Упартасць і фарт
Менавіта гэта дапамагло мінскаму таксісту выйграць ладную суму ў букмекерскай канторы на перамогах БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў.
Нечуваныя перамогі БАТЭ сталі шчаслівым момантам не толькі для футбольных балельшчыкаў. Напрыклад, мінскі таксіст Арцём у букмекерскай канторы паставіў на 2 вікторыі нашых чэмпіёнаў па 5 мільёнаў беларускіх рублёў і не памыліўся. Удалы прагназіст сарваў куш у 69 мільёнаў рублёў — а гэта значыць атрымаў больш як 8 тысяч долараў ЗША.
— Футболам я не цікаўлюся і матчы не гляджу, — распавёў удачлівы Арцём, які не лічыць сябе аматарам таталізатараў, а робіць стаўкі ў букмекерскіх канторах толькі зрэдку. — Свой выйгрыш я тлумачу ўпартасцю і, так бы мовіць, звычайным шанцаваннем". Проста хацелася супрацьстаяць 10 сябрам, якія ставілі на "Ліль" і "Баварыю".
Зразумела, айчынны клуб у матчах з вядомымі сапернікамі не лічыўся фаварытам, а таму і вялікія стаўкі, каэфіцыент дазвалялі пры перамозе беларусаў атрымаць салідную суму.
Як кажа Арцём, афішаваць сваю перамогу ён у ніякім разе не збіраўся. Зноў на ўсё паўплывала выпадковасць.
— Пасля футбола я вёз чалавека і пацікавіўся, як згулялі. А калі даведаўся, што БАТЭ перамог, прызнаўся, што зрабіў вось такія стаўкі. Але я думаў, што каля мяне балельшчык, а не журналіст. У выніку пасажыр забыў у маёй машыне пальчаткі, а пасля даведаўся, які ў мяне нумар. Ці звярталіся да мяне з парадамі сваякі, як патраціць грошы? Не, пра гэта наогул яны пакуль не ведаюць. Але пакуль я і сам не ведаю.
Тарас ШЧЫРЫ