Поле тарпедаўскіх надзей

Источник материала:  

Мінулі ўжо два туры першынства краіны па футболе, але галоўная праблема пакуль застаецца нявырашанай. У нас не хапае якасных натуральных пляцовак, якія зараз могуць прымаць футбольныя матчы. Безумоўна, ніхто не чакаў такога буйнога снежнага нашэсця ў сакавіку, аднак некалькі стадыёнаў з падагрэвам на ўсю рэспубліку — гэта таксама нонсэнс. А таму і даводзіцца камандам гуляць на штучных палях, вакол якіх узвышаюцца зусім маленькія трыбункі. Усё гэта месцы для трэніровак, а не для тых паядынкаў, якія так доўга чакалі балельшчыкі. Праўда, і сярод нашых клубаў ёсць перадавікі, што не зважаюць на клімат, снег, фінансавыя затраты, і адважна рыхтуюць арэны да матчаў. Гэта найперш тычыцца гродзенскага спарткомплекса "Нёман" і жодзінскага стадыёна "Тарпеда", на якім у маі адбудзецца фінал Кубка краіны па футболе. Менавіта пра яго і пойдзе гаворка ў гэтым артыкуле.

Калі на большасці палёў яшчэ ляжалі сумёты, у беларускім аўтаградзе ўжо актыўна прыбіралі наступствы "Хаўера". Нагода была важная — у Жодзіне мусіла адбыцца гульня паміж моладзевымі зборнымі Беларусі і Ісландыі.

Поле тарпедаўскіх надзейНекалькі гадоў таму мясцовую рэканструкцыю стадыёна можна было лічыць праблемнай. Будаўнічыя краны штораз мулялі вока балельшчыкам. Праўда, будоўлю завяршылі хутка, а на месцы старой трыбуны паўстала новая. З адмысловым дахам, прэс-цэнтрам і трэнажорнай залай. Цяпер "Тарпеда" можа адначасова змясціць 6,5 тысячы гледачоў. Але не гэта з'яўляецца мясцовай славутасцю. Усе хорам адзначаюць добрую якасць мясцовага газона. Пра гонар жодзінскай арэны нам і распавёў Яўген ГОРЫД, дырэктар тамтэйшага стадыёна.

— Яўген Тадэвушавіч, сёлета вашаму аб'екту давялося прымаць ужо і матч зборнай, і хатні паядынак БАТЭ, і, зразумела, гульню роднага "Тарпеда". Лічу, што для нашай рэчаіснасці гэта задорага. Якая была рэакцыя ў вас і ў кіраўніцтва БелАЗа, уласніка спартыўнага аб'екта?

— Наколькі ведаю, кіраўніцтва завода сыходзіла з таго пункту гледжання, што футбольнае поле менавіта і існуе дзеля таго, каб на ім гулялі. Тым больш першым матчам для нас стала супрацьстаянне Беларусі і Ісландыі. Прымаць такі матч таксама прэстыжна.

— Дарэчы, як у вас атрымалася ў такое надвор'е падрыхтаваць добры газон?

— Поле пачалі рыхтаваць на будучы сезон яшчэ з дня завяршэння мінулага чэмпіянату. Яно рыхтуецца не за дзень і нават не за месяц. Найперш поле павінна пайсці "зімаваць" у нармальным стане. У нас гэта атрымалася зрабіць якасна, у чым заслуга і кваліфікаванага персаналу, які працуе непасрэдна з полем. Мы загадзя ведалі каляндар на новы сезон, перыяд уключэння падагрэву. Аднак нечакана ўмяшаўся "Хаўер". Падчас гэтай непагадзі на поле працаваў не толькі калектыў стадыёна, але і БелАЗа. Думаю, разам мы справіліся. Поле да двух матчаў было падрыхтавана на даволі высокім узроўні.

— У інтэрнэт-каментарыях жодзінскіх заўзятараў адчувалася боязь, што частыя гульні на пачатку вясны могуць прывесці газон у непрыдатны стан.

— Мы прыкладаем усе намаганні, каб гэтага не здарылася, поле захавалася і было ў ідэальным стане.

— Бачыў на вашай арэне агромністыя металічныя канструкцыі, вельмі падобныя на асвятляльныя мачты. Чытаў, мачты ўсталяваць збіраюцца дзесьці восенню.

— Восень — канчатковы тэрмін устаноўкі асвятляльных мачт. Думаю, калі зробім гэта раней, усе будуць задаволеныя і ўсцешаныя.

Дарэчы, пасля гульні БАТЭ — "Дынама" да нас падыходзілі прадстаўнікі федэрацыі, клубаў, дзякавалі, што выручылі іх і правялі гэтую сустрэчу на натуральным полі.

— Яўген Тадэвушавіч, ці праўда, што БАТЭ на гэты матч арандавала стадыён за 150 мільёнаў рублёў?

Поле тарпедаўскіх надзей— Дакладна не магу сказаць, бо кожны матч ацэньваецца ў залежнасці ад умоў надвор'я, выдаткаў і іншых крытэрыяў. Усё па-рознаму.

Цікава, што пытанне "кватаравання" БАТЭ на жодзінскім "Тарпеда" і зараз застаецца актуальным. Апошні раз барысаўчане доўга гулялі ў Жодзіне у 1997 годзе, калі ў горадзе над Бярэзінай адбудоўвалі гарадскі стадыён. Як стала вядома, каманда Віктара Ганчарэнкі правядзе ў суседзяў яшчэ тры бліжэйшых хатнія гульні. Прычына — на полі ў Барысаве ўсталёўваюць падагрэў. Вось тут і ўзнікае пытанне, у якім стане поле "Тарпеда" будзе ў маі, напярэдадні кубкавага фіналу, калі на ім ужо зараз кожны тыдзень праводзяць афіцыйныя гульні?

Тарас ШЧЫРЫ.

Фота аўтара

←Чудеса еще случаются

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика