Бэкхэм — самы багаты
Вакол мяча
Ветэран сусветнага футбола, а таксама і фэшн-індустрыі, Дэвід Бэкхэм зноў узначаліў спіс 50 самых багатых гульцоў у свеце. Багацце англічаніна ацэньваецца ў 175 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, што амаль на 50 мільёнаў больш, чым у чатырохразовага ўладальніка "Залатога мяча" Ліянэля Месі.
У пачатку кожнага года розныя спартыўныя выданні праводзяць рэвізію самых багатых футбалістаў свету. На гэты раз пераможцам стаў англічанін Дэвід Бэкхэм, які падпісаў выгадны кантракт з французскім ПСЖ. Зрэшты, гэта не дзіўна, усё ж яго кар'ера працягваецца куды даўжэй, чым кар'ера Леа Месі. Суперфорвард "Барселоны", які заняў другое месца, хутчэй за ўсё, з часам памножыць сваё багацце, але на гэты момант саступае Бэкхэму.
Былы паўабаронца "Манчэстэр Юнайтэд" аказаўся настолькі багатым, што, падпісаўшы кантракт з "Пары Сен-Жэрмен", тут жа абвясціў, што ўся яго зарплата пойдзе на дапамогу мясцовым дзецям — гаворка ідзе пра французскі дабрачынны фонд, які дапамагаў дзіцячым дамам.
Затое Месі аказаўся самым высокааплатным футбалістам у свеце — паводле некаторых звестак, у дзень каталонскі Чароўны Эльф атрымлівае 100 тысяч фунтаў стэрлінгаў — гэта прыблізна 1,3 мільярды рублёў. Яго багацце ацэньваецца спецыялістамі ў 115 500 000 фунтаў стэрлінгаў. Галоўны сапернік Месі ў сусветным футболе — Крышціяну Раналду, які патрабуе ў "Рэала" новы кантракт, зарабляе ўсяго на 3,5 мільёна менш за аргенцінца.
У цэлым жа першая дзясятка самых багатых футбалістаў свету, па версіі выдання Gоаl.соm, якое, складаючы рэйтынг, улічвала кошт кампаній, нерухомасці, якія належаць гульцам, кошт рэкламных кантрактаў, заробкаў і іншага, выглядае наступным чынам:
1. Дэвід Бэкхэм ("ПСЖ") —175 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.
2. Ліянэль Месі ("Барселона") — 115,5.
3. Крышціяну Раналду ("Рэал" Мадрыд) — 112.
4. Кака ("Рэал" Мадрыд) — 66,5.
5. Раналдзіньё ("Атлетыка" Мінейра) — 63.
6. Самуэль Это'О ("Анжы" Махачкала) — 52.
7. Уэйн Руні ("Манчэстэр Юнайтэд") — 50.
8. Златан Ібрагімавіч ("ПСЖ") — 47.
9. Рывалда (Сан-Каэнтао, Бразілія) — 45,5.
10. Рыа Фердынанд ("Манчэстэр Юнайтэд") — 42.
Падрыхтаваў Іван Купарвас.