавіт расказваць у прамым эфіры, яго ўсё роўна будуць слухаць. Тым больш людзі, якія ўвесь час глядзяць футбол, адрозніваюць аднаго каментатара ад іншага, ведаюць, што Уткін, гаворачы інтэрнэт-слэнгам, самы галоўны "троль" сярод спартыўных журналістаў. Ды і многае залежыць ад фармату канала, на якім працуе каментатар. Напрыклад, на НТВ+ такія шпількі на адрас каманды, трэнера — звычайная з'ява. Але скочвацца ў адкрытае хамства, безумоўна, няправільна.
— Увогуле як ацэньваеш ініцыятыву АБФФ весці інтэрнэт-трансляцыі?
— Крута, што яшчэ сказаць! Доўгі час папулярызацыя футбола праз інтэрнэт-трансляцыі ўскладалася непасрэдна на клубы, але ў іх нічога не атрымалася. І тут трэба сказаць дзякуй tut.bу, які стаў тэхнічнай базай для гэтага праекта. Ужо зараз у інтэрнэце нас глядзяць па 100 тысяч чалавек! Усё ідзе да таго, што да наступнага сезона ўжо сфарміруецца асобная медыя-платформа на базе sроrt.tut.bу і АБФФ, а там, праз некаторы час, глядзіш, гэты праект перарасце ў асобны спартыўны канал.
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.