Тайбаксёр Дзмітрый Пясецкі. Чэмпіён са старых хрушчовак

Источник материала:  
27.12.2012 15:19 — Новости Спорта


Тайбаксёр Дзмітрый Пясецкі. Чэмпіён са старых хрушчовакПраект парталу
“Будзьма Беларусамі!” ― “Байцоўскі ген”

 

 

Гэты славуты баец стаў першым беларусам, які выйграў пояс чэмпіёна свету па муай-тай, прытым што тайскі бокс у нас пачаў развівацца за некалькі гадоў да гэтага амаль з пустога месца.

Тайбаксёр Дзмітрый Пясецкі. Чэмпіён са старых хрушчовак


Нарадзіўся будучы баец у 1971 годзе і рос у раёне “Карлачкі” ў Мінску. Адметна, што бацька Дзмітрыя Пясецкага кіраваў капітальным будаўніцтвам па ўсім БССР.

— Па ідэі вы маглі быць мажорным сынам…

— Лёгка. Калі б у мяне такім быў бацька. Але ён быў класны, шчыры мужык, і я яго за гэта люблю, — расказвае баец пра тое, як рос. — А я быў нармальным хлопцам, рос у двары, як і многія дзеці тых часоў. Хоць сям’я была вельмі інтэлігентная. Вучыўся я ў сярэдняй школе № 60, дзе рабіўся ўхіл на фізіку і матэматыку. Я ўвогуле не думаў, што буду прафесійным спартсменам. Я ж на гітары граў. Хоць спортам заўжды займаўся, але каб сур’ёзна — не. Проста потым стала вельмі цікава: была першая вандроўка ў Тайланд, і я пабачыў, якімі бываюць іншыя фарбы, людзі, падзеі…

У сямігадовым узросце Дзмітрый Пясецкі траўмаваў вока і меў праблемы з допускамі да трэніровак. Што казаць пра байцоўскія адзінаборствы! Але ў 80-х хлопцы, якія ў многім атрымлівалі адукацыю ў дварах, марылі пра лёс супербайцоў, захапляліся ўсходнімі баевікамі.

— Адзінаборствамі я прыйшоў займацца ў 15. На той час у мяне была інфармацыя, што Брус Лі распачаў свае пошукі ў такім жа ўзросце, — згадвае баец. — І я падумаў, што таксама маю час. Тады тайскага боксу ў нас не развівалі, і я наведваў секцыі кшталту юных дэсантнікаў, юных маракоў. Потым з’явіўся аматарскі панкратыён (баі без правілаў). Потым кікбоксінг. А ў 1991 годзе ў Беларусь прыехалі французскія тайбайцы, даволі сярэднія. І павалілі нашых даволі добрых баксёраў. А некаторыя баі скончыліся страшненька. І я падумаў, што мне трэба гэтым займацца.

Тайбаксёр Дзмітрый Пясецкі. Чэмпіён са старых хрушчовак


***

— У 1993 годзе пасля шэрагу баёў мяне і Уладзіміра Задзірана запрасілі ў Азію на Кубак прынца. У спаборніцтвах удзельнічалі дзве зборныя Тайланда, каманды з іншых краін гэтага рэгіёну. Пасля ўдалага выступлення мне прапанавалі першы прафесійны кантракт — 100 даляраў у месяц. Гэта былі вялікія грошы, я не ведаў, куды іх патраціць. Паводле ўмоваў кантракту я мусіў сустракацца з топавымі прафесіяналамі — нідэрландцамі, тайцамі і так далей…

Гэта быў 1993 год. А ў 1994-м Дзмітрый Пясецкі выйграў тытул чэмпіёна Еўропы сярод прафесіяналаў у версіі ISKA (перамог партугальца Рауля Лемаса).

А ўжо ў 1996 годзе здарылася гістарычная падзея: наш баец узяў пояс чэмпіёна планеты ў версіі WKA. Дзмітрый Пясецкі стаў першым усходнеславянскім байцом, якому гэта ўдалося.



— Тытульны двубой з харватам Стэфанам Вяселічам праходзіў у Празе. Супернік жыў і трэніраваўся ў Нідэрландах. На той час ён падняўся, правёў шэраг трыумфальных баёў, перамог тайскіх прафесіяналаў. Я хваляваўся: “Чаму менавіта мяне абралі прэтэндэнтам на такі тытул?” Але падумаў, што рана ці позна ўсё адно сустрэнуся з Вяселічам. Харват кінуўся мяне біць з першых секунд, а я контратакаваў яго рукой насустрач уразрэз. Накдаўн. У другім раўндзе ўдалося накаўтаваць яго каленам у галаву.

Пазней, у 1998 годзе, я абараняў гэты тытул у Генуі. Мой супернік, італьянец, на той час таксама лічыўся накаўцёрам і непераможным. Я прыхапіў яго ў клінчы і ўдарыў каленам у галаву. Пасля накдаўну зноў трапіў каленам і накаўтаваў.

***

— Як вам удалося так хутка выйсці на ўзровень? У Беларусі ж тады асабліва не ведалі тэхнікі, сакрэтаў…

— Пэўная тэхніка была. Але часам здараецца, што вецер напаўняе ветразі — і недарэчна не плысці. Здараецца такое, што ты азіраешся назад і не разумееш: няўжо ты год таму там быў… І яшчэ важна, каб атрымлівалася.

— Падчас прагляду старых відэа складваецца ўражанне, што вы выходзілі на рынг, нібы медытуючы…

— На рынгу ніколі не хваляваўся. Я занураўся ў абстаноўку і рабіўся часткай свету. Не заўжды ўсё атрымлівалася. Але біцца выходзіла лепш, чым трэніравацца. Гэтак жа і ў некаторых маіх вучняў.

Тайбаксёр Дзмітрый Пясецкі. Чэмпіён са старых хрушчовак


Дзмітрый Пясецкі зрабіў цудоўную кар’еру, амаль не прайграючы. Былі ў яго жыцці і эпічныя супрацьстаянні. Напрыклад, з мараканцам Хасанам Хасрыу. У першым і трэцім баях перамог беларус. Аднойчы — мараканец.

Хасан Хасрыу, дарэчы, накаўтаваў тайскую зорку Ёнг Санана, які перамог Пясецкага на Гаваях (тады наш баец упершыню вярнуўся на рынг пасля цяжкай траўмы).

Апошні двубой беларус правёў у 30 гадоў у Чэхіі. І пабіў вядомага нідэрландца Ражэ ван дэн Хайдэна. З гэтым супернікам таксама былі тры сапраўдныя зарубы, у якіх перамагаў Пясецкі.

Тайбаксёр Дзмітрый Пясецкі. Чэмпіён са старых хрушчовак


Потым нашаму байцу давялося адмовіцца ад прафесійных баёў — падрасталі перспектыўныя вучні. Напрыклад, сённяшняя зорка кікбоксінгу Забіт Самедаў і тайбаксёр Віталь Гуркоў.

Пясецкі вывучыўся на юрыста, але так і не змог перабіраць паперкі і застаўся ў байцоўскай зале. Спартовую кар’еру ён правёў у клубе “Чынук”, а потым заснаваў сваю ўласную залу — Patriot Gym. Дарэчы, на апошнім чэмпіянаце свету па муай-тай тры медалісты з мужчынскай зборнай — вучні Дзмітрыя Пясецкага.


Фота Аляксандра Абуховіча



Яўген ВАЛОШЫН

←Петр Ярош назначен тренером вратарей в минском «Динамо»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика