Баксёр Аляксандр Усцінаў. 140-кілаграмовы “дыямент” сусветнага суперцяжкага дывізіёну

Источник материала:  
29.11.2012 17:45 — Новости Спорта


Баксёр Аляксандр Усцінаў. 140-кілаграмовы “дыямент” сусветнага суперцяжкага дывізіёнуПраект парталу
“Будзьма Беларусамі!” ― “Байцоўскі ген”

Ён быў удзельнікам Чачэнскай вайны. Але сустрэўся з беларускім трэнерам, пераехаў у Мінск і з нуля пачаў займацца адзінаборствамі.

Сёння Аляксандр Усцінаў — адзін з самых перспектыўных баксёраў у суперцяжкой вазе ў свеце. А яго прасоўваннем займаюцца самі браты Клічко.


Баксёр Аляксандр Усцінаў. 140-кілаграмовы “дыямент” сусветнага суперцяжкага дывізіёну


Аляксандр нарадзіўся ў вёсцы Павутава на Алтаі ў 1976 годзе. З Беларуссю яго не звязвала абсалютна нічога — ні каранёў, ні сваякоў.

Хлопец выдаўся сапраўдным волатам: дасягнуў росту ў 202 сантыметры і вагі ў 140 кілаграмаў.

Усцінаў скончыў школу і, як многія яго суайчыннікі, пайшоў служыць, абараняў мяжу на Дальнім Усходзе. У той час грымела чачэнская вайна, і хлопцу-волату прапанавалі працягнуць службу ў сілавых ведамствах. Пра гэты перыяд свайго жыцця Аляксандр расказваць не любіць.

Аднойчы сябры запрасілі прыйсці на трэніроўку ў адну з байцоўскіх залаў Навасібірска. Да гэтага ён займаўся адзінаборствамі на ўзроўні звычайнага чалавека ў пагонах. Выпадковая сустрэча з беларускім трэнерам радыкальна і імкліва змяніла жыццё Усцінава.

***

Трэнер Уладзімір Задзіран (сёння яму 49 гадоў) першым выказаў ідэю аб наяўнасці ў беларусах так званага байцоўскага гену.

У свой час ён скончыў політэхнічную акадэмію, працаваў намеснікам загадчыка цэха на буйным заводзе. А паралельна вывучаў каратэ ў падпольных залах і зрабіўся піянерам кікбоксінгу і тайскага боксу ў былым СССР. Стаў першым у саюзе чэмпіёнам свету сярод прафесіяналаў па кікбоксінгу.

Уладзімір Задзіран — жорсткі і крэатыўны трэнер, моцны псіхолаг. Ён не проста выкладае байцоўскае майстэрства, але і патрабуе ад вучня чытаць сусветную літаратуру, знаёміцца з філасофіяй і мысліць.

Баксёр Аляксандр Усцінаў. 140-кілаграмовы “дыямент” сусветнага суперцяжкага дывізіёну


Сустрэча з Усцінавым адбылася ў 2001 годзе. 25 гадоў (столькі было Аляксандру) — гэта ўзрост, калі спартсмены часта заканчваюць прафесійную кар’еру, а не пачынаюць займацца з нуля. Але Уладзімір Задзіран прапанаваў новаму вучню развітацца з АМАПам і зрабіцца прафесійным байцом.

Была яшчэ адна акалічнасць, якая паўплывала на выбар Аляксандра. Падчас адной з камандзіровак у Чачню на яго вачах загінуў сябар Вячаслаў — чэмпіён свету па боксе сярод паліцэйскіх і вайскоўцаў.

Усцінаў, атрымаўшы магчымасць, вырашыў працягнуць сябраву справу. Сабраў рэчы і вылецеў з трэнерам у Мінск. Выправіўся ў кардынальна новае для сябе жыццё.

***

— Адзін з першых баёў па правілах кікбоксінгу быў у Маскве. Цікаўлюся ў трэнера наконт свайго суперніка. “Нічога асаблівага, Саша, чалавек і чалавек, такі ж, як і ты”. Іду і гляджу рэкламны постар, прысвечаны турніру, — згадвае Аляксандр Усцінаў пачатак сваёй кар’еры. — І ў мяне адкрываецца рот: супернік — нейкі чэмпіён, з поясам. Памятаю, як часта пачало пульсаваць сэрца! Але ўдалося ўзяць сябе ў рукі, падмануць суперніка: паказаў удар рукой і нечакана накаўтаваў каленам…



Тым не менш ніхто са спецыялістаў на Усцінава не ставіў, маўляў, для спорту ён “стары”, уважысты, як мядзведзь, і выйсці з яго можа толькі “мяшок” для іншых прафесіяналаў.

Але Уладзімір Задзіран меў пра гэта сваё меркаванне: “Калі нечага па-сапраўднаму хочаш, не азіраешся назад і ідзеш да сваёй мэты, то дасягнеш яе”.

— Памятаю адны з першых сваіх збораў у “Стайках”, — зазірае Аляксандр ва ўласную гісторыю. — Ты не ўяўляеш, як мяне матлошылі. Ногі былі сінія. Але не было іншага выхаду, як трымацца.

Менш чым праз тры гады Усцінава, які ўдзельнічаў у парыжскім Гран-пры К-1, транслявалі на дзясяткі краін свету.

***

За некалькі гадоў Аляксандр перамог на некалькіх чэмпіянатах свету і Еўропы па муай-тай, стаў заслужаным майстрам спорту. Рэдкі выпадак.

Двубоі з удзелам мінскага байца не вылучаліся эстэтыкай і драматургіяй. Аляксандр удала выкарыстоўваў свае габарыты і нестандартныя байцоўскія “фішкі”. Але выводзіць байца на двубоі з самымі папулярнымі байцамі планеты прамоўтары не браліся. Часам даводзілася падоўгу сядзець без жаданай працы, і тады трэнер і баец наважыліся на яшчэ адзін сенсацыйны крок — перайшлі ў прафесійны бокс.

***

Выйграўшы накаўтамі ў першых сямі двубоях, Аляксандр паехаў у Аўстрыю на спарынгі да самага выбітнага суперцяжа пачатку ХХІ стагоддзя Віталя Клічко (непераможаны дагэтуль). Яшчэ б! Мінскі баксёр, нягледзячы на агромністую масу, спрытна рухаўся па рынгу і валіў супернікаў з абедзвюх рук.

Баксёр Аляксандр Усцінаў. 140-кілаграмовы “дыямент” сусветнага суперцяжкага дывізіёну


Сустрэча аказалася знакавай. Легендарны ўкраінец назваў Усцінава “дыяментам” і запрасіў ва ўласную арганізацыю K2 Promotions, якая і пачала займацца раскруткай байца. Асвятляючы байцоўскія шоу, журналісты далі мінскаму спартсмену мянушку Аляксандр Вялікі.

Баксёр Аляксандр Усцінаў. 140-кілаграмовы “дыямент” сусветнага суперцяжкага дывізіёну

З тае пары ён баксіраваў і ва Украіне, і ў Нямеччыне, і ў ЗША. Здабыў у прафесійным боксе 26 перамог, зрабіў 21 накаўт і атрымаў сёлета ўсяго адну паразу. Напэўна, у свеце няма ніводнай суперзоркі, якая б ніколі не прайгравала. Гэта датычыць і Майка Тайсана, і Ленакса Льюіса, і саміх братоў Клічко.

Сёння Аляксандр Усцінаў і Уладзімір Задзіран працягваюць упарта трэніравацца ў мінскіх залах. Баксёр уваходзіць у самыя прэстыжныя сусветныя рэйтынгі прафесійнага боксу і застаецца толькі чакаць, калі з’явіцца чарговая магчымасць уключыцца ў барацьбу за сусветны чэмпіёнскі тытул.

***

З тае пары, як Усцінаў зрабіўся вядомым баксёрам, у сеціве распачаліся спрэчкі: а хто ён такі — расіец ці беларус. Да прыкладу, самы папулярны ў СНД партал адзінаборстваў allboxing.ru называе Аляксандра расіянінам. Толькі калі Усцінаў атрымаў адзіную ў кар’еры паразу, яго назвалі беларусам.

Вось што на пытанне пра самаідэнтыфікацыю адказвае сам баец:

— Прадстаўляю на рынгу Беларусь. Усё, што я ўмею, мне даў беларускі трэнер, Мінск. Але нарадзіўся я ў Алтайскім краі і ніколі пра гэта не забываюся. І цяпер мяне часам цягне туды, дзе нарадзіўся. Але калі прыязджаю да бацькоў пагасціць, праз тыдзень-два кажу: “Прыйшоў час збірацца дадому”. Бацька мне на гэта: “Як дадому? Дом у цябе тут”. Адказваю, што дом там, дзе ты жывеш. А радзіма — дзе нарадзіўся…

Так і выходзіць, што ад нараджэння Аляксандр расіец, але беларускі спартсмен, на якім спрацаваў наш байцоўскі ген. Назіраючы за Усцінавым падчас баёў, прыемна асэнсоўваць, што на такім высокім узроўні змагаецца хлопец, які ходзіць з табой па адных вуліцах, жыве, можа быць, у доме побач з табой і навучаецца ва ўніверсітэце тваёй краіны (Усцінаў атрымаў вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Правазнаўства”).

Баксёр Аляксандр Усцінаў. 140-кілаграмовы “дыямент” сусветнага суперцяжкага дывізіёну


Быў, урэшце, у нашай гісторыі і знакавы “пясняр” Уладзімір Мулявін, які нарадзіўся ў Свярдлоўску і трапіў у Мінск выпадкова. А для беларускай музыкі зрабіў працу касмічнага маштабу…


Фота Аляксандра Абуховіча і K2 Promotions



Яўген ВАЛОШЫН

←Юные белоруски сыграли в футбол с турецкими сверстницами

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика