Тры раёны, пяць школ, сем відаў спорту
Выхаванец ашмянскай спартыўнай школы Андрэй Барбашынскі стаў алімпійскім чэмпіёнам па гандболе ва ўзросце 22 гадоў.
У Астравецкім, Ашмянскім і Смаргонскім раёнах Гродзенскай вобласці функцыянуюць пяць дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ (ДЮСШ). У гэтых навучальных установах развіваецца сем відаў спорту. Сярод іх ёсць камандныя віды: футбол, баскетбол і гандбол. Лёгкая атлетыка – адзіны від, якім можна займацца ў кожным з раёнаў.
Найбольш аўтарытэтная з гэтых школ, вядома, смаргонская СДЮШАР. Хаця б па той простай прычыне, што ў сваёй назве мае словы “алімпійскі рэзерв”. І недарма, бо сярод яе выхаванцаў некалькі ўдзельнікаў Алімпійскіх гульняў, напрыклад, баскетбалістка Юлія Рыцікава (Дурэйка). Яшчэ СДЮШАР адметная тым, што тут развіваецца адразу тры віды спорту. Акрамя баскетбола – барацьба дзюдо і цяжкая атлетыка.
У мінулым навучальным годзе тут займалася больш за паўтысячы (557) дзяцей і падлеткаў. Па выніках агляду-конкурсу лепшым трэнерам быў прызнаны дырэктар установы, баскетбольны спецыяліст Валеры Юрчанка. Наступным стаў таксама вядомы спецыяліст, прадстаўнік барацьбы Аляксандр Вахавяк.
У Смаргоні функцыянуюць яшчэ дзве спартыўныя школы. Адна з іх развівае выключна футбол. Другая, якая адносіцца да структуры прафсаюзаў, – развівае выключна лёгкую атлетыку.
У ашмянскай ДЮСШ перавага аддаецца гандболу і лёгкай атлетыцы. Па вясне тут было 432 дзіцяці. Працуе ў школе заслужаны трэнер Беларусі Віктар Рамулевіч. Ён атрымаў ганаровае званне за падрыхтоўку алімпійскага чэмпіёна 1992 года ў складзе аб’яднанай зборнай СНД Андрэя Барбашынскага.
Астравецкая ДЮСШ, акрамя лёгкай атлетыкі, развівае яшчэ бокс. У спецыялізаванай секцыі займаюцца 388 вучняў. Выхаванцы трэнера па боксе Аляксея Маргужа за апошні час станавіліся пераможцамі спаборніцтваў рэспубліканскага ўзроўню амаль ва ўсіх узроставых групах.
Сяргей ГАЙКОВІЧ.
Фота MST.BY.