БАТЭ адыграўся За зборную...
Футбол. Ліга чэмпіёнаў
Надзвычай удалым для сябе і шакіруючым для саперніка атрымаўся старт беларускага чэмпіёна ў трэцім для яго групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў УЕФА — у гасцях БАТЭ з лікам 3:1 упэўнена перайграў даволі моцны французскі клуб "Ліль", які, дарэчы, з'яўляецца бронзавым прызёрам чэмпіянату Францыі.Гэтая перамога БАТЭ стала першай у гісторыі выступленняў клуба ў Лізе чэмпіёнаў, дагэтуль барысаўчане за 12 матчаў 5 разоў згулялі ўнічыю і пацярпелі 7 паражэнняў. Першы гол, як вядро студзёнай вады, французы атрымалі ад Аляксандра Валадзько ўжо на 6-й хвіліне матча, далей вызначаліся на 20-й і 43-й хвілінах Віталь Радзівонаў і Эдгар Аляхновіч. 3:0 пасля першага тайма пры вельмі і вельмі неблагой гульні нашай каманды — такога выніку не чакаў ніхто, асабліва сапернік. У другім тайме гаспадары апамяталіся і прыціснулі барысаўчан да сваіх варот, раз-пораз ствараючы небяспечныя моманты, але, на шчасце, рэалізавалі толькі адзін са шматлікіх. У тым, што беларусы прапусцілі толькі аднойчы, вельмі вялікая заслуга варатара БАТЭ Андрэя Гарбунова. Вынік гэтага матча ўжо вельмі многія СМІ назвалі самай гучнай сенсацыяй першага тура Лігі. У другім матчы нашай групы F мюнхенская "Баварыя" перамагла "Валенсію" — 2:1. Менавіта нямецкая каманда будзе экзаменаваць БАТЭ 2 кастрычніка на мінскім стадыёне "Дынама", і гэта будзе сустрэча лідараў групы. Гучыць даволі нечакана, але вельмі прыемна.
Вынікі астатніх матчаў. Група А: ПСЖ — "Дынама" (Кіеў) — 4:1, "Дынама" (Заграб) — "Порту" — 0:2; група В: "Манпелье" — "Арсенал" — 1:2, "Алімпіякас" — "Шальке 04" — 1:2; група С: "Малага" — "Зеніт" — 3:0, "Мілан" — "Андэрлехт" — 0:0; група D: "Рэал" — "Манчэстэр Сіці" — 3:2, "Барусія" — "Аякс" — 1:0; група Е: "Шахцёр" — "Наршаланд" — 2:0, "Чэлсі" — "Ювентус" — 2:2; група G: "Барселона" — "Спартак" — 3:2, "Селтык" — "Бенфіка" — 0:0; група Н: "Манчэстэр Юнайтэд" — "Галатасарай" — 1:0, "Брага" — ЧФР — 0:2.
Іван Купарвас.