З надзеяй і верай у Сарагосу
Сёння ў Іспаніі стартуе 23 чэмпіянат свету па гандболе сярод мужчын. Другі раз у гісторыі на першынстве свету выступіць і зборная Беларусі.
Мне здаецца, бліжэйшыя тыдні ў айчынных балельшчыкаў павінны быць пазначаны ў праграме тэлеперадач чырвоным колерам. Упершыню за апошнія 18 гадоў наш мужчынскі гандбол прэзентаваны на першынстве планеты. Наша каманда зноў сярод лепшых! І гэта сапраўды ўзровень, які дэманструе прагрэс зборнай Юрыя Шаўцова. Між іншым, зусім нядаўна хлопцы Шаўцова з перамогай вярнуліся з міжнароднага турніру, які адбыўся ў Швейцарыі: атрымалі адну вікторыю і зарабілі 2 нічыі. На провады ў штаб-кватэру Нацыянальнага алімпійскага камітэта прынеслі і галоўны трафей — вялікі званочак. Няхай бы ён і стаў тым талісманам, які б дапамагаў нашым хлопцам на Пірэнеях.
Лірыка лірыкай, але матчы ў нашых гандбалістаў на чэмпіянаце свету будуць адказныя. І гэта ўжо не плэй-оф, калі беларусы ў цяжкай барацьбе перамаглі вопытных славакаў. У групавой стадыі нас чакаюць палякі, сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету-2007, Паўднёвая Карэя, лепшая зборная Азіі, а таксама моцныя каманды Сербіі і Славеніі, "кот у мяху" ў вобразе Саудаўскай Аравіі. Карацей, сапернікі моцныя, у якіх, у адрозненне ад нашых гульцоў, ёсць неблагі досвед выступленняў на падобных турнірах. Аднак, каб прайсці далей, неабходна трапіць у чацвёрку лепшых зборных групы. Упэўнены, змагацца за падобны вынік наша дружына не толькі можа, але і павінна рабіць. Тым больш з такім цудоўным трэнерам, як Юрый Шаўцоў і лідарам Сяргеем Рутэнкам.
— Нарэшце пасля доўгага перапынку мы трапілі на чэмпіянат свету, — з радасцю кажа Аляксандр Каршакевіч, славуты гандбаліст мінскага СКА, алімпійскі чэмпіён Сеула. — Ведаеце, будаваць прагнозы — няўдзячная справа. Проста хочацца пажадаць гандбалістам удачы, шанцавання, каб рабілі тое, што могуць. Спадзяюся, усё атрымаецца. У нас добры калектыў і трэнеры.
Сёння ў беларусаў першы бой. Зразумела, ад сустрэчы з палякамі цалкам не будзе залежаць лёс Беларусі на іспанскім чэмпіянаце свету, аднак на псіхалагічны фон зборнай гэты матч паўплывае дакладна. Але што з сябе цяпер уяўляе каманда Польшчы, наш першы апанент?
— У гэтай зборнай засталіся вельмі вядомыя гульцы, — кажа "Звяздзе" Казімір Катлінскі, галкіпер зборнай Беларусі, які ўжо даўно жыве і гуляе на радзіме Шапэна. — А гэта і варатар Славэк Шмаль, Караль Бялецкі, Кшыштаф Ліеўскі. З'явіліся гандбалісты, якія прынясуць у гульную зборнай нешта новае. Але ўсё дакладна вырашыцца толькі на паркеце.
А для таго, каб сачыць за перыпетыямі матчаў, дарэчы, зусім не трэба знаходзіцца разам са зборнай у далёкай Іспаніі. Неабходна проста ўключыць тэлебачанне ў патрэбны час і націснуць кнопачку пульта на адпаведны канал. Усе матчы нашай зборнай будзе трансляваць канал "Беларусь-2". Хварэем разам за Беларусь і атрымліваем задавальненне ад сапраўднага гандбола! Такія падарункі і сапраўды здараюцца не часта.
— Спадзяёмся, нашы балельшчыкі застануцца з намі ў любую хвіліну, — прызнаецца Сяргей Рутэнка, капітан зборнай. — А мы, у сваю чаргу, будзем рабіць усё, каб іх не расчараваць.
Тарас ШЧЫРЫ.
Расклад матчаў зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету па гандболе
12 студзеня Беларусь — Польшча (22:15)
14 студзеня Беларусь — Сербія (20:00)
15 студзеня Беларусь — Славенія (17:45)
19 студзеня Беларусь — Саудаўская Аравія (17:45)
Усе матчы групавой стадыі зборная Беларусі правядзе на паркеце "Прынц Феліпэ Арэна", што ў Сарагосе.
Уладзімір Канаплёў, старшыня Беларускай федэрацыі гандбола:
— Усе гандбалісты ў добрым стане. І я абсалютна не засмучаны тым, што ў Швейцарыі зборная двойчы згуляла ўнічыю, хоць і перамагала ў гэтых матчах. Галоўным было адпрацаваць пэўныя варыянты ўзаемадзеянняў. З Катарам, напрыклад, хлопцы адпрацоўвалі варыянты гульні супраць зборнай Паўднёвай Карэі. Істотна, што ніхто не траўмаваўся.