Спаборніцтвы на спрыт і вынослівасць
Этап рэспубліканскіх спаборніцтваў і Кубак Балтыі па трыятлоне на Браслаўшчыне праходзілi ўпершыню. Такая падзея стала сапраўды значнай для раёна, бо сабрала не толькі юніёраў з усіх куточкаў Беларусі, Латвіі і Літвы, але і вядомых атлетаў і шматлікіх аматараў гэтага віду спорту.
Самаму малодшаму ўдзельніку спаборніцтваў яшчэ не споўнілася і 12 гадоў, а самаму старэйшаму ў лістападзе будзе 75. Дарэчы, Яна Прыса з Віцебска добра ведаюць усе прыхільнікі трыятлона і клічуць яго не інакш як супер-ветэранам. Па ўласным прызнанні, са спортам ён сябруе ўсё жыццё. Праўда, раней усур’ёз займаўся марскім шматбор’ем, а трыятлонам захапіўся па прапанове свайго сябра ўжо пазней. Ён удзельнічае ў спаборніцтвах розных узроўняў. І хоць, жартуе, па хуткасці і спрыце ўступае маладым, аднак спорт яго дысцыплінуе, дае зарад бадзёрасці, магчымасць падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме і падаўжаць маладосць. Праўда, каб дастойна сапернічаць з моладдзю, Ян тры разы на тыдзень наведвае басейн, кожны дзень прабягае і праходзіць пэўную дыстанцыю. Крыху адпачываць сабе дазваляе толькі ў нядзелю. Менавіта ў гэтым, лічыць, сакрэт яго даўгалецця і добрага здароўя.
На ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў завіталі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і яго намеснік Іна Лысенка. Шматаў пажадаў атлетам, каб перамог мацнейшы, і выказаў спадзяванне, што кожны, хто прыехаў паўдзельнічаць у трыятлоне на Браслаўшчыне, павязе з сабой адсюль толькі прыемныя ўражанні і прыўзняты настрой.
Вітаючы ўдзельнікаў, намеснік старшыні беларускай федэрацыі па трыятлоне Дзмітрый Талкачоў падкрэсліў, што правядзенне такога кшталту спаборніц-тваў на Браслаўшчыне стала магчымым, дзякуючы энтузіязму і ініцыятыве сямей браслаўчан Шакель і Пупіных, а таксама падтрымцы мясцовай улады, прадпрымальнікаў.
Шчыра кажучы, самі спаборніцтвы прыемна ўразілі. Яны былі не толькі захапляючымі, але і відовішчнымі. Хлопчыкі і дзяўчынкі, многія ў гідракасцюмах, бо вада ў возеры Дрывяты была ўсяго плюс 18 градусаў, а многія і без іх, з дрыжыкамі пагружаліся ў яе. Аднак перамагала прага да перамогі (прабачце за таўталогію). Пасля плавання — велагонка, а затым — бег па пясчанай дарожцы пляжа. Вядома ж, для кожнай узроставай групы ўдзельнікаў спаборніцтваў былі абазначаны пэўныя дыстанцыі, аднак пераадолець іх без хвіліны на перапынак было справай нялёгкай. І з гэтай задачай паспяхова справіліся як юніёры, так, безумоўна, і вопытныя спартсмены, і аматары трыятлона.
Як і ў кожных спаборніцтвах, вызначыліся свае лідэры. Хацелася б яшчэ дадаць, што з ліку дарослых браслаўчан у трыятлоне ўдзельнічаў толькі Глеб Шакель. Праўда, арганізатары выказалі спадзяванне, што ў наступны раз такіх будзе значна больш.
Фота: Зінаіда ПАЛУЛЕХ