Лаўрэаты Вікторыя Азаранка і Сяргей Мартынаў — найлепшыя спартсмены Беларусі 2012 года
Першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка і стралок Сяргей Мартынаў названы лепшымі спартсменамі Беларусі 2012 года. Такі вынік традыцыйнага апытання газеты "Спортивная панорама", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Па выніках галасавання лепшая беларуская тэнісістка набрала 964,5 ачка. У адыходзячым годзе 23-гадовая Вікторыя Азаранка стала алімпійскай чэмпіёнкай у міксце (разам з Максімам Мірным), заваявала бронзавы медаль у адзіночным разрадзе лонданскіх Гульняў-2012. Акрамя таго, яна ўпершыню выйграла турнір серыі "Вялікага шлема" (Аustrаlіаn Ореn) і таксама ўпершыню стала першай ракеткай у сусветным рэйтынгу.
Алімпійскі чэмпіён-2012 у стральбе з малакалібернай вінтоўкі 44-гадовы Сяргей Мартынаў набраў 913 ачкоў. Акрамя лонданскага трыумфу вопытны стралок у гэтым годзе двойчы выйграваў этапы Кубка свету і яшчэ раз быў другім.
Тройку лідараў замкнула плыўчыха Аляксандра Герасіменя, у якой 908 балаў. На Алімпіядзе ў Лондане 26-гадовая беларуская "залатая рыбка" стала ўладальніцай двух сярэбраных медалёў (100 м і 50 м вольным стылем). Зусім нядаўна, ужо ў самым канцы гэтага сезона, яна стала чэмпіёнкай свету на "кароткай вадзе" і заваявала поўны камплект узнагарод на кантынентальным першынстве ў 25-метровым басейне.
У дзясятку лепшых беларускіх атлетаў-2012 таксама ўвайшлі біятланістка Дар'я Домрачава (777 ачкоў), тэнісіст Максім Мірны (506,5), гімнастка-"мастачка" Любоў Чаркашына (484), экіпаж байдаркі-двойкі — Раман Петрушэнка/Вадзім Махнёў (396), экіпаж каноэ-двойкі браты Аляксандр і Андрэй Багдановічы (388), штангістка Марына Шкерманкова (157) і капітан гандбольнай зборнай Беларусі Сяргей Рутэнка (122).
У тройку лепшых трэнераў Беларусі ўвайшлі настаўнік нацыянальнай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч, "галоўкам" футбалістаў барысаўскага БАТЭ Віктар Ганчарэнка і трэнер Аляксандры Герасімені Алена Клімава.
Сярод каманд па гульнявых відах спорту па-за канкурэнцыяй дзевяціразовыя чэмпіёны краіны футбалісты БАТЭ, на другой пазіцыі мужчынская зборная па гандболу, а на трэцім месцы гандбалісты мінскага "Дынама".
У негульнявых камандных відах на першым месцы зборная па мастацкай гімнастыцы, "мастачкі"-групавічкі другія, а жаночая байдарка-чацвёрка заняла трэцяе месца.