Іспанская пастка
БАТЭ пацярпеў першае паражэнне ў сёлетнім розыгрышы Лігі чэмпіёнаў.
Падобная навіна і сапраўды цяпер ўспрымаецца з асаблівым эмацыйным адценнем. Зусім нядаўна ў лігачэмпіёнскай скарбонцы гульцоў Віктара Ганчарэнкі былі толькі нічыі, але новы еўракубкавы сезон паказаў Еўропе новы БАТЭ. Каманду, якая можа не проста ўдала гуляць супраць лідараў, але і нахабна іх перамагаць. Мюнхенскія заўзятары яшчэ добра памятаюць мінскі шок, калі невядомыя беларусы тройчы за матч адпраўлялі ў накдаўн "зорак" "Баварыі". Аднак цяпер пра небяспечныя магчымасці БАТЭ ведае ўся футбольная Еўропа. І не дзіўна, што "Валенсія", адзін з грандаў найноўшага іспанскага футбола, падрыхтавалася да матча на "Дынама" сур'ёзна, адказна, без аніякай фанабэрыі. З беларусамі сапраўды ўжо лічацца, іх асцерагаюцца.
— Мы ведалі, што "Баварыя" саступіла БАТЭ з вялікім працэнтам валодання мячом. Тут галоўнае не проста трымаць мяч, галоўнае — не згубіць яго, — адказвае на пытанне карэспандэнта "Звязды" Раберта Сальдада, форвард "Валенсіі", якому было наканавана стаць хэдлайнерам футбольнага вечара.
Як і супраць "мюнхенцаў", з "Валенсіяй" на "Дынама" беларусы таксама гулялі няблага. Мелі цудоўныя магчымасці, каб вызначыцца, напружвалі бразільскага галкіпера "аранжавых", але фартуна гэтым асеннім вечарам, напэўна, адпачывала ў цёплай кавярні. Беларусам крыху не шанцавала, а вось каманда Маўрысіа Пелегрына сваім шчасцем скарысталася. "Валенсія" проста не даравала гаспадарам памылак. Іспанцы адказвалі вострымі атакамі, якія пастаянна неслі пагрозу беларускім варотам. Так, яны таксама часта памыляліся, не вызначаліся татальным кантролем мяча, як "Баварыя", але кампенсавалі ўсё цудоўнай рэалізацыяй. Своеасаблівым "кілерам" для БАТЭ і стаў гэты непаголены хлопец Сальдада. Між іншым на радзіме яго называюць проста — "партызан". Дзейнічаў ён дзёрзка, а галоўнае — плённа, забіў усе тры мячы ў вароты нашага флагмана.
— Нялёгкі матч, — працягвае Раберта. — Ключавым стаў першы гол, бо пасля яго БАТЭ адкрылася і ў нас з'явілася больш прасторы для дзеянняў. Мы вельмі добра правялі першыя хвіліны гульні і былі цалкам сфакусаваны на сваёй працы.
Яшчэ адна дэталь, якая кінулася ў вочы: БАТЭ пакуль цяжка даганяць саперніка. Ва ўсіх сустрэчах групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў барысаўчане забівалі першымі, пасля добра контратакавалі, а тут, як кажуць, іншы каленкор.
— На такім узроўні нам яшчэ цяжка гуляць першым нумарам, — кажа Аляксандр Валадзько, паўабаронца БАТЭ. — Магчыма, дзесьці можна было згуляць прасцей — выкарыстоўваць доўгія перадачы. "Валенсія" вельмі добра рэалізоўвала свае моманты, цудоўна пераходзіла ў контратаку. Гэта было нешта. Але ў першай палове яны нічога не стварылі сур'ёзнага. Перад перапынкам мы атрымалі гол у свае вароты, пасля спрабавалі выправіцца, прэсінгавалі. Вы бачылі, што з гэтага атрымалася...
Цікава, што не спужала іспанцаў і не вельмі ласкавае беларускае надвор'е. Давід Альбельда, які правёў больш за 50 матчаў за зборную Іспаніі, прызнаўся, што для падобных тэрмінаў клімат нармальны, праз месяц было б горш. А вось пазітыўнаму французу Алі Сісако, у плэеры якога пасля сустрэчы гучаў не менш пазітыўны рок-гурт "Рэд Хот Чылі Пеперс", спадабаўся стадыён і беларускія заўзятары, але дзейнічаць на дынамаўскім газоне яму было цяжка. Толькі падобнае ні ў якім разе не паўплывала на якасць гульні.
Шкада, але негатыўная традыцыя БАТЭ ў матчах з іспанскімі камандамі працягваецца. Беларусы саступілі пірэнейцам ужо ў сёмым матчы. Спадзяёмся, буйная асечка ў паядынку з "Валенсіяй" не стане пачаткам няўдачных падзей. "Паляванне працягваецца", — сцвярджае беларускамоўны банер заўзятараў БАТЭ. Галоўнае — не быць у гэтым паляванні ахвярай. Шанцы выйсці з групы барысаўчане па-ранейшаму маюць.
Тарас ШЧЫРЫ. Фота Надзеі Бужан.