Сяргей КАРНЕЕЎ: дома дапамагаюць сцены? Праверым!

Источник материала:  

Беларусь рыхтуецца прыняць яшчэ адзін буйны спартыўны форум. На мінулым тыдні быў падпісаны кантракт на правядзенне ў Мінску чэмпіянату Еўропы па боксе. Кантынентальнае першынство пройдзе ў беларускай сталіцы з 30 мая па 9 чэрвеня.

Сяргей КАРНЕЕЎ: дома дапамагаюць сцены? Праверым!На цырымонію спецыяльна прылятаў прэзідэнт Еўрапейскай канфедэрацыі бокса Франка Фалчынэлі, які застаўся задаволеным інфраструктурай горада: "Для правядзення спаборніцтваў мы выбралі Палац спорту. Тут можна ўсталяваць два рынгі, ёсць усё неабходнае, у тым ліку і трэніровачныя залы. Да таго ж арэна кампактная і вельмі зручна размяшчаецца ў цэнтры горада. побач ёсць гасцініцы, дзе будуць пражываць удзельнікі спаборніцтваў. Ведаю, што ў Беларусі бокс папулярны, таму ўпэўнены: чэмпіянат пройдзе пры поўных трыбунах".

На хатнім турніры беларускія баксёры спадзяюцца ўзяць медалі ў пяці вагавых катэгорыях. Аднак на першынство наша краіна выставіць поўную каманду з дзесяці чалавек. Нягледзячы на тое што канчатковы склад зборнай будзе сфарміраваны па выніках Кубка Беларусі, які пройдзе ў сакавіку, некаторыя месцы ў камандзе ўжо занятыя. Так, змагацца за медалі ў Палацы спорту дакладна будуць удзельнікі лонданскай Алімпіяды Вазген Сафар'янц, Міхаіл Даўгалевец, Сяргей Карнееў, а таксама сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў-2004 Віктар Зуеў.

Карэспандэнт "Звязды" звярнуўся да будучых удзельнікаў еўрапейскага чэмпіянату ў Мінску, каб даведацца, чаго яны чакаюць ад хатняга старту: "Безумоўна, прыемна, што нашай краіне выпаў гонар правесці турнір такой велічыні, — распавядае прызёр чэмпіянату свету па боксе-2011 Сяргей Карнееў. — У 1998 годзе ў Мінску ўжо праходзіў чэмпіянат Еўропы. Я быў пастаянным гледачом турніру, на трыбуны мяне прыводзіў тата. Дагэтуль памятаю, як заўзята я "хварэў" за тых баксёраў. З адным з іх я трэніруюся цяпер! Гэта Сяргей Хаміцкі. На тым чэмпіянаце Еўропы ён стаў пятым. У баі за медаль яго засудзілі. Быў такі ажыятаж! Так несправядліва паступілі з земляком у сябе ж дома. На Алімпіядзе я сам сутыкнуўся з аналагічнай сітуацыяй, таму ведаю, наколькі гэта крыўдна. Спадзяюся, што праз пятнаццаць гадоў еўрапейскае першынство ў Мінску пройдзе сумленна, прыгожа і справядліва. Што датычыцца падрыхтоўкі, то ўсё ідзе поўным ходам. Вельмі хочацца добра выступіць і заваяваць медалі. Кажуць, дома і сцены дапамагаюць. Што ж, праверым".

Яшчэ адзін член зборнай Міхаіл Даўгалевец адзначыў, што збольшага правядзенне ў Мінску спаборніцтваў такога маштабу — заслуга аднаго чалавека: "Нельга апісаць словамі, наколькі чэмпіянат Еўропы ў Мінску — значная падзея для беларускага бокса. Гэта стала магчыма стараннямі старшыні нашай федэрацыі Дзмітрыя Паўлавіча Ціхамолава, за што яму нізкі паклон. Ахвотных правесці гэты турнір было вельмі шмат, але менавіта ў Мінску збяруцца найлепшыя баксёры Еўропы. Падрыхтоўка ідзе добра, але да мая яшчэ шмат часу і наперадзе прамежкавыя турніры, таму я стараюся пакуль не думаць толькі пра гэты старт".

Зараз беларуская каманда знаходзіцца на зборах у Балгарыі і Венгрыі, дзе нашы спартсмены трэніруюцца з баксёрамі Кубы, Францыі, Кітая, Азербайджана. Акрамя гэтага, дзеля якаснай падрыхтоўкі на наступны алімпійскі цыкл галоўным трэнерам нацыянальнай каманды быў назначаны спецыяліст з Узбекістана Уладзімір Шын, які ў свой час трэніраваў такіх чэмпіёнаў, як Руслан Чагаеў і Алег Маскаеў. Умовы ёсць — усё залежыць ад спартсменаў. Што з гэтага атрымаецца, пабачым праз тры месяцы.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

 

←Она как птица: падает и взлетает

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика