Дэрбі ў фінале

Источник материала:  

Вызначыліся каманды, якія аспрэчаць права стаць уладальнікам Кубка Беларусі па футболе. У апошнюю стадыю турніру прабіліся "Мінск" і "Дынама" — дзве сталічныя дружыны.

Але дэрбі магло і не быць. "Мінску" ў паўфінале супрацьстаяла "Тарпеда" з Жодзіна, каманда, якая таксама паставіла задачу заваяваць трафей. Пра гэта сведчыла і добрая колькасць балельшчыкаў з Жодзіна на трыбунах стадыёна ў мінскай Вяснянцы. Заўзятары былі ўпэўнены ў выніковай вікторыі "чорна-белых". Між іншым, каманды сустракаліся ў першым туры чэмпіянату краіны, які пачаўся ў выхадныя. Матч тады завяршыўся нічыёй, аднак запомніўся чырвонай карткай мінчаніну Мікіту Букаткіну і цяжкай траўмай польскага легіянера сталічных Паўла Вайцэхоўскага, якую той атрымаў, сутыкнуўшыся з тарпедаўцам Анры Хагушам. А гэта, між іншым, "залатыя ногі" каманды, футбаліст, з якім звязвалі ўсе надзеі ў атацы "Мінска". Сведкі кажуць, што сутыкненне было гульнявое, звычайнае, і ніякіх заўваг у свой адрас Хагуш не заслугоўвае. "Мінск" пайшоў далей і "накатаў" на суровага абхаза заяву ў дысцыплінарны камітэт футбольнай федэрацыі. Крыху дзіўна, бо ў Еўропе на такое і брывом не варухнулі б, але, калі ўспомніць вядомае выказванне, для перамогі ўсе сродкі добрыя. Праўда, прашэнне "Мінска" чыноўнікі ад футбола адхілілі, але гэтым учынкам "сталічныя" яшчэ больш падлілі алею ў агонь паўфінальнага супрацьстаяння.

Дэрбі ў фінале

На полі сапраўды было горача. Суддзя шмат свісцеў, футбалісты шмат размаўлялі, не сунімаліся на броўцы і трэнеры, для якіх перайграць адзін аднаго было справай гонару. І не скажаш, што Вадзім Скрыпчанка перахітрыў Ігара Крывушэнку, свайго візаві. Не, гульня сапраўды была падобнай на той сумны спектакль, дзе ружжо абавязкова павінна стрэліць у фінале. І яно стрэліла на перадапошняй дабаўленай хвіліне, калі Андрэй Разін трапным ударам раптоўна развеяў усе мары жодзінцаў. Пасля гульні Ігар Крывушэнка выглядаў напружаным, узбуджаным. Відавочна, ён быў незадаволены і вынікам, і той шуміхай, дэталі якой актыўна абмяркоўвалі ў друку. Звычайна даволі сціплы Ігар Мікалаевіч не вытрымаў:

— Перад матчам "Мінск" "раздзьмуў" істэрыю наконт Хагуша, падаў зварот у дысцыплінарны камітэт. Думаю, мы гэта таксама зробім. Анры атрымаў сур'ёзную траўму пасля таго, як футбалісты "Мінска" пачалі лавіць яго на полі. На дабро трэба адказваць дабром.

А вось Вадзім Скрыпчанка карэспандэнту "Звязды", наадварот, прызнаўся, што мэты адпомсціць "Тарпеда" за траўму Вайцэхоўскага ў каманды не было.

Дэрбі ў фінале

— Траўма пакінула непрыемны асадак. Тым не менш, мы не акцэнтавалі ўвагу на тым, каб адпомсціць саперніку. Мяркую, калі ў нас з "Тарпеда" будуць атрымлівацца падобныя гульні, у якіх відаць байцоўскія якасці футбалістаў, яны толькі павысяць інтарэс у гледачоў.

З герояў інцыдэнту на гульні прысутнічаў толькі нападаючы "Мінска". Павел стаяў у фае футбольнага манежа, трымаючыся за мыліцы, усміхаўся, з кімсьці дзяліўся ўражаннямі.

— Гэтая тэма мяне не цікавіць, — ад пытання пра сутыкненне з Хагушам ён літаральна зморшчыўся.

— Але ты ведаеш, што ён таксама атрымаў пашкоджанне? "Тарпеда" падае пратэст.

— Сур'ёзна? — на твары паляка ад здзіўлення з'явілася ўсмешка. — Няхай падаюць. Пабачым, што будзе.

— Анры зараз знаходзіцца на абследаванні ў Італіі, — тлумачыць сітуацыю Міхаіл Хлус, дырэктар "Тарпеда". — У яго пашкоджаны крыжападобныя звязкі і меніск. Там і будуць вырашаць, ці неабходна яму аперацыя. Што тычыцца пратэсту, мы, магчыма, яго падаваць і не будзем. Як кажуць, пасля бойкі кулакамі не махаюць. Мабыць, для азнаямлення змесцім у сеціве відэанарэзку, каб усе ўбачылі, як "Мінск" гуляў супраць Хагуша.

Вось такі супярэчлівы фінал дзвюх гульняў паміж "Мінскам" і "Тарпеда". Але нешта падказвае, што працягу быць. І гульні паміж гэтымі клубамі сёлета стануць прынцыповымі.

***

У другім паўфінальным матчы ўсё было прасцей. Мінска- му "Дынама" спрабаваў уставіць палкі ў колы яшчэ адзін сталічны клуб — СКВІЧ. Каманда з дзіўнай абрэвіятурай гуляе ў першай лізе, мае праблемы з фінансаваннем і яшчэ нядаўна трэніравалася на пляцоўцы, па якой падчас заняткаў рухаліся людзі, што праходзілі міма. Цікава, толькі букет пытанняў не перашкодзіў маладым хлопцам, частка якіх паралельна працуе, выбіць з барацьбы за кубак брэсцкае "Дынама". Яны адразу сталі ў інтэрнэце спартыўнымі шоуменамі, раздавалі інтэрв'ю і з рамантыкай у вачах казалі: маўляў, Бог дапаможа і "Дынама" пераможам. Аднак казка шчыра адданых не грошам, а футболу, гульцоў скончылася хутка. Пад шматлікімі атакамі-наскокамі футбалістаў Алега Пратасава іх мара "задыхалася, стагнала і памерла" напрыканцы першай паловы пасля двух галоў "блакітна-белых". "Дынама" яшчэ тройчы пакрыўдзіла галкіпера "чырвоных". Адзін з трапных удараў належыць і Дзмітрыю Сычову, які адсвяткаваў свой першы галявы ўдар на беларускай зямлі.

Тарас ШЧЫРЫ. Фота аўтара

←Стать Мирным

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика