Мінскае "Дынама" не трапіла ў плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі
Апошнім часам айчынны хакей ліхаманіць. Спачатку зборная Андрэя Скабелкі не прайшла кваліфікацыю Алімпіяды ў Сочы, мінскае "Юнацтва" ў адкрытым першынстве Вышэйшай хакейнай лігі саступіла камандзе "Кубань" з буйным лікам — 0:9. У сваю чаргу, мінскае "Дынама" таксама пакінула сябе і заўзятараў без чаканай стадыі плэй-оф Кубка Гагарына.
У апошніх сустрэчах рэгулярнага першынства хлопцам Аляксандра Андрыеўскага неабходна было паспяхова згуляць на "Мінск-Арэне" з казанскім "Ак Барсам" і ўфімскім "Салават Юлаевым". Здавалася, родныя сцены, камфортнае турнірнае становішча, якое дазваляла спадзявацца на далейшую барацьбу за ўзнагароды — усё гэта не прымушала моцна хвалявацца заўзятараў перад апошнімі сустрэчамі. Шкада, але атрымалася ўсё наадварот. Спачатку мінчане ў напружанай барацьбе саступілі "барсам" 2:3, а пасля з такім лікам прайгралі і "Салавату". "Атлант" з Мыцішчаў, адзін з асноўных канкурэнтаў беларусаў за плэй-оф, у той жа час пераканаўча перамог новакузнецкі "Металург" (5:0) і заняў жаданае 8-месца ў нашай канферэнцыі. Нашы хлопцы апынуліся на выніковай 10-й пазіцыі.
Тарас ШЧЫРЫ.