У тумане

Источник материала:  

Футбол: ліга чэмпіёнаў

Барысаўскі БАТЭ дома саступіў французскаму "Лілю", згубіў шанцы трапіць у далейшую стадыю Лігі чэмпіёнаў, але будзе прэзентаваць Беларусь у іншым турніры — Лізе Еўропы.

БАТЭ — "Ліль" — матч, ад якога большасць заўзятараў не чакала паражэння. Так, напэўна, можна рэзюмаваць паядынак нашага чэмпіёна з трэцім клубам Францыі. Чакалі атакуючага футбола, завяршэння добрых галявых атак, актыўнага прэсінгу, але атрымалі тое, што маем, — 0:2. І нават цяжка вызначыць, што паўплывала на гэтыя тры паражэнні запар каманды Віктара Ганчарэнкі ў Лізе чэмпіёнаў. Недахоп класа? Адсутнасць фартуны? Агульная стомленасць футбалістаў напрыканцы сезона? А можа, усё разам? На жаль, цудоўны старт у сёлетнім розыгрышы лепшага клубнага турніру для хлопцаў Віктара Ганчарэнкі змяніўся пасрэдным працягам у выглядзе трох праколаў-паражэнняў.

У туманеСупраць "Ліля" БАТЭ гуляў у сапраўдным тумане. Па вялікім рахунку, перспектывы "жоўта-блакітных" прайсці ў Лізе чэмпіёнаў таксам былі ў тумане. Змагацца за квіток у наступны раўнд з "Баварыяй" і "Валенсіяй" складана, але неабходна. На БАТЭ ў матчы з "догамі" ставілі букмекеры, барысаўчане з першых хвілін рушылі наперад, аднак неспадзявана атрымалі ў свае вароты два трапныя стрэлы ад саперніка. "Ліль" не гуляў супраць БАТЭ фенаменальна. Каманда Рудзі Гарсія, якая яшчэ нядаўна саступіла "Баварыі" 1:6, проста якасна зрабіла сваю працу і ў атацы, і ў абароне, хоць памылкі для гэтых французаў — таксама не чужыя рэчы.

— "Ліль" — гэта не футбольны клуб "Гарадзея", — адзначыў пасля гульні Арцём Радзькоў, абаронца БАТЭ. — Можа, гэта і дрэнна, што ў Мінск не прыехалі іх лідары. На поле выйшлі тыя, хто няшмат гуляе, — маладыя хлопцы, у якіх ёсць жаданне прадэманстраваць добры футбол. Нам у чэмпіянаце Беларусі больш зручна гуляць першым нумарам. Толькі там узровень сапернікаў крыху іншы. Яны так не караюць за памылкі, як у Лізе чэмпіёнаў. Будзем спадзявацца, што мы зробім правільныя высновы, якія павінны дапамагчы нам у Лізе Еўропы.

Цікава, што "Ліль" перад матчам тэарэтычна меў магчымасці трапіць у Лігу Еўропы. Для гэтага французам трэба было перамагаць БАТЭ з розніцай у тры мячы. Добра, што хоць гэтага не здарылася.

— БАТЭ лепш згуляў у Францыі, чым у Мінску. Выступленне вашай каманды — добрая магчымасць прадэманстраваць сябе ў Лізе чэмпіёнаў. І мы задаволены, што перамаглі ў гэтым матчы, — на пытанні "Звязды" адказвае Давід Разэгнал, чэшскі абаронца "Ліля". — Гульня была важнай, бо дома мы саступілі БАТЭ 1:3. Гэта было шокам для нас. Зараз наша стратэгія не была лепшай у свеце, аднак нармальнай для гэтай гульні. Безумоўна, БАТЭ не мае такога аўтарытэту, як "Валенсія", "Баварыя". І я таксама думаў, што беларуская каманда горшая ў нашай групе. Але гэта футбол, які якраз і прыемны тым, што маленькія каманды могуць паказваць добрую гульню.

На жаль, апошні матч на "Дынама" для БАТЭ склаўся невыразна. Спадзяёмся, Ліга Еўропы прынясе камандзе больш пазітыўных эмоцый, чым апошнія туры Кубка чэмпіёнаў. Але спачатку трэба яшчэ згуляць у гасцях з мюнхенскай "Баварыяй"...

У туманеР.S.  Адметна, што ў той вечар без беларускіх паралеляў з французскім клубам не абышлося. Галкіпер Стыў Элана, які стаў непераадольнай скалой для беларусаў, пэўны час выступаў за французскі футбольны клуб "Брэст".

— Так, я ведаю, ведаю, што ў Беларусі таксама ёсць горад Брэст! — відавочна ажывіўся пасля спецыфічных футбольных пытанняў варатар. — Я нічога не чытаў пра яго, але неяк гуляў у відэагульню з камандай з гэтага беларускага горада.

Вось такая неспадзяванка. Аказваецца, нашу геаграфію можна вывучаць не па атласах, а па футбольных відэагульнях. Цудоўна, што хоць гэта дае пэўны плён для замежнікаў.

Тарас ШЧЫРЫ. Фота Надзеі Бужан

←Арена

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика