Зімовы старт весляроў
Выхаванцы спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву №6 па веславанні горада Гомеля пачалі трэніроўкі на новай вяслярнай базе, абсталяванай на самым сучасным узроўні. Да цяперашняга часу яны займаліся ў прыстасаваных памяшканнях без належных бытавых умоў. Сярэбраны прызёр ХХХ летніх Алімпійскіх гульняў у Лондане Раман Петрушэнка адзначае, што ў часы, калі ён пачынаў сур'ёзна займацца вялікім спортам, такіх умоў не было і блізка:
— Тут прасторныя залы для трэніровак з усімі неабходнымі трэнажорамі, ёсць спецыяльныя памяшканні для захавання лодак і іншага інвентару. А ўсё гэта вельмі важна для прафесійнага спартсмена. Тым больш, ёсць усе ўмовы, якія дазваляюць праводзіць зімовую падрыхтоўку. Гэта вялізны крок наперад у параўнанні з тымі ўмовамі, у якіх трэніраваўся я. Аднак лічу, што "селекцыю" спартсменаў трэба праводзіць на невялікіх базах у маленькіх гарадах — асноўная колькасць іх прыходзіць менавіта адтуль. А такія вялікія базы, як гэта, патрэбны для падрыхтоўкі больш кваліфікаваных спартсменаў.
Новая вяслярная база — завяршальнае звяно ў развіцці інфраструктуры вяслярнага канала, раней пабудаванага ў горадзе над Сожам. Дарэчы, на раку адсюль адкрываецца вельмі прыгожы від. Прадугледжана, што ў сезон лодкі адразу з базы можна будзе спусціць на ваду. Цяпер у Гомелі можна будзе не толькі арганізаваць на належным узроўні навучальна-трэніровачны працэс, але і праводзіць абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы па акадэмічным веславанні і веславанні на байдарках і каноэ. Міністр прыродных рэсурсаў і старшыня Беларускай асацыяцыі каноэ Уладзімір Цалка адзначыў, што новая база — доўгачаканы падарунак для падрыхтоўкі спартсменаў, якія ставяць сусветныя рэкорды. Прынамсі, у склад нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па веславанні акадэмічным і веславанні на байдарках і каноэ ўваходзяць 145 спартсменаў з Гомельшчыны, а гэта — трэцяя частка:
— Веславанне на байдарках, каноэ і акадэмічнае для Гомельшчыны — брэндавыя віды спорту, летась мы тры медалі на Алімпіядзе ў Лондане заваявалі. Думаю, што спартсмены школы алімпійскага рэзерву адпрацуюць такі цудоўны падарунак на будучай алімпіядзе ў Рыа- дэ-Жанейра.
Пакуль у спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву №6 займаецца 300 навучэнцаў. Плануецца, што іх колькасць у самы блізкі час павялічыцца да 500. Між тым, тут паклапаціліся і аб развіцці іншых відаў спорту: валейбола, баскетбола, лыжнага. Таму ёсць прасторныя гульнявая і трэнажорныя залы, медыка-аднаўленчы цэнтр, майстэрні для рамонту інвентару і абсталявання, саўна і многае іншае... Гэта ўжо пяты аналагічны спартыўны аб'ект, які быў здадзены ў эксплуатацыю на Гомельшчыне за апошнія чатыры гады. Яго адкрыццё прымеркавана да святкавання 75-годдзя з дня заснавання Гомельскай вобласці. Старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік адзначыў, што ўнікальная база дазволіць прыцягнуць да заняткаў спортам яшчэ большую колькасць дзяцей і моладзі:
— Вельмі важна, што наша дзяржава накіроўвае вялікія сродкі на развіццё спартыўнай інфраструктуры. Бо грошы, якія ўкладваюцца ў моладзь, з'яўляюцца самым надзейным унёскам у будучыню.
З уводам у строй спартыўнага збудавання створана 20 новых працоўных месцаў, у тым ліку і для трэнераў. Займацца тут змогуць не толькі выхаванцы спартыўнай школы па веславанні, але і простыя гамяльчане. Прадугледжана, што ў памяшканні будуць аказвацца і платныя паслугі. На стварэнне спартыўнага аб'екта было выдаткавана Br28,2 млрд.
Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара.