Медальны "ўраджай" Домрачавай і Дашчынскага

Источник материала:  

Медальны "ўраджай" Домрачавай і Дашчынскага
Мінулыя выхадныя выдаліся вельмі багатымі на спартыўныя падзеі. "Звязда" разглядае найбольш яркія моманты.

Этап Кубка свету па біятлоне ў Рупольдынгу адзначыўся "сярэбраным" дублем Дар'і Домрачавай. Лепшая біятланістка краіны двойчы ўздымалася на другую ступень п'едэстала — па выніках спрынту і масстарту. Здаецца, лідар жаночай зборнай зноў выйшла на свой узровень. Больш якаснай стала стральба. Калі на папярэднім этапе ў Аберхофе Дар'я запісала ў свой пасіў ажно 9 промахаў, то ў гэты раз па суме дзвюх гонак на штрафныя кругі прыйшлося зазірнуць толькі тры разы. Іншая справа, што з большай дакладнасцю "знікла" хуткастрэльнасць. На агнявых рубежах Домрачава зноў стала губляць шмат часу, якога вельмі не хапае на апошніх метрах дыстанцыі. Тым не менш добры ход па лыжні дазваляе лідару нашай каманды адыгрываць вялікія адставанні ад бліжайшых саперніц. Так, у масстарце на апошні круг Дар'я адпраўлялася трэцяй, за 17 секунд пасля Вольгі Зайцавай. Але ўжо на наступнай адсечцы Домрачава апярэджвала расійскую спартсменку на 4 секунды! Дарэчы, па хуткасці беларуска зараз саступае толькі рэактыўнай Мірыям Гёснер з Германіі.

Медальны "ўраджай" Домрачавай і Дашчынскага
Дзякуючы добраму выступленню ў Рупольдынгу Дар'я Домрачава перамясцілася на трэці радок у генеральнай класіфікацыі. І гэта не мяжа, як лічыць сама біятланістка: "У пачатку сезона ў мяне былі некаторыя праблемы з лыжамі і здароўем. Зараз я адчуваю, што знаходжуся ў добрай форме, хутка бягу і нядрэнна страляю. Так што ў другую частку сезона гляджу з аптымізмам".

Яшчэ адну нагоду для радасці беларускім заўзятарам даў фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі, які стаў пераможцам Кубка свету ў Канадзе. Трэба сказаць, што інтрыга ў размеркаванні прызавых месцаў захоўвалася да апошняга. У кваліфікацыі беларускі спартсмен паказаў толькі восьмы вынік, а ў суперфінал трапіў з апошняй чацвёртай пазіцыі. Аднак у заключным практыкаванні двухразовы прызёр Алімпіяды не пакінуў ніякіх шанцаў сваім канкурэнтам: канадца Трэвіса Герыца, які стаў другім, Дзмітрый апярэдзіў на 6 балаў. Пасля двух этапаў Дашчынскі займае трэцяе месца ў агульным заліку.

А вось беларускім гандбалістам пакуль не ўдалося адзначыцца перамогай на чэмпіянаце свету. У першым матчы на мундыяле падапечныя Юрыя Шаўцова ў барацьбе саступілі палякам 22-24. Не задаўся першы тайм, было шмат памылак у нападзенні. Напэўна, адбівалася перадстартавае хваляванне. Апошні раз на сусветным першынстве беларуская зборная выступала — страшна сказаць — амаль 20 гадоў таму! Так што некаторую нервовасць нашых гандбалістаў патлумачыць нескладана: вакол каманды ў апошні час небывалы ажыятаж — спадзяванні заўзятараў, функцыянераў, прэсінг з боку прэсы. Тым не менш ужо ў другой палове сустрэчы гульня нашых спартсменаў змянілася кардынальна: атакі сталі больш рэзультатыўнымі, а варатар зборнай Віталь Чарапенька ўвогуле дэманстраваў цуды абарончага майстэрства. Матч відавочна працягваўся пад дыктоўку беларусаў, але перавага польскай каманды ў першым тайме прынесла свой плён.

Галоўны трэнер каманды Юрый Шаўцоў застаўся задаволены гульнёй сваіх падапечных: "У прынцыпе, вынік нармальны. Зразумела, што сапернікі выглядалі больш упэўнена. Выратаваць матч можна было, але ў вырашальных эпізодах зноў нарабілі памылак. І ёсць праблемы ў нападзенні. У нашай атацы заўсёды выпадаюць адзін-два гульцы, а толькі Сяргей Рутэнка цягнуць каманду не можа. З наступнымі сапернікамі будзе яшчэ больш складана, бо трэба хутка рабіць работу над памылкамі".

Застаецца спадзявацца, што перадстартавая нервовасць саступіць месца каманднаму заспакаенню і далейшыя вынікі нашых хлопцаў будуць супадаць з чаканнямі заўзятараў.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ

←Как дважды два

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика