Алімпійскі чэмпіён з Ашмянаў

Источник материала:  

Турнір па гандболе на прызы Андрэя Барбашынскага прайшоў на пачатку верасня ў Гродне.

У жніўні споўнілася дваццаць гадоў з таго часу, як гандбольная зборная СНД стала пераможцай Алімпійскіх гульняў у Барселоне. Адным з лідараў яе складу быў наш зямляк Андрэй Барбашынскі, які нарадзіўся ў 1970 годзе ў Ашмянах.

У дзяцінстве Андрэй быў дамашнім хлопцам, налягаў на вучобу, таму доўга думаў, ці трэба скіроўваць увагу на спорт. Рашаючую ролю адыграла, відаць, фізічныя дадзеныя. У секцыю ашмянскай ДЮСШ да трэнера Віктара Рамулевіча ён прыйшоў, калі рост ужо перавысіў 190 сантыметраў.

Андрэй дзейнічаў на пазіцыі лінейнага: па цэнтры, перад самымі варотамі. У некаторых матчах на першынство Гродзенскай вобласці закідваў па 15 мячоў, палову ад усіх камандных. Як вынік – запрашэнне ў юнацкую зборную рэспублікі. А потым у бацькоўскі дом прыйшоў ліст са славутага мінскага СКА.

У тыя часы СКА называлі “камандай мары”. Такіх у Савецкім Саюзе больш не было: стартавая сямёрка – толькі заслужаныя майстры спорту. Пяцёра з іх, а таксама галоўны трэнер Спартак Мірановіч, – алімпійскія чэмпіёны 1988 года. Пакаленне, якое прыходзіла на змену, вельмі старалася не згубіць якасць беларускага гандбола. У выніку пасля Алімпіяды 1992 года ў нас з’явіліся тры новыя чэмпіёны.

У рэдкім матчы Андрэй Барбашынскі сыходзіў з пляцоўкі, не закінуўшы свае сем-восем мячоў. Плюс штрафныя, якія ён зарабляў для каманды. Аб такой кар’еры мог марыць кожны. У Барселоне ён прадэманстраваў выдатную гульню, але кантракт з якім-небудзь замежным клубам не падпісаў. Тут перашкодзілі праблемы асабістага плана.

Спартсмен пражыў багата насычанае падзеямі спартыўнае жыццё. Гуляў за СКА і за зборную Беларусі, спрабаваў замацавацца ў такіх моцных камандах, як іспанскі “Хувентуд”, венгерскі “Фотэкс”, нямецкі “Хамельн”. Апошнія пяць гадоў кар’еры Андрэя літаральна абагаўлялі балельшчыкі “Эмсдэтана” з другой нямецкай бундэслігі. Кіраўніцтва гэтага клуба нават прапанавала яму бестэрміновы кантракт. Мог бы гуляць гадоў да сарака, але перашкодзілі траўмы.

Цяпер алімпійскі чэмпіён адышоў ад спорту. Жыве ў Беларусі, займаецца бізнесам, кіруе двума невялікімі прадпрыемствамі па вытворчасці мэблі.

Галоўныя спартыўныя дасягненні:

– чэмпіён свету сярод юніёраў 1989 года,
– чэмпіён СССР 1989 года,
– чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1992 года,
– сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР 1990 года і чэмпіянату СНД 1992 года,
– заслужаны майстар спорту.

Падрыхтаваў
Сяргей ГАЙКОВІЧ.
Фота tutgrodno.com.

←КХЛ. «Амур» уступил «Магнитке», ЦСКА против СКА и другие матчи

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика