Залаты Рыбак

Источник материала:  

17 медалёў і 2-е агульнакаманднае месца — вынік выступленняў зборнай Беларусі па самба на 36-м чэмпіянаце свету, які літаральна на днях завяршыўся ў Мінску.

Залаты РыбакНе ведаю, як вам, а мне заўжды падабаюцца міжнародныя спаборніцтвы. І няхай гэта будзе не хакей, футбол, гандбол, якія заўжды збіраюць ладную аўдыторыю на трыбунах і каля тэлеэкранаў. Гэта не так істотна. Істотна бачыць гэтае інтэрнацыянальнае яднанне спартсменаў, якія на пляцоўцы — галоўныя ворагі, а за яе межамі — добрыя знаёмыя, якім ёсць пра што паразмаўляць, абмеркаваць, сфатаграфавацца на памяць, а пасля паказваць здымкі дома сваім родным. Менавіта падобная атмасфера была на чарговым чэмпіянаце свету па самба, які гэтым разам прымаў Мінск. Барцы з усіх кантынентаў літаральна запаланілі мінскі Палац спорту. Ад рознакаляровых куртак нават мітусілася ў вачах. Гэта менавіта барцы стваралі чэргі каля сувенірных крамак, менавіта яны разам з айчынным балельшчыкам падтрымалі калег на татамі, а пасля самі выходзілі на пляцоўку, каб лоб у лоб сысціся ў барацьбе з сапернікам.

У спартыўным складніку чарговае планетарнае першынство, напэўна, вялікіх сенсацый не прынесла. Зноў над усімі дамінавалі расійскія самбісты, якія заваявалі ажно 17 залатых медалёў. Беларусы па медалях на другой пазіцыі (2 залатыя, 5 сярэбраных, 10 бронзавых узнагарод). У чарговы раз айчынных балельшчыкаў парадаваў наш вядомы самбіст і дзюдаіст Юрый Рыбак (вагавая катэгорыя звыш 100 кг). У фінальным паядынку ён упэўнена, з лікам 12:0 перамог грэка Васіліса Іліадзіса. У такім выпадку кажуць: чыстая перамога!

— Баі ўсе цяжкія, — адразу пасля паядынку, цяжка дыхаючы, кажа ўжо чатырохразовы чэмпіён свету па самба. — І калі зараз я перамог відавочна, дык гэта не значыць, што бой быў лёгкім. Як змагацца дома? Цяжка. Вельмі вялікая адказнасць. Хаця родныя сцены таксама дапамагаюць.

Сапраўды парадаваў нашых балельшчыкаў Станіслаў Калбасаў. Хлопец выступае ў раздзеле баявое самба (адзінаборства, у якім дазваляюцца ўдары кулаком, локцем, нагамі, галавой), даволі прагрэсіўным відзе спорту. Нехта называе баявое самба нават самым небяспечным адзінаборствам, а таму спартсмены апранаюць спецыяльныя шлемы, пальчаткі, накладкі на ногі, каб прадухіліць, знізіць траўматызм. Дык вось, наш Стас у гэтай дысцыпліне заваяваў для Беларусі першую залатую ўзнагароду!

Залаты Рыбак— Для мяне гэта другія спаборніцтвы, — апавядае Станіслаў, які атрымаў "золата" ў катэгорыі да 100 кг. — Не хацелася ляснуцца ў гразь перад роднымі балельшчыкамі, а таму пастараўся цалкам выкласціся.

Зразумела, што для Расіі і Беларусі, Грузіі і Казахстана, Украіны і Таджыкістана самба — даволі папулярны від спорту. Але на чэмпіянаце было шмат краін, у якіх гэты цікавы від яшчэ развіваецца, набывае папулярнасць. Націку Багіраву, вядомаму беларускаму дзюдаюісту, двухразоваму бронзаваму прызёру чэмпіянатаў свету, між іншым, спадабаліся барцы з Трынідада і Табага, Аргенціны, Японіі, Венесуэлы. Прымалі ўдзел у чэмпіянаце і прадстаўнікі Вялікабрытаніі. І хоць, як адзначыў нашаму карэспандэнту Джон Кларк, трэнер зборнай, у іх узніклі пэўныя фінансавыя праблемы, англічане ў Мінск прыляцелі. Кажа, што ўсё прайшло цудоўна. Безумоўна, да арганізатараў пытанняў ніякіх. Але агульнае і галоўнае пытанне для самба — прыняцце ў вялікую алімпійскую сям'ю.

Тарас ШЧЫРЫ.

←Стадион БАТЭ растет медленно, но верно

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика