Фігурыст Павел ІГНАЦЕНКА: "Хачу пачуць гімн роднай краіны, стоячы на п'едэстале!"

Источник материала:  

Дзіўна, але, нягледзячы на моцную савецкую школу фігурнага катання, у Беларусі з гэтым відам спорту, мякка кажучы, праблемы. З часоў Сяргея Давыдава і Юліі Салдатавай на лепшых лядовых пляцоўках свету рэдка можна пачуць прозвішча беларускіх спартсменаў. Але, калі ёсць надзея, ёсць і будучыня. У мужчынскім адзіночным катанні такія надзеі звязваюцца з 19-гадовым фігурыстам Паўлам ІГНАЦЕНКАМ. Карэспандэнт "Звязды" пагутарыла з атлетам, каб даведацца пра непрыемныя прыгоды з канадскім пасольствам, пра тое, колькі грошай траціцца на спартыўную амуніцыю і дзе можна злавіць самую хуткую рыбу — ваху.

"Няўседлівы" фігурыст

— Як адбылася твая сустрэча з фігурным катаннем?

— Цяпер я разумею, што гэтага ўвогуле магло б і не быць. Я нарадзіўся ў Магілёве, але мая сям'я пераехала ў Санкт-Пецярбург. Аднойчы з бацькамі пайшлі на паказальныя выступленні фігурыстаў. Мяне вельмі захапіла тое, што адбывалася на лёдзе, і я ўсё шоу прагледзеў стоячы. А мне было ўсяго чатыры з паловай гады... Стаў упрошваць бацькоў аддаць мяне ў секцыю фігурнага катання. Праз паўгода ныцця бацькі здаліся (смяецца). Мама адвяла мяне на самую блізкую да дома лядовую пляцоўку. Гэта быў невялікі крыты каток "Крышталь". Спачатку мяне не хацелі браць, таму што групы былі перапоўнены, ды яшчэ і сказалі, што ўжо позна: у фігурнае катанне дзяцей аддаюць у 3-4 гады, а мне ўжо было пяць. Але адзін харэограф усё ж вырашыла займацца са мной індывідуальна.

Фігурыст Павел ІГНАЦЕНКА: "Хачу пачуць гімн роднай краіны, стоячы на п'едэстале!"— Памятаеш сваю першую трэніроўку?

— Так. Мне адразу ж захацелася паехаць хутка і прыгожа, але трэнеры прымушалі выконваць прымітыўныя практыкаванні — "ліхтарыкі" і "ёлачкі". Праўда, у апошнія хвіліны заняткаў нам дазвалялі проста катацца, хто як хоча. Так што на трэніроўкі я хадзіў з радасцю.

— Чаму ты выбраў "адзіночку? Не было жадання паспрабаваць сябе ў парных выступленнях?

— Як правіла, да 12 гадоў усіх дзяцей трэніруюць аднолькава. Падчас работы са спартсменам трэнеру становіцца зразумела, у якім відзе фігурнага катання ў падапечнага больш шанцаў чаго-небудзь дасягнуць. Калі высокі скачок і добрае вярчэнне, то гэта, хутчэй за ўсё, адзіночнае катанне ці спартыўныя пары. Калі на першы план выходзяць прыгожае слізганне і добрая пластыка, гэта танцы на лёдзе. Нягледзячы на тое, што мяне часам запрашаюць у пары і танцы на лёдзе, трэнеры лічаць, што перш за ўсё мне ёсць куды прагрэсаваць у адзіночным катанні. Так што змяняць свой профіль пакуль не збіраюся.

"Перспектыўных фігурыстаў трэба падтрымліваць!"

— На тваю думку, як выглядае фігурнае катанне ў Беларусі сёння: яно ў заняпадзе ці, наадварот, у зачаткавым стане?

— Кожны павінен займацца сваёй справай. Зараз удасканальваю сваё майстэрства як фігурыста, а ацэнку фігурнаму катанню няхай даюць спецыялісты. Скажу толькі, што хацелася б, каб больш увагі надавалася выяўленню таленавітых дзяцей, а перспектыўным спартсменам аказвалася падтрымка.

— Раскажы, калі ласка, з якімі спецыялістамі ты зараз працуеш?

— Трэніруюся ў маскоўскай школе фігурнага катання ЦСКА ў Марыны Сяліцкай. Многія яе падапечныя мелі ў арсенале "чацвярныя" скачкі, а гэта найлепш характарызуе трэнера як спецыяліста. Займаюся на адным лёдзе з вучнямі галоўнага трэнера ЦСКА Алены Буянавай (Вадарэзавай) і старшага трэнера Святланы Сакалоўскай. Гэта вельмі гучныя прозвішчы ў нашым відзе спорту.

— Графік трэніровак шчыльны?

— Вельмі. Кожны дзень па дзве трэніроўкі на лёдзе, дадаткова заняткі па харэаграфіі і фізічнай падрыхтоўцы. І ўсяго толькі адзін выхадны.

— Які этап падрыхтоўкі нумара табе падабаецца больш за ўсё?

— Фігурнае катанне — такі від спорту, у якім важны кожны складнік: і тэхніка, і артыстызм, і фізічная падрыхтоўка, і харэаграфія. На ўсё гэта ідзе шмат часу і сіл. Але больш за ўсё мне падабаецца "выкатваць" ужо падрыхтаваную праграму пад музыку непасрэдна перад спаборніцтвамі.

Фігурыст Павел ІГНАЦЕНКА: "Хачу пачуць гімн роднай краіны, стоячы на п'едэстале!"  Любімы фільм "Дваццаць адно" Роберта Лукеціча

Любімая кніга"Гары Потэр"

Любімы напрамак у музыцы — Танцавальная, сlub hоusе, trаnсе

Любімы музычны гуртБрытанская група Hurts

Любімы колер Сіні

Любімая пара годаЛета

Любімая страва і напойЛазання і свежавыціснуты сок

Якія жывёліны падабаюцца?Сабакі

Жывапіс ці тэатр? Тэатр

Ролікавыя канькі ці веласіпед?Веласіпед

Паход на каноэ ці дайвінг?Каноэ

Назаві адну сваю фобіюБаюся змей

Апішы шчасце адным сказам Пачуць гімн сваёй краіны на п'едэстале

      Пра другі шанц трапіць у Сочы

— Давай успомнім леташні чэмпіянат свету сярод юніёраў, які праходзіў у Мінску. Чаму тады не ўдалося выступіць у поўную сілу?

— Чэмпіянат быў арганізаваны па вышэйшым разрадзе. "Мінск-Арэна" ўразіла маштабамі. За месяц да першынства я толькі пачаў працаваць з Марынай Сяліцкай. А пераход да новага трэнера часта вядзе за сабой змяненні ў тэхніцы, што са мной і здарылася: знікла стабільнасць. І калі ў кваліфікацыі са скачкамі ўсё было нядрэнна — я заняў 9-е месца з 25 удзельнікаў — то ў кароткай праграме выступіў няўдала. Пагнаўся за акселем у тры з паловай абароту, які добра атрымліваўся на размінцы, дапусціў на ім памылку і сарваў астатнія скачкі. Вось у выніку і заняў толькі трыццатае месца. Але расцэньваю гэта як вопыт.

— У канцы студзеня на чэмпіянаце Еўропы ты заняў 13-е месца. Як ацэньваеш гэты вынік?

— Гэта быў мой дэбют на дарослых спаборніцтвах. Вельмі пачэсна і прыемна было трэніравацца і выступаць на адным лёдзе з прызнанымі "зоркамі" фігурнага катання — Яўгенам Плюшчанкам, Браянам Жуберам, Хаўерам Фернандасам, Фларанам Амодзія. Маёй задачай было проста трапіць у лік 24 найлепшых удзельнікаў. Але атрымалася заняць даволі высокае 13-е месца. Гэты вынік дазволіў стаць адабраным на дарослы чэмпіянат свету ў Канадзе. Дарэчы, пасля еўрапейскага першынства на мяне ўрэшце звярнулі ўвагу ў роднай Беларусі. Нам пакрылі выдаткі па наступным старце. Раней я не адчуваў такой падтрымкі.

— Пра якія сумы ідзе гаворка?

— Пра вельмі сур'ёзныя, паверце (усміхаецца). Ёсць выдаткі, якія неабходны адзін раз на сезон — боты з лёзамі (прасцей, канькі), гэта 900 долараў, касцюмы на дзве праграмы — ад 500 долараў. Але больш за ўсё грошай ідзе на спаборніцтвах. Авіябілеты абыходзяцца ад 300 да 600 долараў, гасцініцы — каля 700 долараў. Дадаць сюды харчаванне, спартыўную медыцыну, зборы, неабходныя майстар-класы — і ўлятаем у капеечку.

— Што за візавыя праблемы не дазволілі табе выступіць на вышэйзгаданым чэмпіянаце свету ў Канадзе?

— У Канаду трапіць, напэўна, было не наканавана. Па невядомых прычынах працэдура выдачы віз неверагодна зацягнулася. На жаль, пасольствы сваіх рашэнняў не тлумачаць. Дакументы былі пададзены, як толькі стала зразумела, што я дапушчаны да чэмпіянату свету. Але пашпарты с візамі нам з трэнерам аддалі ў дзень, калі я павінен быў ужо катаць кароткую праграму. Апошні "рэальны" самалёт да Канады паляцеў за дзве гадзіны да таго, як нам вярнулі дакументы. Вы б ведалі, як крыўдна было бачыць сваё імя да апошняга ў спісе ўдзельнікаў. Яшчэ больш крыўдна, калі разумееш, што гэта быў рэальны шанц атрымаць ліцэнзію на Алімпіяду ў Сочы, бо я быў вельмі добра падрыхтаваны. Добра, што ў верасні ў Германіі пройдзе яшчэ адзін турнір, дзе разгорнецца барацьба за шэсць пуцёвак у Сочы. Паспрабую скарыстацца гэтай магчымасцю.

Калі і смешна, і крыўдна...

— Як ты ставішся да папулярызацыі фігурнага катання праз усемагчымыя лядовыя шоу?

— Яны патрэбны для развіцця фігурнага катання. Але такія прадстаўленні павінны быць вельмі яркімі і цікавымі, каб гледачу захацелася яшчэ раз яго убачыць, а яшчэ лепш — самому надзець канькі і паспрабаваць зрабіць нешта на лёдзе. Калі такога эфекту няма, значыць, гэта няякаснае лядовае шоу.

— Гэта датычыцца і тэлевізійных шоу кшталту "Зорак на лёдзе"?

— Безумоўна. Але, ведаеце, смешна становіцца, калі чуеш каментары, што "зоркі" за такі кароткі тэрмін навучыліся добра катацца і ім ледзь не пара на Алімпіяду. З-за такіх вось меркаванняў існуе распаўсюджаная думка, што мы, прафесійныя спартсмены, незразумела чым займаемся на трэніроўках, прасцей кажучы, марнуем час. Гэта і смешна, і крыўдна адначасова.

— Раскажы пра самае запамінальнае прадстаўленне, якое давялося паглядзець.

— Незабыўныя ўражанні засталіся ад паказальных выступленняў у Мінску пасля юніёрскага чэмпіянату свету. Я ўпершыню быў не гледачом, а ўдзельнікам. На "Мінск-Арэне" тады сабралася больш за 17 тысяч гледачоў! Гэта не магло не застацца ў памяці.

— Хто быў тваім кумірам, калі ты рос і фарміраваўся як спартсмен? І чыімі дасягненнямі ты захапляешся дагэтуль?

— Калі я катаўся ў школе А.А. Чайкоўскай, маім кумірам быў беларускі фігурыст Сяргей Давыдаў, які трэніраваўся там жа. Перад вачыма быў прыклад вопытнага калегі, таму мне вельмі хацелася навучыцца катацца, як Давыдаў. Пасталеўшы, стаў захапляцца выступленнямі Аляксея Ягудзіна, Браяна Жубера, Патрыка Чана.

— Ці даводзілася табе чуць кпіны ад прыяцеляў наконт таго, што ты займаешся "жаноцкім" відам спорту?

— Ніколі! Я пачынаў свой спартыўны шлях у Санкт-Пецярбургу, а гэта калыска савецкага фігурнага катання, і там з павагай ставяцца да ўсіх яго відаў. Пераезд маёй сям'і ў Маскву супаў з фантастычным саперніцтвам Ягудзіна і Плюшчанкі, так што мужчынскае фігурнае катанне ў той час было вельмі папулярным. Калі я выходзіў на дваровы лёд, усе толькі і прасілі паказаць вярчэнні ці скачкі, каб паспрабаваць паўтарыць тое ж самае.

Дыджэй... па волі выпадку

— Калі меркаваць па фотаздымках на тваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак, ты — ахвотнік парыбачыць...

— Не скажу, што захапляюся рыбалкай, але, калі выпадае такая магчымасць... Мой самы запамінальны ўлоў — велізарная рыба ваху, якая лічыцца адной з самых хуткіх. Гэта было на Індыйскім акіяне.

— Чым яшчэ любіш займацца ў вольны час?

— Маё самае сур'ёзнае захапленне — гэта музыка. У плане не толькі слухаць, але і нешта рабіць самому. Яшчэ ў дзяцінстве навучыўся рэдагаваць, наразаць і кампанаваць музыкальныя кампазіцыі. У фігурным катанні музыка займае важнае месца, таму я часта бываю карысным сваім калегам, трэнерам і, вядома ж, сабе самому. Ужо не раз дапамагаў рабіць музычныя праграмы многім спартсменам, якія выступаюць на сусветных і еўрапейскіх першынствах. Падабаецца зводзіць трэкі на дыджэйскай апаратуры. Дарэчы, мне даводзілася замяняць дыджэяў на адпачынку і зборах. Так што стараюся развівацца і ў гэтым напрамку. Яшчэ люблю хадзіць з сябрамі ў кіно, боўлінг ці на картынг.

— З кім з фігурыстаў падтрымліваеш сяброўскія адносіны?

— Сярод калег у мяне шмат сяброў. З кожным новым турнірам іх колькасць павялічваецца (усміхаецца). Жыву і трэніруюся ў Маскве, таму з расійскімі фігурыстамі ў мяне больш шчыльныя стасункі. Сябрую з Адэлінай Сотнікавай, Максімам Коўтанам, Іванам Букіным і многімі-многімі іншымі.

— Часта бываеш на Радзіме, як падтрымліваеш сувязі?

— Часта прыязджаю на спаборніцтвы, на сямейныя святы. А яшчэ ў мяне ёсць традыцыя: ужо некалькі гадоў 31 снежня хаджу на Калядны канцэрт сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава ў Белдзяржфілармонію.

— Ты жывеш і трэніруешся ў Маскве, працуеш з расійскімі спецыялістамі, а з беларускім спартыўным кіраўніцтвам не заўсёды ўсё гладка... Не думаў змяніць грамадзянства і выступаць за Расію?

— Абсалютна не! Я нарадзіўся ў Беларусі, як і мае бацькі, тут жывуць нашы шматлікія сваякі. Трэніравацца можна дзе заўгодна, але выступаць я хачу за родную Беларусь.

Дарына Запольская.

←В Могилеве стартовал турнир по прыжкам на батуте на призы Татьяны Петрени

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика