У жаночых намінацыях гаспадары лепшыя
На базе спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву (СДЮШАР) праведзенае адкрытае першынство Мінскай вобласці.
Разам з камандай гаспадароў выступалі мінская СДЮШАР-1 і баранавіцкая СДЮШАР. Усяго на спаборніцтвы прыехала каля трыццаці юных спартсменаў.
Правілы спаборніцтваў па акрабатыцы прадугледжваюць выступленне мужчынскіх “чацвёрак”, жаночых “троек”, а таксама пар: і мужчынскіх, і жаночых, і змешаных. На гэты раз было толькі чатыры намінацыі, без мужчынскіх пар. У жаночых намінацыях перамогу атрымалі віляйчанкі, з якімі займаецца трэнер Таццяна Літвіновіч.
У “тройках” пераможцамі сталі Насця Кібалка, Наташа Спадар і Маша Акулевіч. У парах – Ліза Васілевіч і Насця Гапуціна. Сярод “чацвёрак” лепшымі сталі хлопцы з Баранавічаў, а сярод змешаных пар – мінчане.
Дарэчы, звычайна ў спаборніцтвах па акрабатыцы не бывае ўзроставых катэгорый. Вось і зараз побач выступалі як юныя спартсмены 1996 года нараджэння, так і значна меншыя, да 2004 года нараджэння.
Так і павінна быць, бо пастаянна выконваюцца розныя паветраныя фігуры. Напрыклад, у парах старэйшы і больш дужы трымае на сваіх плячах малодшага, меншага па параметрах . У “чацвёрках” і “тройках” фігуры яшчэ больш складаныя, таму тут розніца ва ўзросце проста абавязковая.
Сяргей ГАЙКОВІЧ.