Поспехі нашых камандаў: “золата” ў Вілейкі, “серабро” ў Маладзечна
Традыцыйна на працягу лістапада і снежня праводзяцца чэмпіянаты Мінскай вобласці па баскетболе і па валейболе. Як сярод мужчын, так і сярод жанчын.
Арганізатары спаборніцтваў з упраўлення па фізкультуры, спорту і турызму аблвыканкама стараюцца, каб кожны раён выстаўляў тут свае каманды.
Спачатку праводзяцца занальныя турніры, потым па дзве лепшыя каманды едуць на фінальны турнір.
На мінулых і пазамінулых выхадных адносіны высвятлялі жанчыны. Спартыўнае жыццё бурлела ў Маладзечне.
Баскетбол: “золата” ў Вілейкі
Баскетбалісткі праводзілі фінальны турнір 15-16 снежня ў спартыўнай зале гандлёва-эканамічнага каледжа. Восем удзельнікаў былі разбіты на дзве групы. Іх пераможцы сустрэліся ў фінале за першае месца. Тут нашы зямлячкі з Вілейскага раёна перамаглі прадстаўніц Стаўбцоўскага раёна з лікам 45:35. Каманды, якія занялі другія месцы ў групах, сустрэліся ў фінале за трэцяе месца. Тут Барысаўскі раён перамог гаспадароў з Маладзечанскага раёна.
Чэмпіёнства віляйчанак невыпадковае. Яны сталі лепшымі ўжо трэці год запар, ды і раней пастаянна змагаліся за прызавыя месцы. Сёлета стартавая пяцёрка каманды выглядала наступным чынам: Кацярына Дурэйка, Надзея Жаўнерчык, капітан Таццяна Жук, Кацярына Пяроўская і Наталля Стаская.
Валейбол: “серабро” ў Маладзечна
Валейбалісткі сабраліся на фінальны турнір 22-23 снежня ў спартыўна-відовішчным цэнтры. Шэсць удзельнікаў стварылі дзве групы па тры каманды.
Маладзечанскія спартсменкі занялі ў групе першае месца, апярэдзіўшы каманды Старадарожскага і Мінскага раёнаў. Самай важнай стала паўфінальная сустрэча супраць Крупскага раёна, якую выйгралі з лікам па партыях 2:0. Потым у фінале за першае месца гулялі супраць Пухавіцкага раёна, але саступілі.
Сваім меркаваннем аб дзеяннях нашых спартсменак падзялілася мясцовы спецыяліст Марына Клямяціч. На яе погляд, лепшымі ў складзе былі Алеся Козел, Кацярына Сліж і Ульяна Маторына.
Сяргей ГАЙКОВІЧ.