СПОРТ ТАЙМ
Кантынентальны чэмпіянат па грэка-рымскай барацьбе, які праходзіў у Тбілісі, стаў пераможным для нашага барца Элбека Тажыева.
У вагавай катэгорыі да 55 кг Тажыеў у фінальнай схватцы перамог азербайджанца Элхіна Аліева і заваяваў залаты медаль (0:1, 1:0, 4:0). Дагэтуль ураджэнец Узбекістана, які пераехаў у Беларусь на сталае жыхарства ў 2006 годзе, заваёўваў серабро на чэмпіянаце свету ў Стамбуле (2011) і бронзу чэмпіянату Еўропы ў Дортмундзе (2011).
"Цмокі" зноў на вышыні!На мінулых выхадных адразу дзве беларускія гульнявыя каманды прадэманстравалі добрыя вынікі ў міжнародных спаборніцтвах.
Баскетбол. Завяршэнне чарговых спаборніцтваў у Адзінай лізе ВТБ вызначылася цудоўным ператварэннем мінскіх "Цмокаў". Каманда, якая добрую частку турнірнай дыстанцыі цягнулася ў хвасце турнірнай табліцы, напрыканцы нечакана для апанентаў адрадзілася, прымусіла занепакоіцца. Зусім нядаўна хлопцы Андрэя Крываноса дасягнулі гістарычнай вікторыі — перайгралі літоўскі "Жальгірыс", а цяпер пакінулі з носам чэшскі "Німбурк" — 71:63. Але прыемны ў гэтым выніку не толькі смак перамогі: галоўнае, што беларусы абышлі ў пэўных паказчыках клайпедскі "Няптунас", пазбеглі непрыемнай кваліфікацыі і захавалі прапіску ў Адзінай лізе ВТБ і на наступны сезон! А гэта значыць, што беларускія аматары аранжавага мяча зноў убачаць на мінскім паркеце зорак еўрапейскага баскетбола. "Гэта заслужаная перамога, — прызнаўся пасля паядынку задаволены Андрэй Крыванос. — І мы заслужана засталіся ў Адзінай Лізе ВТБ".
Гандбол. Мінскі СКА Спартака Мірановіча перамагае на еўрапейскай арэне. Падобнае сцвярджэнне было актуальна ў савецкіх 80-х, а зараз... Цяпер каманда зноў усцешвае сваіх прыхільнікаў прыгожым гандболам і добрым вынікам. У чвэрцьфінале розыгрыша Кубка выкліку мінчане двойчы перамаглі сербскі клуб "Крагуевац" — 42:29, 43:27, прайшлі ў наступную стадыю турніру. У паўфінале армейцы сустрэнуцца з нарвежскім "Рунарам". Другі фіналіст вызначыцца ў пары "Сучава" (Румынія) — "Эш" (Люксембург).
Шкада, але пакінула розыгрыш еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў мінскае "Дынама". Падапечныя Сяргея Бябешкі ў 1/8 фіналу двойчы прайгралі македонскаму "Металургу" (23:26, 22:24) і пакінулі спаборніцтвы.
Тарас ШЧЫРЫ