Вялікія і маленькія рэкорды Вікторыі Азаранкі

Источник материала:  

Напрыканцы кастрычніка тэнісісткі традыцыйна адпраўляюцца на канікулы. Але перад гэтым збіраюцца на выніковым турніры, дзе вызначаюць лепшую тэнісістку сезона. Сёлета пераможцай чэмпіянату стала алімпійская чэмпіёнка Лондана Сірэна Уільямс. Але, нягледзячы на фенаменальнае выступленне амерыканкі ў другой палове сезона, дабрацца да першага радка сусветнай класіфікацыі ў яе не атрымалася. На вяршыні тэніснага алімпу сезон завяршыла Вікторыя Азаранка.

На выніковым турніры Вікторыі дастаткова было атрымаць толькі дзве перамогі, каб абараніць званне першай ракеткі свету. Беларуская тэнісістка справілася з праграмай мінімум і тым самым упісала сваё імя ў гісторыю тэніса.

ВВялікія і маленькія рэкорды Вікторыі Азаранкіядома, Азаранка ўжо не раз ставіла і абнаўляла ўласныя рэкорды. Аднак усе яны былі нацыянальнага маштабу. У мінулым сезоне беларуска дабралася да трэцяй пазіцыі ў рэйтынгу, пабіўшы рэкорд Наталлі Зверавай, якая ў свой час была пятай ракеткай планеты. А ўжо ў самым пачатку 2012 года Віка літаральна ашаламіла ўвесь тэнісны свет, выйграўшы свой першы тытул Вялікага шлема ў Аўстраліі. Ды яшчэ дзякуючы гэтай перамозе стала першым нумарам планеты ў жаночым тэнісе. Дарэчы, гэта толькі трэці падобны выпадак.

Але, як аказалася, Вікторыя толькі набірала ход. На двух наступных турнірах яна таксама не ведала паражэнняў. З пачатку сезона і ажно да канца сакавіка беларуска мела бяспройгрышную серыю з 26 матчаў, пакуль не саступіла Марыён Барталі ў Маямі. Гэты вынік таксама ўвайшоў у гісторыю, стаў шостай па працягласці пераможнай серыяй у жаночым тэнісе.

Потым былі не вельмі ўдалыя выступленні на грунце, а вось на лонданскай траве зорка Азаранкі зноў заззяла. Спачатку Вікторыя дайшла да паўфінала Уімблдона, а месяцам пазней заваявала для сваёй краіны два медалі на Алімпійскіх гульнях — "бронзу" ў адзіночным разрадзе і "золата" ў міксце з Максімам Мірным. І зноў гэтыя вынікі нельга не назваць гістарычнымі. Па-першае, беларускія тэнісісты сталі першымі алімпійскімі чэмпіёнамі па тэнісе ў разрадзе змешаных пар. Па-другое, Вікторыя здабыла першы для айчыннага тэніса алімпійскі медаль у "адзіночцы" (у 1992 г. у складзе аб'яднанай каманды СНД бронзавай прызёркай Алімпіяды ў пары станавілася Наталля Зверава. — Аўт.). У тыя памятныя хвіліны, гледзячы на шчаслівую Вікторыю, якая стаяла на алімпійскім п'едэстале, не заставалася ніякіх сумненняў: менавіта гэтыя перамогі, а нават не трыумф у Аўстраліі, самыя важныя ў кар'еры беларускі.

Усё сваё юнацтва Віка правяла ў ЗША, дзе, па вялікім рахунку, і сфарміравалася як прафесійная тэнісістка. На той момант нельга было ўявіць, што ў Беларусі можна ўзгадаваць тэнісістку экстра-класа — лепшую на планеце. Што і казаць: пра гэта і зараз разважаць складана. Але шчыра любіць тэніс і самааддана працаваць Віку навучылі менавіта ў Беларусі, за што спартсменка неаднаразова выказвала словы падзякі сваім першым трэнерам. Вядома, вялікая занятасць не дазваляе Вікторыі часта бываць дома. Аднак і ў гэтыя рэдкія моманты яна паспявае праводзіць майстар-класы для выхаванцаў Палаца тэнісу, у сценах якога калісьці маленькай дзяўчынкай марыла аднойчы стаць першай ракеткай свету.

Зараз яна завяршыла тэнісны сезон на першым радку рэйтынгу, што ўдалося толькі адзінаццаці тэнісісткам. Ды яшчэ і набрала рэкордную колькасць балаў за адзін сезон (больш 10 000)! Але, улічваючы малады ўзрост, талент і амбіцыі Вікторыі, можна не сумнявацца, што гэта не апошняе дасягненне, якое запісвае на свой рахунак беларуская тэнісістка.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

←Эстафета мысли

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика