Браты-2
Фота Сяргея НЕВЯРКЕВІЧА.Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Лондана
Учарашні дзень на алімпійскіх гульнях у Лондане быў звязаны з надзеямі на медаль у мястэчку Ітон Доуні, што ў прыгарадзе Лондана. Тут спробу ўзняцца на п'едэстал рабілі алімпійскія чэмпіёны Пекіна на дыстанцыі 1000 метраў браты Аляксандр і Андрэй Багдановічы. На радасць усім прысутным беларускім журналістам, вада для нашага дуэта аказалася "лёгкай", хоць і халаднейшай, чым у Пекіне, і на фінішы хлопцы аказаліся другімі. Паколькі заезд з удзелам беларусаў у спісе усіх фіналаў стаяў наперадзе, то ўся працэдура ўзнагароджвання і фотасесіі завяршылася даволі хутка, пасля чаго сярэбраныя прызёры трапілі ў цесныя журналісцкія абдымкі. Да зорных братоў пытанняў — хоць адбаўляй.
— Як ацэніце ход гонкі? Было відаць, што на старце вы "засядзеліся". А потым давялося наганяць страчаныя секунды.
Андрэй: Ваш погляд збоку, таму вам так здалося. На самой справе мы раўнамерна ішлі па дыстанцыі, стараліся раскласці яе па частках, каб не было ніякіх западзенняў ці правалаў. Мы выступілі настолькі, наколькі былі гатовы. У паўфінале трымалі тэмп на 60 грабкоў у хвіліну, а тут трэнер гаворыць: у фінале пераходзім на 57.
Аляксандр: Карэкціроўка тэмпу робіцца трэнерам з улікам нашай гатоўнасці да гонкі. Каб раўнамерна прайсці ад старту да фінішу. Таму і пэўны час трымаліся ў цені. Напрыканцы прыбаўлялі як маглі. Аднак, як паказала гонка, — вышэй галавы нам скокнуць было цяжка. Золата засталося за немцамі.
— За сапернікамі ўдалося глядзець, каб кантраляваць сітуацыю?
Андрэй: Я нікога не бачыў, бо мог глядзець толькі направа, а там была пустая вада — сапернікі на крайняй дарожцы адсталі.
Аляксандр: Калі знаходзішся ў лодцы, а перад табой стаіць задача выступіць у поўную сілу і дабіцца годнага выніку, то глядзець у бок сапернікаў не прыходзіцца. Цалкам аддаешся гонцы.
— Каго з фіналістаў болей за ўсіх асцерагаліся?
Андрэй: Мы былі ўпэўнены, што адным з прэтэндэнтаў на золата стане нямецкі экіпаж. Хоць непрыемнасцяў можна было чакаць і ад іншых — азербайджанцаў, румынаў, расіян.
Аляксандр: Лічыце, усе дастойныя сапернікі былі. Таму давялося выкладвацца па максімуме. Хочацца яшчэ раз паўтарыцца: мы зрабілі на дыстанцыі ўсё, што змаглі. Але ж нам не хапіла лёгкасці, камфорту на дыстанцыі. Магчыма, залішне хваляваліся. Думаю, што немцы таксама не адразу выйшлі ў лідары. Мне здаецца, што яны былі больш лёгкімі на вадзе.
— Вяслярны канал аказаўся прывычным, ці нешта ў ім асаблівае ёсць?
Андрэй: Ён нагадвае наш брэсцкі канал, вельмі зручны, на ім прыемна было працаваць.
Аляксандр: Нам вельмі пашанцавала з надвор'ем. Ні ветру, ні дажджу. Мы колькі часу тут былі, то ўвесь час дзьмуў вецер. Часам ён не даваў нам трэніравацца. Таму выбіралі дарожкі на фінал, каб вецер быў не такі адчувальны. З-за гэтага ў паўфінале давялося ўступіць першую пазіцыю расійскаму эпіпажу. Але ж сёння было надзвычай ціха. Такі штыль дазволіў паказаць мацнейшага, бо ўсе былі ў аднолькавых умовах.
— Прызнайцеся, сярэбраныя медалі лонданскага ўзору больш прымушаюць радавацца ці нагадваюць пра нерэалізаваныя магчымасці?
Андрэй: Алімпійская ўзнагарода любой вартасці — гэта вялікае дасягненне. А з улікам таго, што канкурэнцыя на дыстанцыі надзвычай высокая, то, безумоўна, серабро — гэта радасць. На гэты дзень мы былі гатовы, каб стаць сярэбранымі прызёрамі.
Аляксандр: Мы паказалі вельмі добры вынік. Але ж хто не марыць стаць двухразовым алімпійскім чэмпіёнам? Таму невялікі асадак ад таго, што не змаглі дабрацца да золата, застаўся. Прынамсі, як той казаў, марыць не шкодна, трэба рэальна ацэньваць свае магчымасці. На фінішы нам не хапіла хуткаснай вынослівасці і сіл, каб наш спурт аказаўся больш імклівым.
— Журналісты многіх краін не перастаюць сваіх беларускіх калег пытаць, у чым сіла братоў-Багдановічаў?
Андрэй: У пастаянных трэніроўках, самааддачы, пастаянным пачуцці лідарства. Гэта дапамагае нам быць заўсёды ў форме, выйграваць чэмпіянаты свету і іншыя топ-турніры.
Аляксандр: А яшчэ ў нашым характары, у тым, што бацькі заклалі, ад прыроды.
— Мяркуючы па тым, як вы пасля фінішу цесна браталіся з нямецкім экіпажам, сіл у вас яшчэ хопіць, каб канкурыраваць з дзейнымі алімпійскімі чэмпіёнамі?
Андрэй: Мы на гэта таксама вельмі спадзяёмся. Што тычыцца цеснага кантакту з германскім дуэтам, то тут усё тлумачыцца проста. Мы ж жывыя людзі, і канкурэнты толькі на старце. А пасля фінішу мы можам павіншаваць адзін аднаго, падбадзёрыць.
Аляксандр: Гэта, можна сказаць, няпісанае правіла для спартсменаў. Тым больш, цяперашніх пераможцаў Петэра Крэтшмера і Курта Кучэлу мы добра ведаем па апошніх стартах на чэмпіянаце Еўропе ў Заграбе. Гэта ж жыццё: сёння яны выйгралі, заўтра на вышэйшай ступені п'едэстала мы будзем.
— Значыць, беларускім аматарам веславання на каноэ можна разлічваць, што браты Багдановічы застаюцца на вадзе і будуць рыхтавацца да наступных гульняў-2016 у Рыа-дэ-Жанейра?
Андрэй: Мы яшчэ так далёка не заглядвалі наперад, каб гаварыць пра нейкія грандыёзныя планы на чатыры гады наперад.
Аляксандр: Скажам па-іншаму: пакуль "завязваць" з веславаннем на каноэ мы не збіраемся. Збіраемся выступаць столькі часу, пакуль зможам годна прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на прэстыжных міжнародных стартах.
— Каму будзе прызначана прэмія Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў 75 мільёнаў рублёў?
Андрэй: Бабруйскаму вучылішчу алімпійскага рэзерву.
Аляксандр: Дзе мы выраслі і адкуль атрымалі пуцёўку ў вялікае спартыўнае плаванне.
— Кіраўніцтва горада і раёна давала наказ ці называла стымул за паспяховае выступленне ў Лондане?
Андрэй: Пра розныя стымулы і прэміяльныя мы не думалі. Бо ў такім выпадку наогул нічога не даб'ешся.
Аляксандр: Мы выступаем не столькі за сябе, колькі за нашу краіну, за яе інтарэсы. Як патрыёты, мы за яе перажываем і хочам годна прадстаўляць яе на міжнароднай арэне.
Уладзімір ЗДАНОВІЧ.