Віктар ГАНЧАРЭНКА: "Я ўпэўнены ў сваёй камандзе"

Источник материала:  

Віктар ГАНЧАРЭНКА: "Я ўпэўнены ў сваёй камандзе"Вялікі футбол зноў грукоча ў дзверы. Гэтым разам на парозе 3 тур групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў, хатні матч барысаўскага БАТЭ і іспанскай "Валенсіі". Напярэдадні сустрэчы Віктар Ганчарэнка, галоўны трэнер нашага чэмпіёна, па традыцыі, адказаў на пытанні журналістаў.

Чарговы сапернік БАТЭ, безумоўна, не "Рэал" і не касмічная "Барселона", але пра моц "Валенсіі" сведчыць тое, што яна штогод стабільна знаходзіцца сярод лідараў іспанскага футбольнага першынства. "Аранжавыя" — шасціразовы чэмпіён Іспаніі. Гэты клуб двойчы перамагаў у розыгрышах Кубка УЕФА і двойчы — у фіналах Кубка Кубкаў. Апошні раз "Валенсія" звярнула на сябе ўвагу ў еўракубках на пачатку нулявых, калі два разы запар удзельнічала ў фінале Лігі чэмпіёнаў, але так і не здолела завалодаць ганаровым трафеем.

Санцьяга Канісарэс, Жуслен Англама, Джон Кар'ю, Гаіска Мендзьета, Кілі Гансалес, Пабла Аймар, Маўрысіа Пелегрыні — прозвішчы тых вядомых майстроў, якія кавалі незабыўныя перамогі для балельшчыкаў. Між іншым, каманду зараз трэніруе той самы аргенцінец Пелегрыні. І калі ў Лізе чэмпіёнаў "Валенсія" дзеліць у групе F другое месца з "Баварыяй", дык у чэмпіянаце Іспаніі каманда пакуль нават не ўваходзіць у пяцёрку лепшых.

— З гэтага сезона з "Валенсіяй" працуе новы трэнер, — кажа Віктар Ганчарэнка. — У яго ёсць уласнае бачанне. Напэўна, сёлетні стан каманды адрозніваецца ад леташняга, але ў нас даволі добры падбор футбалістаў. У асаблівым прадстаўленні каманда патрэбы не мае. У апошнія сезоны яна знаходзіцца на трэцім месцы пасля "Барселоны" і "Рэала".

Цікава, што ва ўсіх шасці сустрэчах з іспанскімі камандамі БАТЭ саступіў з агульным лікам 1:18. Вось такія адмоўныя паказчыкі. Аднак Віктар Міхайлавіч лічыць, што "любыя серыі заканчваюцца", а статыстыка і існуе для таго, каб яе "ламалі".

— Я ўпэўнены ў сваёй камандзе. Яна знаходзіцца ў добрым гульнявым тонусе, — падкрэсліў Ганчарэнка.

Барысаўчане апошнім часам сталі сапраўдным ньюсмейкерам у еўрапейскім футбольным асяродку. Спачатку БАТЭ перамог у гасцях французскі "Ліль", а пасля феерычна на мінскім "Дынама" перайграў нямецкую "Баварыю". Зараз БАТЭ ўзначальвае свой квартэт і мае шанцы выйсці ў далейшую стадыю Лігі чэмпіёнаў. Наконт апошніх вынікаў трэнер разважае даволі мудра: "Мы павінны забыцца на тое, што ёсць табліца. Неабходна зрабіць так, каб адхіліцца ад знешніх фактараў. Пастараемся зрабіць усё неабходнае для таго, каб перамагчы".

Матч сапраўды абяцае быць не проста цікавым, а вельмі напружаным. Добры вынік БАТЭ ў гэтай сустрэчы здолее пэўным чынам акрэсліць шлях каманды ў сёлетніх еўракубках. Спадзяёмся, сапернічаць з вядомай "Валенсіяй" наш чэмпіён будзе пры запоўненых трыбунах "Дынама". Для тых, хто яшчэ не ведае: пачатак матча — у 21:45. "Хварэем" разам за БАТЭ!

Тарас ШЧЫРЫ.

←Золотые девушки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика