Андрэй Арамнаў. Адзін з наймацнейшых асілкаў планеты

Источник материала:  
09.11.2012 13:03 — Новости Спорта


Андрэй Арамнаў. Адзін з наймацнейшых асілкаў планетыПраект парталу
“Будзьма Беларусамі!” ― “Байцоўскі ген”.



Гэты барысаўскі штангіст паставіў два сусветныя рэкорды ў цяжкай вазе. Сёння канкурэнты і блізка не могуць падысці да гэтых вынікаў.

Андрэй Арамнаў. Адзін з наймацнейшых асілкаў планеты


― Нарадзіўся я ў Беларусі, у звычайнай працоўнай сям’і, эмігранцкай, ― Андрэй расказвае пра сваю “народную” біяграфію. — Спачатку сюды з Расіі прыехаў дзядуля. Відаць, ведаў, што трэба ў Беларусь выпраўляцца. Затым сюды перабраліся бацька і маці. Я з’явіўся на свет у 1988-м годзе.

Сям’і лёгка не жылося. Бацька працаваў электрыкам на чыгунцы. Маці — на мясакамбінаце, а сёння яна робіць на заводзе медыцынскіх прэпаратаў.

Навучаўся я ў простых барысаўскіх школах. Затым скончыў у Бабруйску вучылішча алімпійскага рэзерва…

Здавалася б, звычайны лёс звычайнага беларускага спартсмена.

У зале штангі барысаўскай дзіцяча-юнацкай школы, дзе і сёння займаецца Арамнаў, пра яго кажуць: “Такіх штангістаў нараджаецца адзін у 100 гадоў”. І падкрэсліваюць, што ад самага пачатку Андрэй быў чалавекам, які вылучаўся.

― Перад тым, як я нарадзіўся, здарылася аварыя на атамнай электрастанцыі. У той час на свет з’яўляліся дзеці незвычайныя, і я таксама нарадзіўся незвычайны. У мяне атрымалася так, што вялікі палец правай рукі як бы раздваіўся, быў абсалютна нармальны шосты палец — і мышцы, і вены былі, ― апісвае Андрэй гэтую пікантную сітуацыю. — Але ўсё так склалася, што трэба было выступаць на міжнародных стартах, а правілы там такія: ва ўсіх удзельнікаў усё павінна быць аднолькава. І калі мне было чатырнаццаць, зрабілі аперацыю…

Так Андрэй Арамнаў стаў у роўныя ўмовы з іншымі штангістамі. І сёння пра тую пазнаку нябёсаў ніхто і не здагадваецца.

Андрэй Арамнаў. Адзін з наймацнейшых асілкаў планеты


***

Спартовыя спецыялісты шырока загаварылі пра Андрэя Арамнава ў 2007 годзе: “Вось гэта асілак з’явіўся ў Беларусі!”. Тады атлет перамог на юніёрскім чэмпіянаце свету.

У тым жа годзе Арамнаў пайшоў выступаць “па мужыках” і трыумфальна перамог на першынстве планеты.

А на Алімпіядзе 2008 года ў Пекіне Андрэй выступіў сапраўды ашаламляльна: залаты медаль і два сусветныя рэкорды. Тады ў суме рыўка і штуршка наш атлет падняў 436 кілаграмаў.

Андрэя абвесцілі найлепшым цяжкаатлетам свету незалежна ад вагавай катэгорыі. Падлікі праводзіліся па так званай табліцы Сінклера (ва ўлік бярэцца вынік спартсмена і яго дакладная вага падчас спаборніцтваў).

Але і на гэтым наш штангіст спыняцца не збіраўся.

— Я хачу стаць наймацнейшым чалавекам планеты ў гісторыі незалежна ад вагавых катэгорый, — прызнаецца Андрэй. — Хачу зафіксаваць такія вынікі, якія яшчэ ніхто не падымаў. Мая мара — пабіць рэкорд у суперцяжкай вазе”.

Стоячы ў Пекіне на залатой прыступцы п’едэстала, Андрэй апынуўся ніжэйшым за канкурэнтаў, якія занялі другое і трэцяе месцы (ён значна саступаў ім у росце). Але спецыялісты разумелі, што заняць месца Арамнава на цяжкаатлетычным троне можна будзе толькі тады, калі ён перастане выступаць. На жаль, так і здарылася. Пасля пекінскай Алімпіяды ў атлета пачаліся непрыемнасці.

Андрэй Арамнаў. Адзін з наймацнейшых асілкаў планеты


***

Андрэя прызналі найлепшым спартоўцам Беларусі 2008-га года. І калі спартсмен вяртаўся дадому са святочных мерапрыемстваў, яго злавілі нецвярозым за рулём.

З гэтага моманту пачаліся праблемы і ў спорце — траўмы і канфлікты з кіраўніцтвам нацыянальнай зборнай.

Рыхтуючыся да Алімпіяды ў Лондане 2012-га года, Арамнаў праз траўму адмовіўся выступаць на чэмпіянаце Беларусі. Таму яго прымусілі ўзяць удзел у… спартакіядзе школьнікаў па цяжкай атлетыцы.

І тут выявіўся няўступлівы і максімалісцкі характар спартсмена: Арамнаў без ніякай на тое патрэбы пайшоў на чарговы рэкорд. Скончылася ўсё разрывам мышцы. Узнавіцца да Гульняў у Лондане наш асілак не паспеў.

І Беларусь страціла гарантаваны залаты медаль.

Чэмпіён лонданскай Алімпіяды Алег Тарохцій падняў аж на 24 кілаграмы менш, чым Андрэй Арамнаў у Пекіне. Выходзіць, што дагэтуль канкурэнты не могуць наблізіцца да вынікаў беларуса.

***

Сустракаючыся з Андрэем Арамнавым, я размаўляю па-беларуску. І мы цудоўна разумеем адно аднаго.

Часам у газетных інтэрв’ю Андрэй наўмысна ўстаўляе слоўцы, якія можа сказаць толькі беларус. Некаторыя з гэтага кпяць. Арамнаў жа ганарыцца і называе сябе “прадстаўніком працоўнага беларускага народа”.

Андрэй Арамнаў. Адзін з наймацнейшых асілкаў планеты


Апошнім часам на беларускіх спартовых форумах цяжкаатлета збольшага крытыкуюць, маўляў, Арамнаў — скандаліст, з завышанымі патрэбамі і дрэннай дысцыплінай.

Але, прыехаўшы да Арамнава ў госці і раз, і другі, і трэці, разумееш — свой чалавек.

Той, хто спісаў Арамнава з рахункаў, відаць, памыляецца. Сёння атлет зноўку пачынае набіраць колішнюю форму.

― Рэч у тым, што многія штангісты па завяршэнні кар’еры маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Я ж, так і напішыце, ― абсалютна здаровы чалавек, ― кажа атлет пра свой фізічны стан. ― Я цалкам аднавіўся ад траўмаў, набраўся жыццёвага досведу і збіраюся ў хуткім часе вярнуцца ў спорт. І дасягнуць сваіх мэтаў.

Легендарны беларускі цяжкаатлет мінуўшчыны Леанід Тараненка, якога гэтак жа, як і Арамнава, некалі лічылі скандалістам, верыць у будучыя поспехі Арамнава:

“Гэта ўнікальны атлет, з выбітнай тэхнікай. І калі сёння нехта з яго пасмейваецца — гэта глупства. Некаторыя трэнеры, якія мусяць займацца развіццём штангі, па разуменні гэтага віду спорта знаходзяцца на некалькі прыступак ніжэй за Арамнава”.

Спадзяемся, у нашага атлета атрымаецца паўстаць ізноў і ў чарговы раз скалануць спартовы памост сенсацыямі. Узрост яшчэ малады.


Фота Аляксанра Абуховіча і са старонкі Андрэя Арамнава ў сацыяльных сетках



Яўген ВАЛОШЫН

←Минский "Горизонт" уступил во втором матче группового этапа женского Еврокубка.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика