Выбраць лепшага з лепшых
Беларускія тэлеаматары цяпер могуць не толькі "пахварэць" за любімых спартсменаў, але і выбраць лепшага атлета года. Праект "Трыумф. Героям спорту 2012" распачаўся 10 студзеня дзякуючы намаганням Белтэлерадыёкампаніі і Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Адкрыты конкурс праводзіцца ў гады летніх і зімовых Алімпійскіх гульняў, каб высветліць беларускіх спартсменаў, якія летась дасягнулі найбольш значных вынікаў на міжнародных спаборніцтвах. Працэдура галасавання вельмі простая. Да 31 студзеня праводзіцца папярэдняе галасаванне. Бюлетэні можна знайсці на сайтах арганізатараў: Белтэлерадыёкампанія (www.tvr.bу), Прэзідэнцкі спартыўны клуб (www.sроrtсlub.bу), Міністэрства спорту і турызму (www.mst.bу), Нацыянальны алімпійскі камітэт (www.nос.bу). Даслаць ужо запоўненыя лісты з імёнамі канкурсантаў трэба будзе па пошце ва ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму вашага аблвыканкама.
Самае цікавае пачнецца ўжо ў наступным месяцы. Да 15 лютага журы павінна абагульніць вынікі галасавання і не пазней 1 сакавіка вызначыць лаўрэатаў. Фіналам конкурсу стане ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў з гала-канцэртам эстрадных выканаўцаў, якое 27 лютага будуць трансляваць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24".
За каго галасаваць? Вынікі праекта падвядуць у наступных намінацыях: "Каманда года", "Спартсмен года" і "Спартсменка года", Трэнер года", "За волю да перамогі", "Прарыў года", "Вынік года", "Самы яскравы момант года". З поўным спісам удзельнікаў можна азнаёміцца ў бюлетэнях, але, безумоўна, сярод намінантаў і барысаўскі БАТЭ, зборная Беларусі па мастацкай гімнастыцы, мужчынская зборная па гандболе ("Каманда года"), Максім Мірны, Сяргей Мартынаў ("Спартсмен года"), Дар'я Домрачава, Аляксандра Герасіменя, Любоў Чаркашына ("Спартсменка года"), Віктар Ганчарэнка, Ірына Ляпарская, Уладзімір Шантаровіч, Клаус Зіберт, Юрый Шаўцоў ("Трэнер года") і іншыя. Сярод удзельнікаў сапраўды годныя спартсмены і спецыялісты. Самае галоўнае застаецца за вамі — выбраць лепшага з лепшых.
Тарас ШЧЫРЫ