Маладзечанец прывёз медаль з чэмпіянату свету
Сяргей Фінажонак стаў першым на Маладзечаншчыне прызёрам міжнароднага турніру па грэка-рымскай барацьбе сярод ветэранаў. Фота забяспечана Сяргеем ФІНАЖОНКАМ.
Ветэраны грэка-рымскай барацьбы з усяго свету сабраліся 17-24 кастрычніка ў Будапешце. Венгерская сталіца аб’яднала барцоў больш чым з 80 краін.\ Адзначыліся на іх і беларусы. Нашу краіну прадстаўлялі спартсмены з Барысава і Гродна, а таксама наш зямляк – маладзечанец Сяргей Фінажонак.Для яго спаборніцтвы такога ўзроўню – не першыя ў кар’еры. Ужо некалькі разоў Сяргей Фінажонак станавіўся прызёрам міжнародных турніраў. Да таго ж ён – шматразовы чэмпіён Беларусі. Але ў ветэранскіх спаборніцтвах удзельнічаў упершыню.
Першы ўдзел прынёс і першыя ўзнагароды. Маладзечанец стаў бронзавым прызёрам турніру. Тры схваткі з сапернікамі прынеслі дзве перамогі.
– Удзельнікам самай старэйшай узроставай групы было па 70 гадоў, – расказвае Сяргей Фінажонак. – Часам гэтым людзям і хадзіць ужо цяжка, але як выходзяць на барцоўскі дыван – і маладзеюць на некалькі дзясяткаў гадоў! Спорт вельмі дапамагае ў жыцці.
Нягледзячы на ветэранскі статус, турнір сабраў моцных і мужных людзей. Некаторыя з іх – чэмпіёны свету ды алімпійскія чэмпіёны. Захаваць форму пасля завяршэння спартыўнай кар’еры – нялёгкая справа. Як паказалі спаборніцтвы, шмат у каго гэта атрымліваецца.
Турнір выклікаў цікавасць і сярод мясцовага насельніцтва. Паглядзець на схваткі лепшых барцоў свету сабралася больш за восем тысяч чалавек.
– Насамрэч я ехаў па золата, але склалася крыху інакш, – прызнаецца сам спартсмен. – Таму па-спартыўнаму раззлаваўся на сябе. Барацьбой займаюся ўсё жыццё, і быў упэўнены ў сваіх сілах. Імкнуся зацікавіць спортам і свайго ўнука, якому ўжо сёмы год пайшоў. Я вельмі ўдзячны свайму трэнеру Аляксандру Маісяёнку. Трэніраваўся ў яго з 12 гадоў. Менавіта Аляксандр Канстанцінавіч заклаў аснову майго майстэрства і характару, дзякуючы якому я не баюся выходзіць на паядынак з любым сапернікам. Дапамагаў у выездзе і мясцовы аддзел фізкультуры і спорту. Без падтрымкі вельмі цяжка ўявіць сабе перамогу. У наступным годзе спаборніцтвы пройдуць у Сербіі. На іх абавязкова паеду па залаты медаль!
Аляксандра ПАРАХНЯ.