Вілейскія школьнікі пакарылі Гаверлу
На пачатку жніўня самая высокая гара ўкраінскіх Карпатаў сустрэла гасцей з Вілейкі. Гасцямі сталі вучні 1-й і 5-й школаў, 1-й і 2-й гімназій. Напрацягу 12 дзён яны падарожнічалі па Заходняй Украіне.
- Усё было, як у казцы, словамі не апісаць, – падзяліўся ўражаннямі кіраўнік турыстычнага клубу “Чарапашкі” вілейскага цэнтра дадатковай адукацыі Міхаіл Петух. – Кожная раніца ў нас пачыналася з прабежкі. Пакуль не пачынаўся дождж. А навальніца была амаль кожны дзень. Навальнічныя хмары ў гарах ружовага колеру, і калі мы заўважалі іх – пачыналі хавацца. Перажылі ў Карпатах і дажджы, і град, і спёку. З-за надвор’я на Гаверлу падняліся толькі ўвечары, у палове восьмага. Дзеці ў гэтым годзе сабраліся цудоўныя – не сядзелі на месцы, пастаянна рваліся наперад і фактычна не прасілі прыпыніцца. Дзякуючы таму, што ў гэтым годзе мясцовы аддзел адукацыі прафінансаваў паездку, атрымалася правесці вандроўку на высокім узроўні.
У бліжэйшых планах клуба – арганізацыя пешых вандровак. Вядома, пачатак навучальнага году ўносіць у іх свае карэктывы: цяпер падарожнічаць навучэнцы будуць па родных ваколіцах. Так, удзельнікі клубу чакаюць зімы, каб… пераначаваць у намётах у заснежаным лесе.
Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота забяспечана Міхаілам ПЕТУХАМ.