Стакгольмскі рэванш

Источник материала:  

Вікторыя хакеістаў над славенцамі, яшчэ адзін пройгрыш БАТЭ і мінскі фінал гандбольнага СКА. Апошнія спартыўныя навіны краіны чытаем у чарговым аглядзе "Звязды".

1. Зборная Беларусі стартавала на чэмпіянаце свету па хакеі, які сёлета прымае Стакгольм і Хельсінкі. У Скандынавіі падапечныя Андрэя Скабелкі правялі ўжо два паядынкі. Зразумела, ставіць адзнаку нават прамежкаваму выступленню беларусаў пакуль зарана, але ўжо ёсць пэўныя падставы для аптымізму. У дэбютным матчы нашым суайчыннікам супрацьстаяла Чэхія, апанент, што казаць, моцны, вядомы. Прэтэндаваць на выніковую вікторыю ў матчы з камандай Алоіза Гадамчыка было складана, а таму паражэнне 0:2 успрымаецца з разуменнем. Затое ў наступнай сустрэчы беларусы сапраўды парадавалі — перамаглі даволі непадатлівую каманду Славеніі (4:3). Іскрынка гульні была і ў тым, што славенцы — гэта тая зборная, якая перакрыла Беларусі шлях на Алімпійскія гульні ў Сочы. Мяркую, жаданне рэваншу рухала хлопцамі, прымушала па-спартыўнаму біцца на лядовай пляцоўцы, што і было адлюстравана ў лічбах выніковага пратакола. У панядзелак вечарам беларусы сустрэліся са шведамі. Матч завяршыўся позна вечарам, а таму падрабязнасці гульні чытайце ў бліжэйшым нумары "Звязды". Акрамя таго, у папярэднім турніры (група "S") Беларусі неабходна правесці яшчэ некалькі матчаў: з Канадай (10 мая), супраць Нарвегіі (11 мая), з Даніяй (13 мая), а таксама са Швейцарыяй (14 мая).

2. На мінулым тыдні адбылося лёсаванне фінальных гульняў гандбольнага Кубка выкліку, у якім сталічны СКА сустрэнецца з люксембургскім "Эшам". Кіраўніцтва клубаў здолела дамовіцца аб тым, што першы матч адбудзецца ў Люксембургу (18 мая), а матч у адказ павінен прайсці на "Мінск-Арэне" 26 мая.

3. Андрэй Краўчанка перамог у міжнародных спаборніцтвах па дзесяцібор'і. У Фларэнцыі наш Андрэй прадэманстраваў найлепшы вынік сезона! У скарбонцы Краўчанкі 8390 балаў. Сярод галоўных дасягненняў Андрэя Краўчанкі — сярэбраны медаль у дзесяцібор'і Алімпійскіх гульняў у Пекіне (2008) і золата ў сямібор'і сусветнага першынства па лёгкай атлетыцы.

4. 7-ы тур першынства краіны па футболе падарыў балельшчыкам яшчэ адну сенсацыю. Барысаўскі БАТЭ ў Магілёве нечакана саступіў тамтэйшаму "Дняпру" (1:2). Няўдачай чэмпіёнаў скарыстаўся салігорскі "Шахцёр", які дома разграміў "Белшыну" — 3:0. Мінскае "Дынама" ў гасцях перамагло жодзінскае "Тарпеда" (3:2), ФК "Мінск" не пакінуў шанцаў на поспех брэсцкім "дынамаўцам" (2:0), а "Гомель" быў лепшы за мазырскую "Славію" (2:1). Адзіную нічыю (0:0) суддзя зафіксаваў у паядынку паміж наваполацкім "Нафтанам" і гродзенскім "Нёманам". На першым месцы пакуль ідуць салігорскія "гарнякі", на другім — БАТЭ. Замыкае турнірную табліцу "Славія".

Тарас ШЧЫРЫ

←НХЛ. Кубок Стэнли. 1/8 финала. «Рейнджерс» принимает «Вашингтон», «Детройт» – «Анахайм» и другие матчи

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика