Пачынаем з паражэння
Моладзевая зборная Беларусі па футболе саступіла аднагодкам з Ісландыі ў першым матчы адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы-2015.
Ужо мінуў той час, калі шэраг нацыянальных зборных невялічкіх еўрапейскіх краін называлі сапраўднымі футбольнымі карлікамі. Так, у сваіх геаграфічных межах яны застаюцца малымі дзяржавамі, але добра гуляць у футбол у Еўропе навучыліся паўсюль. Вось і ў моладзевай зборнай Ісландыі ёсць футбалісты, якія выступаюць за юнацкія каманды італьянскага "Ювентуса", галандскага ПСВ "Эйндховена", дацкія і нарвежскія клубы.
Між іншым, беларусаў гэтыя маладыя вікінгі ў Жодзіне перамагалі ўпэўнена, з розніцай у два мячы. Праўда, дзякуючы трапнаму ўдару з пенальці Дзяніса Кавалеўскага ўзнікла надзея хаця б на нічыю, але паўночныя здолелі захаваць патрэбны для сябе лік — 1:2. Акрамя ісландцаў, беларусам за права ўдзельнічаць на кантынентальным першынстве ў 10-й групе будуць супрацьстаяць зборныя Арменіі, Францыі і Казахстана.
Нагадаем, што літаральна на днях галоўная зборная краіны пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева правяла два таварыскія матчы. Спачатку ў Амане беларусы саступілі Іарданіі — 0:1, а пасля ў катарскай Досе перайгралі канадцаў — 2:0. Трапнымі ўдарамі ў гэтай сустрэчы вызначыліся Віталь Радзівонаў і Уладзімір Хвашчынскі.
Тарас ШЧЫРЫ