Прэстыжны турнір, які прысвечаны памяці Сяргея Новікава
![](http://www.21.by/pub/news/2013/03/1362473521878336.jpg)
Традыцыйны турнір сярод юнакоў праведзены ў пасёлку Чысць ужо дваццаць другі раз. Ён прымеркаваны да тых датаў календара, што выпадаюць на люты: Дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана і Дня абаронцаў Айчыны.
Жыхары нашага раёна не маглі не ўшанаваць памяць воіна-інтэрнацыяналіста, старшага лейтэнанта Сяргея Новікава, які гераічна загінуў падчас баявых дзеянняў у далёкай азіяцкай краіне. Ён нарадзіўся ў вёсцы Краснае, тут у яго гонар названая вуліца. Бацька, былы партызан, і маці-настаўніца выхавалі сапраўднага афіцэра.
Сяргей Новікаў сам займаўся грэка-рымскай барацьбой, так што ад 1991 года і стаў праводзіцца гэты турнір. На пачатку быў маленькім, раённым. Праз пэўны час вырас у рэспубліканскі, унесены ў афіцыйны каляндар федэрацыі свайго віду спорту. Па колькасці камандаў, што прыязджаюць, і агульнай колькасці юных удзельнікаў з’яўляецца ледзь ці не рэкардсменам у Беларусі. Тут выступалі многія будучыя члены нацыянальнай зборнай.
Заслуга ў такой папулярызацыі гэтага турніру належала Сяргею Сафронаву, настаўніку фізкультуры з Чысцінскай сярэдняй школы, які і сам рыхтаваў барцоў, паралельна працуючы ў спартыўнай школе. Дарэчы, у яго пяцёра сыноў, іх сям’я станавілася пераможцай раённага конкурсу шматдзетных сем’яў. Так здарылася, што ў 2012 годзе жыццё трэнера трагічна абарвалася. І цяпер прынятае рашэнне дапоўніць назву турніру яго іменем як заснавальніка.
Дарэчы, сёлета галоўным суддзёй на турніры выступіў трэнер маладзечанскай ДЮСШ №1 Яўген Цярэшка, былы выхаванец Сяргея Сафронава. Арганізатарамі спаборніцтваў сталі гэта самая спартыўная школа аддзела ФКСіТ ды фізкультурна-спартыўны цэнтр дзяцей і моладзі аддзела адукацыі. Сабралася трыццаць адна каманда, прадстаўленыя ўсе вобласці нашай краіны, каля 280 удзельнікаў у 11 вагавых катэгорыях. Напрыклад, з Мінска шэсць юных дружын розных спартыўных школ, з Гродна – тры. Найбольш хлопцаў прыехала са сталічнага МДЦАРа – 25 чалавек, з Мазыра – 18. Мінімальна – два – са Светлагорска. Упершыню былі госці з Украіны: шэсць юных спартсменаў з горада Роўна. Наш раён выставіў дзве каманды: 14 чалавек з Чысці, 10 чалавек з Маладзечна.
У мінулым нумары “Рэгіянальнай газеты” была аператыўная інфармацыя аб выніках турніру, пра тое, што на рахунку гаспадароў пяць прызавых месцаў, з іх адно – пераможнае. Застаецца дадаць, што трох нашых прызёраў падрыхтаваў трэнер Антон Найлавец, па адным прызёры – трэнеры Яўген Цярэшка і Віктар Вянглоўскі.
Сяргей ГАЙКОВІЧ.
Фота permskie-medvedi.ru