Футбол. Былыя гульцы маладзечанскай “Забудовы” выводзяць “Іслач” Мінскага раёна у фінал міжнароднага Кубка рэгіёнаў

Источник материала:  

Каманда “Іслач” Мінскага раёна 14 жніўня выйшла ў фінал Кубка рэгіёнаў УЕФА. У вырашальным матчы папярэдняга раўнда на маладзенчанскім стадыёне мінчане перамаглі 1:0 славакаў.

Гол на 86 хвіліне забіў Юры Пустаход, які раней гуляў за маладзечанскую “Забудову”.

Нападаючы Аляксандр Працкевіч, паўабаронца Юры Пустаход і абаронца Радзівон Брадніцкі выступалі за маладзечанскую “Забудову”. Цяпер абараняюць колеры “Іслачы” Мінскага раёна.

Хлопцы перайшлі ў мінскую каманду па фінансавых прычынах. У “Іслачы” плацяць грошы. У “Забудове” затрымкі з выплатамі зарплаты.

Юры Пустаход замяніў Аляксандра Працкевіча на 77 хвіліне гульні і на 86 хвіліне пасля падачы вуглавога ўдару забіў пераможны гол.

Беларусам дастаткова было згуляць унічыю. У папярэднім раўндзе за выхад у фінал гулялі “Іслач”, французскі “Парыж Іль Дэ Франс”, баснійскі “Савез Тізланског” і славацкая “Цэнтральная Славакія”.

Беларусы праводзілі свае гульні на цэнтральным стадыёне ў Маладзечне. У першым матчы нашы выйгралі ў французаў з лікам 2:0. Абодва галы на рахунку Аляксандра Працкевіча з Радашкавічаў.

Другая сустрэча з баснійцамі скончылася з лікам 2:1 на нашу карысць. У гэтай сустрэчы з-за траўмы не гуляў Працкевіч. Брадніцкі правёў увесь матч.

У спрэчцы са Славакіяй “Іслачы” дастаткова было згуляць унічыю…   

Аляксандр Працкевіч у інтэрв’ю “РГ” расказаў: “Іслач” зрабіла акцэнт на абарону. Але контратакавала. Першы тайм скончыўся з нулямі на табло. Хоць моманты забіць былі ў абедзвюх камандаў.

Юры Пустаход забіў у “дзявятку” з далёкай адлегласці, калі мяч адляцеў да яго пасля падачы вуглавога.

Галоўны трэнер “Іслачы” Віталь Жукоўскі сказаў, што яго каманда хацела перамагчы і выканала сваю задачу.

Дзевяць ачкоў з дзевяці магчымых набрала “Іслач” у трох гульнях і выйшла ў фінал Кубка рэгіёнаў УЕФА.

Парыжане з баснійцамі згулялі ўнічыю 2:2. Беларусы першыя. У “Пары Іль Дэ Франса” другое месца, славакі – трэція, баснійцы – чацвертыя.

Упершыню беларусы будуць аспрэчваць галоўны трафей Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый сярод аматарскіх камандаў.

Аляксандр Працкевіч з Радашкавічаў, Радзівон Брадніцкі з Маладзечна і Юры Пустаход з Мінскага раёна, які выступаў за чысцінскую “Забудову-2007” і маладзечанскую “Забудову”, дапамаглі ў гэтым мінчанам.

Фінал Кубка пройдзе летам 2013 года.

Беларусы ў фінале згуляюць з пераможцамі яшчэ сямі груп Еўропы. Усяго фінал разыграюць восем камандаў – па адной з васьмі квартэтаў.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Даведка “РГ”. Кубак рэгіёнаў УЕФА. Аматарскі футбольны кубкавы турнір, першы па значнасці ў еўрапейскім аматарскім футболе. Праводзіўся раз у два гады ад 1966 да 1978 года, пакуль яго не адмянілі з-за нізкага інтарэсу балельшчыкаў і футбольных асацыяцый. У 1998 годзе УЕФА адрадзіла турнір, значна змяніўшы яго фармат. Кожная краіна Еўропы можа заявіць на Кубак рэгіёнаў УЕФА толькі адну каманду. Найчасцей турнір выйгравалі аматарскія клубы Італіі і Іспаніі – па два разы за ўвесь час правядзення розыгрышу.

 

 

←Роман Петрушенко: «Нам запрещают заниматься сексом перед соревнованиями»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика