Пакуль без нічыіх і перамог
Зборная Беларусі па футболе прайграла другі матч у адборачным турніры чэмпіянату свету. Гэтым разам у Сэн-Дэні, прыгарадзе Парыжа, нашу абарону актыўна пакалашмацілі французы.
Пазамінулым вераснем на гэтым стадыёне ўсё для нашай зборнай склалася іначай. Беларусы таксама абараняліся ўвесь матч, але тады адказалі гаспадарам трапным і пераможным ударам Сяргея Кісляка, што вокамгненна зрабіла яго футбольным героем краіны. Дагэтуль Беларусь яшчэ ніколі не перамагала чэмпіёнаў свету! У аўторак айчынная гармата страляла няблага, але зрэдку. Лепш гэта рабілі хлопцы Дыд'е Дэшама. І калі ў першай палове, дзякуючы неймаверным высілкам галкіпера-капітана Сяргея Верамко, наша зборная трымалася, дык у другой палове прапусціла ўсе 3 галы ад французаў. Беларусы таксама адзначыліся ўзяццем варот (гол на рахунку Антона Пуцілы), аднак дагнаць апанента падапечныя Георгія Кандрацьева не здолелі.
— У пачатку другой паловы у нас было дзве магчымасці, але мы іх, на жаль, не рэалізавалі і атрымалі за гэта гол у свае вароты, — кажа Георгій Кандрацьеў. — Мае футбалісты былі сканцэнтраваныя, да канца аддаліся барацьбе, аднак індывідуальныя якасці французаў адыгралі сваю ролю. Для нас гэта быў вельмі цяжкі матч.
Свой наступны паядынак наша зборная правядзе ў Мінску 12 кастрычніка. Сапернік — зборная Іспаніі.
Тарас ШЧЫРЫ.