Будслаўскія вучні сталі прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў

Источник материала:  

Ад сярэдзіны студзеня праходзілі розныя этапы спаборніцтваў па зімовым мнагаборстве “Здароўе” сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці.

Удала ў іх выступілі прадстаўнікі Мядзельскага раёна: яны дабраліся да рэспубліканскіх спаборніцтваў і вярнуліся адтуль прызёрамі.

Напачатку каманда Мядзельшчыны перамагла ў занальных спаборніцтвах, потым заняла трэцяе месца ў абласных. У складзе каманды было 14 вучняў Занарацкай і Будслаўскай сярэдніх школ. Па выніках абласнога этапа ў склад каманды Міншчыны для ўдзелу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах увайшлі трое будслаўчан: Аляксандр і Кацярына Хацяновічы, Анастасія Рудкоўская. Усяго ў камандзе Мінскай вобласці было 14 чалавек – па адным хлопцу і дзяўчыне, пачынаючы з пятага па адзінаццаты клас.

Рэспубліканскія спаборніцтвы прайшлі на мінулым тыдні ў Віцебску. Уключалі яны стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, скачкі ў даўжыню з месца, лыжныя гонкі, падцягванне для хлопцаў, а для дзяўчат – згінанне і разгінанне рук ва ўпоры лежачы.

Па выніках спаборніцтваў каманда Міншчыны заняла трэцяе месца. Ёсць у гэтым поспеху і ўнёсак юных будслаўчан: яны старанна трэніраваліся, з кожным этапам паляпшалі свае вынікі.

– Як для цябе склаліся рэспубліканскія спаборніцтвы? – запытаў у Кацярыны  Хацяновіч.

– У прынцыпе, нармальна, толькі лыжня не вельмі добрая была – цяжкая, –  адказала Кацярына. – Уражанні і ад спаборніцтваў, і ад знаёмства з Віцебскам засталіся прыемныя.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота builderbody.ru

←Минский велотрек выстроен с соблюдением самых последних мировых стандартов - комиссар УСИ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика