Спартыўныя пашпарты — гэта не раскоша
У хуткім часе яны павінны з'явіцца ў нашай краіне
Такую думку выказаў на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня юрыста, старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда і Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў Віктар КАМЯНКОЎ.
Віктар Камянкоў паведаміў, што цяпер рыхтуецца праект Спартыўнага кодэкса Беларусі. Ён ужо гатовы на дзве траціны і прапануе, у прыватнасці, увесці спартыўны пашпарт.
— Ва ўзросце 14-15 гадоў спартсмен пераходзіць на прафесійную аснову, — адзначыў Віктар Камянкоў. — На яго глядзяць з суседніх дзяржаў. Калі б любому з нас, я маю на ўвазе нас як бацькоў, прапанавалі б аддаць сына або дачку ў Маскву, пры гэтым гарантавалі паступленне ў добрую ВНУ, добрую штомесячную суму... Маўляў, вось ён будзе ў нас спартсменам. І што? Забіраюць і вязуць. Менавіта для такіх выпадкаў, калі маладога перспектыўнага спартсмена "забіраюць" у іншую краіну, у сусветнай практыцы і існуе працэдура выдачы спартыўнага пашпарта. Выдача апошняга прадугледжвае, як правіла, пэўную выплату для першага трэнера, школы, якая выхавала спартсмена, а таксама для адпаведнай спартыўнай федэрацыі. Аналагічны механізм трансферу прапануецца ўвесці і ў Беларусі.
Паводле слоў Віктара Камянкова, сучасны механізм прававога рэгулявання спорту ў Беларусі не адпавядае рэаліям.
— Прафесійны спорт у дзейным законе аб фізкультуры і спорце, які неўзабаве адзначыць 20-гадовы юбілей, узгадваецца толькі ў выглядзе аднаго артыкула, — прывёў прыклад старшыня Саюза юрыстаў. — Хоць мы ўсе даўно ведаем, яшчэ з часоў Савецкага Саюза, што прафесійны спорт існуе, і трэба жыць у гэтым спорце зусім па іншых правілах. У законе нічога не гаворыцца і пра спартыўны трансфер (пераход прафесійных спартсменаў з аднаго спартыўнага клуба ў іншы), пра які я ўжо казаў, а гэта ж сфера, звязаная з вялізнымі грашыма. Усё гэта прапануецца ўрэгуляваць Спартыўным кодэксам. Таксама праект дакумента прапаноўвае рэгуляваць такія блокі, як школьны, студэнцкі, аматарскі і прафесійны спорт.
Віктар Камянкоў адзначыў, што менавіта Саюз юрыстаў першым выступіў з ініцыятывай аб развіцці ў краіне спартыўнага права. І ўжо сёння ёсць пэўныя дасягненні. У прыватнасці, з'яўленне ў Беларусі першага спартыўнага трацейскага суда.
— У беларускіх ВНУ ўжо пачалі рыхтаваць юрыстаў у галіне спартыўнага права. Нам патрэбны спецыялісты ў гэтай сферы не толькі для таго, каб абараняць беларускіх спартсменаў на міжнародным узроўні, але і для вырашэння пытанняў у нацыянальным спорце, — падкрэсліў старшыня Вышэйшага Гаспадарчага Суда Беларусі. — Юрыдычная дапамога ў галіне спорту неабходна і ўнутры краіны. Мы далі айчынным трэнерам і спартсменам магчымасць у выпадку неабходнасці цывілізавана вырашаць спрэчкі.
Актыўна садзейнічае Саюз юрыстаў таксама і папулярызацыі альтэрнатыўных шляхоў вырашэння спрэчак. У Беларусі створана ўжо больш як 17 трацейскіх судоў.
— Пакуль што ў нас маецца толькі адзін спецыялізаваны трацейскі суд — спартыўны, — адзначыў Віктар Камянкоў. — Але думаю, што спецыялізацыя трацейскіх судоў будзе мець перспектыву.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта "Звязды", Віктар Сяргеевіч растлумачыў, што спецыялізацыя такіх судоў можа быць самай рознай.
— Будуць запатрабаваны ў грамадстве, несумненна, сямейныя трацейскія суды. Гэта звязана, у першую чаргу, з вялікай колькасцю разводаў. З практыкі гаспадарчых судоў вядома, што сябры, якія стварылі калісьці фірму, могуць потым пры падзеле грошай стаць кроўнымі ворагамі. Тое ж самае часам адбываецца і з сям'ёй. Спачатку заляцанні, вялікія пачуцці, а потым людзі дзеляць паміж сабой каструлі і фіранкі. Такія сітуацыі ў будучыні, магчыма, дапамогуць вырашыць кваліфікаваныя медыятары. Хачу адзначыць, што ў нас ужо з'явіліся першыя парасткі ў гэтым кірунку. Пачалася спецыялізацыя сярод медыятараў у гэтых (сямейных. — Аўт.) адносінах.
Таксама, на думку Віктара Камянкова, не менш актуальнае і стварэнне трацейскіх судоў па працоўных і фінансавых спрэчках.
Надзея ДРЫЛА.