Штучная праўда

Источник материала:  

Хакей — спорт мужных, тых, хто не шкадуе свайго здароўя, у любы момант можа кінуцца пад шайбу, заступіцца ў лядовай бойцы за таварыша. Так мяне вучылі, з такімі думкамі я жыў і буду жыць. Але часам не хакеісты вырашаюць лёсы турніраў, а тыя, хто, магчыма і на каньках ніколі не стаяў, але лічыцца начальнікам, а значыць, апошняе слова будзе за ім.

На выхадных у Данецку скончыўся Кантынентальны хакейны кубак. Сярод удзельнікаў — італьянскі "Бальцана", французскі "Руан", наш жлобінскі "Металург" і, безумоўна, гаспадар "Данбас", які гуляе ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Гэты турнір — аналаг футбольных еўракубкаў. Толькі розніца ў тым, што гэтае першынство ўжо даўно не цікавіць хакейных волатаў з Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Швейцарыі... А таму ўдзел "Данбаса", каманды, якая прэзентуе лепшы чэмпіянат Еўропы, стаў добрай дапамогай для арганізатараў з Міжнароднай федэрацыі хакея. Украінскі бок зразумець таксама можна. Клуб з Данецка толькі пачынае ствараць уласную гісторыю, а таму перамогі ў разнастайных турнірах ім для ўпэўненасці спатрэбяцца, зацікавяць новых балельшчыкаў, патэнцыяльных гледачоў. Але тое, што адбылося насамрэч здзіўляе і ставіць пад сумнеў аўтарытэт падобных спаборніцтваў.

Так склалася, што ў першы дзень турніру наш "Металург" сустракаўся менавіта з "Данбасам". Матч атрымаўся напружаным. Жлобінскай камандзе, якая амаль цалкам складаецца з беларускіх хлопцаў, супрацьдзейнічала інтэрнацыянальнае асарці з расіян, чэхаў, славакаў, фінаў, паўночнаамерыканцаў, украінцаў. Беларусы ў гэтым матчы слабакамі не былі: мужна супрацьстаялі апаненту і прапусцілі толькі аднойчы. Аднак самае цікавае вызначылася пасля. Аказваецца за "Данбас" гуляў канадзец Рэндзі Рабітайл, які не меў права ўдзельнічаць у паядынку. Справа ў тым, што яго імя ўваходзіла ў спіс у пашыранай заяве, тэрмін якой скончыўся яшчэ 28 снежня, але на той момант гэты хакеіст яшчэ не мог выступаць за ўкраінцаў. 30 снежня ён гуляў наогул за іншую каманду. Пасля матча беларусы падалі пратэст. Дырэктарат турніру разгледзеў заяву беларусаў, прызнаў, што канадзец не мае права ўдзельнічаць у матчах Кантынентальнага кубка, толькі перагледзець вынік сустрэчы адмовіўся.

— Я вельмі засмучаны тым, што парушылі правілы, а наш пратэст адхілілі, — прызнаўся ў Данецку Васіль Спірыдонаў, галоўны трэнер "Металурга". — Здзіўлены ІІХФ (Міжнародная федэрацыя хакея. — Аўт.), якая нейкім чынам калегіяльна вырашыла гэтае пытанне. Запрасілі італьянцаў і французаў, якія выступілі на баку "Данбаса". Я гэтага не разумею. Калі здарылася памылка, нехта павінен за яе адказваць.

Так, ніхто не сумняваецца ў прафесійнасці "Данбаса", найлепшай каманды фінальнага квартэта. Але для чаго ствараць правілы, законы, каб іх пасля пераглядаць на карысць гаспадароў? Уявіце, каб у фінале футбольнай Лігі чэмпіёнаў на поле выйшаў незаяўлены футбаліст, а інцыдэнт пасля проста "праглынулі". Гэта неймаверна! Гэта патэнцыяльны скандал, бомба! Цікава што летась за Кантынентальны кубак змагалася мінскае "Юнацтва", у фінале мела роўную колькасць балаў з "Руанам", "Данбасам", па розніцы шайбаў павінна было перамагаць, але дырэктарат неяк дзіўна прысудзіў перамогу "Руану", між іншым, гаспадарам турніру. Не, я не веру ў змову супраць Беларусі. Веру проста ў дзіўнае стаўленне, розныя стандарты да кожнага з удзельнікаў першынства. Так, мы не хакейныя валадары ў свеце, толькі навошта ператвараць усё ў цырк, псаваць рэпутацыю і так не вельмі папулярнага турніру? "Дзе наш гонар? — здзіўляецца адзін з карыстальнікаў інтэрнэт-форумаў газеты "Прессбол". — Так нас ніколі паважаць не будуць. Трэба было з'язджаць...". "Металург" не з'ехаў. Перамог у апошніх сустрэчах і заняў другое месца, гуляючы амаль на роўных з камандай КХЛ. Да іх пытанняў ніякіх. А вось да будучых беларускіх удзельнікаў Кантынентальнага кубка яны ёсць. Навошта ўдзельнічаць у тых спаборніцтвах, дзе рэгламент можна пераглядаць колькі заўгодна? Мы таксама павінны быць моцнымі.

Тарас ШЧЫРЫ.

←Как дважды два

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика