Анатоль Тозік заклікаў паскорыць аптымізацыю і навядзенне парадку ў спартыўнай галіне
"Прашу паскорыць прыняцце рашэнняў па аптымізацыі і навядзенні парадку ў спартыўнай галіне, — сказаў віцэ-прэм’ер краіны, выступаючы ўчора на калегіі Міністэрства спорту і турызму. — Трэба зрабіць так, каб новы навучальны год у сістэме мы пачалі з новымі падыходамі і з новай структурай. Мы з вамі ўжо паўгода аб гэтым гаворым, але нічога не зроблена. Трэба выбудоўваць сістэму — аптымальную, разумную, якая функцыянавала б з пазіцый разумнага сэнсу. Трэба вызначыцца, з якімі дысцыплінамі, з якімі відамі спорту мы будзем ісці, аказваючы ім максімальную падтрымку дзяржавы. Вызначыць тыя віды, дзе мы можам атрымаць рэальныя вынікі. Трэба наладзіць сістэму адбору, пачынаючы з дзіцячага сада".
"Перагледзьце яшчэ раз усе гэтыя 426 дзіцячых спартыўных школ. Ці трэба ў кожнай з іх культываваць па 12-14 відаў спорту? Усё ж залежыць ад людзей, ад наяўнасці спецыялістаў, матэрыяльнай базы. Напрыклад, па вяслярных відах спорту ў нас ёсць некалькі развітых баз. Давайце там канцэнтраваць сродкі, рэсурсы і рыхтаваць спартсменаў", — заклікаў віцэ-прэм'ер.
У красавіку-маі Анатоль Тозік прапанаваў правесці сумесную калегію Міністэрства спорту і Міністэрства адукацыі: "Мы ўсе працуем з адным рэсурсам — з дзецьмі. Трэба дакладна вызначыць, якое міністэрства чым будзе займацца. Масавы спорт, першапачатковае навучанне плаванню, яшчэ нечаму — гэта павінна адысці ў сферу адказнасці агульнаадукацыйнай школы. Спартыўная галіна павінна займацца на іншым узроўні. А то ў нас цэнтр алімпійскага рэзерву ў групах пачатковай падрыхтоўкі вучыць дзяцей плаваць. 16 гадзін ёсць у агульнаадукацыйнай школе, і школа павінна навучыць дзіця плаваць! Нам трэба прымусіць іх гэта рабіць. Кожны павінен займацца сваёй справай. А як кіраўнік Беларускай федэрацыі плавання я лічу, што галоўную ролю павінен адыгрываць рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па адпаведным відзе спорту. Усе астатнія павінны прыслухоўвацца да яго ўказанняў, рэкамендацый і падносіць патроны. Націскаць на спускавы кручок павінен ужо цэнтр. А ў нас усе начальнікі: разважаюць, хто каму павінен падпарадкоўвацца. Валтузня ідзе, а справа стаіць на месцы! Таму прашу ўлічыць і маё меркаванне пры адпрацоўцы праекта пастановы калегіі. Гэта пастанова павінна быць праграмай работы на 2013 год".
БЕЛТА.