Максім Мірны, Вікторыя Азаранка: "МІКСТура" для брытанцаў
Поспеху беларускай зорнай тэніснай пары Максім Мірны — Вікторыя Азаранка на Алімпійскіх гульнях у Лондане пазайздросцілі ўсе журналісты, якія ў гэты вечар знаходзіліся на цэнтральным корце Уімблдона і ў прэс-цэнтры. Яшчэ б: суперфінал аказаўся па накале мацнейшым, чым у мужчын. Прагная публіка 20-тысячнай арэны чакала другога "золата" ад свайго любімца Эндзі Мюрэя і малавядомай Лауры Робсан. Аднак пераможныя фанфары брытанскай пары пачуць не было наканавана. Беларускі дуэт бліскуча справіўся з задачай па заваяванні "золата", чым выклікаў шок ва ўсіх прадстаўнікоў мас-медыя, якія не пераставалі здзіўляцца: калі ж гэта Максім і Віка навучаліся так класна гуляць у пары?
Сапраўды, гэтае пытанне цікавіла многіх. Адказ на яго таксама не быў сакрэтам. Першы дагэтуль і апошні вялікі поспех сумеснымі намаганнямі беларускія тэнісісты здабылі ўжо ў далёкім 2007 годзе на турніры US OPEN, перайграўшы ў фінале амерыкана-індыйскі дуэт. І вось новае прышэсце на тэнісны алімп праз 5 гадоў. Наваспечаныя героі Алімпіяды з'явіліся ў прэс-цэнтр Уімблдона ў добрым настроі.
— Віншуем вас з перамогай. Але ўсё ж вы прымусілі ўсіх беларускіх балельшчыкаў пахвалявацца. Чым можна патлумачыць няўпэўненую гульню ў першым сэце? Пройгрыш з лікам 2:6 мог даць дадатковыя сілы сапернікам?
Максім Мірны. Чым складаны мікст? Тым, што гульцы добра ведаюць адзін аднаго. Я, напрыклад, у курсе, хто такі Эндзі Мюрэй, бо неаднаразова сустракаўся з ім на кортах, гуляў нават у пары. Але быў здзіўлены, калі ўбачыў яго напарніцу Лауру Робсан. На экране гэта была мініяцюрная дзяўчына ў параўнанні з Вікай, якая мне здаецца вялікай спартыўнай дзяўчынай. Аказалася, што брытанка была ў іншай вагавой катэгорыі, у яе доўгія рукі і ногі. Мне падумалася, што, можа, гэта цэнтральны корт скажае бы крывое люстэрка. Таму на першых хвілінах сустрэчы я адчуваў нейкі дыскамфорт. Падчас гульні я сказаў Віцы, што трэба абавязкова прыбавіць тэмпу, павысіць хуткасць.
Я ведаў, што можна чакаць ад шатландца і быў гатовы даць адпор. Але Эндзі быў на куражы пасля выдатнай перамогі ў адзіночным разрадзе над швейцарцам Ражэ Федэрэрам. І вось пакуль мы прыстасоўваліся да манеры гульні брытанцаў, заканчваўся першы сэт.
Вікторыя Азаранка: На самой справе я не чакала, што ўсё так хутка закончыцца, але ж вельмі добра ішлі справы ў нашых сапернікаў у першым сэце. Спатрэбіўся час, каб разабрацца ў сітуацыі. Тым больш, я ніколі дагэтуль не гуляла ні супраць Лауры Робсан, ні супраць Эндзі. Таму напачатку і ўзніклі складанасці. Але потым мы з Максімам набылі ўпэўненасць у сваіх дзеяннях і стараліся больш не аддаваць ініцыятывы.
Максім Мірны: Заваяваўшы алімпійскае "золата", Мюрэй быў на пад'ёме. Ён вырашыў павесці за сабой маладую і менш вопытную Робсан. Відавочна таму ён не "змазаў" у першым сэце ніводнага прыёму мяча. Таму нам вельмі важна было выйграць адзін гейм. А то ж ведаеце, як у тэнісе здараецца: ты прайграеш свае падачы (лічы, козыры), пасля чаго наступае нейкі ступар. І потым на працягу некалькіх геймаў ты знаходзішся бы ў накаўце. Нам спатрэбіўся цэлы сэт на адаптацыю, і мы зразумелі, што трэба рабіць, каб пераламаць ход паядынку. Прычым прыйшлося рабіць усё без раскачкі... Калі ў другой партыі нам удалося ўзяць чужыя падачы і мы змаглі звязаць важныя 3-4 ачкі, то адразу гульня змянілася і сітуацыя была ўзята пад кантроль. Сэт быў за намі — 4:3.
Вікторыя Азаранка: Мне здаецца, што мы з Максімам з гонарам выйшлі з такой складанай сітуацыі яшчэ дзякуючы таму, што дагэтуль на Алімпіядзе згулялі некалькі матчаў і добра адаптаваліся да кожнай пары, з якой гулялі раней. Можа, у нас і не было аднаго плана камбінацый, але мы стараліся прымаць неабходныя меры ў аператыўным рэжыме падчас сустрэчы.
Максім Мірны: Мне пашанцавала, што Віка цяпер гуляе вельмі добра і ўсе яе баяцца. Сваю задачу выканаць было проста, таму што ўсе ўдары, якія ішлі ў яе бок, яна брала і гульня працягвалася. Гэта не самым лепшым чынам уздзейнічала на нявопытную 18-гадовую брытанку, ад чаго яна вымушана была рабіць памылкі, што нам было выгадна.
— Максім, наколькі складана было зарабіць апошняе дзясятае ачко?
— Сказаць, што складана, — значыць не сказаць нічога. Я ж не робат, а чалавек са сваімі перажываннямі, эмоцыямі, псіхалогіяй. Пры ліку 9:6 нам неабходна з дзвюх чужых падач узяць хаця б адну, каб святкаваць перамогу. Думаў, злавіць саперніка на прыёме, згуляць на хуткасці і дакладнасці. Аднак на тым баку сеткі таксама былі не навічкі. Але ж адыграцца на тай-брэйку пры такім ліку надзвычай складана. Таму падсвядома я быў упэўнены, што сапернік будзе пераможаны. На шчасце, мае думкі аказаліся прарочымі.
— Вікторыя, а ты паспела аднавіць сілы пасля трох запар праведзеных матчаў днём раней: "бронзавага" ў адзіночным разрадзе і двух парных з Максімам? Магчыма, твая стомленасць напачатку ўплывала на ход фінальнай сустрэчы?
— Думаю, што аднавілася я настолькі, наколькі гэта было магчыма. Сядзела ў халоднай ваннай — такі вельмі дзейсны метад для падтрымання арганізма ў тонусе добра знаёмы спартсменам, ад чаго па целе пабеглі дрыжыкі. Было балюча і непрыемна. Потым добра павячэрала і лягла спаць. Як звычайна, слухала музыку. Напярэдадні скачала пару новых мелодый — не памятаю якіх — і поўны спакой.
— Ты можаш успомніць, калі ў тваёй кар'еры былі адразу тры гульні ў адзін дзень?
— Хіба што ўзгадаць падзеі даўно мінулых дзён. Увогуле, гэта вельмі цяжка псіхалагічна адпрацаваць бы на канвееры. Успамінаюцца адразу юнацкія турніры, калі ў адзін дзень прыходзілася гуляць па 5 матчаў ў дзень. У такі час эмоцыі перапаўняюць, а стомленасць захлёствае.
— Наколькі ўскладняўся шлях да перамогі, калі вакол шумелі брытанскія балельшчыкі. Выкрыкі, дзіцячы плач... Пры такім грузе адказнасці можна не справіцца са сваімі нервамі.
Максім Мірны: Калі гуляеш на цэнтральным корце Уімблдона ў Англіі пры перапоўненых трыбунах ды яшчэ адразу супраць двух сапернікаў, то чакаць можна што заўгодна. Мы выйшлі на матч, гатовыя да ўсяго. Віка адзначыла яшчэ: было б дзіўна, сказала яна, калі б усе трыбуны былі запоўнены беларускімі балельшчыкамі.
Вікторыя Азаранка: Нават пры самых вялікіх пажаданнях з нашага боку гэтага не здарылася, бо ў нас не было столькі білетаў. Але ж тыя нешматлікія беларусы, якія ў гэты вечар нас падтрымлівалі з трыбун, надавалі нам сіл і ўпэўненасці. А тое, што шумелі брытанскія "фаны", дык на здароўе. Мы навучыліся так гуляць у тэніс, каб усе гэтыя шумы блакіраваць у свядомасці і проста не чуць нічога лішняга.
— Пасля фінальнага акорда вы не ўстрымаліся ад радасці і пабеглі на трыбуны, дзе сядзелі родныя і блізкія. Такая публічнасць — гэта даніна модзе ці чыстае капіраванне эмоцый Эндзі Мюрэя, які паўтары гадзінамі раней ужо якасці алімпійскага чэмпіёна зрабіў такі рэферанс сваім блізкім?
Вікторыя Азаранка: Я пабегла на трыбуну, каб парадавацца разам з мамай. Але там, дзе яна павінна была знаходзіцца, яе не аказалася: матуля глядзела тэніс па тэлевізары. А я шукала яе сярод маіх трэнераў і не знайшла.
Максім Мірны: Безумоўна, у нас быў кураж, мы павінны былі паказаць нашу радасць. Так робяць многія тэнісісты, калі выйграюць на топ-турнірах, каб падзяліць момант шчасця з самымі блізкімі людзьмі. Але ж на гэты раз я вырашыў падтрымаць Віку. Думаю, што ў нас нядрэнна атрымалася.
— Сёння многія журналісты гадаюць над пытаннем: адкуль у беларусаў узяўся такі тандэм?
Максім Мірны: Вы ж ведаеце, што ў міксце мы разам з Вікай ужо выступалі. Праўда, даўно. І дабіваліся добрых поспехаў. Калі ж тры гады таму Міжнародны алімпійскі камітэт увёў у алімпійскую праграму парны тэніс мікст, то мы з Вікай вырашылі: чаму б не працягнуць паспяховае выступленне і надалей? Для сябе я адзначыў, што гэта нядрэнны шанц. Тым больш, што Віка стала гуляць вельмі ўпэўнена. Я ўдзячны ёй, што яна знайшла ў сабе сілы пераключыцца з фармата "жаночай адзіночкі" ў пару, адшукала рэзервы. Спланавала ўсё так, каб хапіла задору, эмоцый. Усё склалася найлепшым чынам. Мы чакалі, таіліся, назапашвалі эмоцыі, сілы. Рыхтаваліся, каб у фінале паказаць усё тое, што вы бачылі пазней на кортах Уімблдона.
Вікторыя Азаранка: Сапраўды, было не зусім проста асмеліцца на такі крок, бо я прывыкла ўдзельнічаць у адзіночных спаборніцтвах. Але ж мікст — гэта быў шанц для кожнага з нас. Таму асаблівых складанасцяў на гарызонце не было. Мы ж з Максімам не першы год гуляем у тэніс. Нядрэнна ведаем адно аднаго. Знайшлі крытэрыі парнай гульні, узаемаразуменне. Далі неабходныя парады трэнеры. Развязку ўсе добра бачылі. Мы стараліся ўсё рабіць на сваю карысць, дзеля гонару нашай краіны.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларускіх тэнісістаў Вікторыю Азаранка і Максіма Мірнага з бліскучай перамогай на Алімпіядзе-2012 у Лондане, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Уладзімір ЗДАНОВІЧ. Лондан.
Васіль Жуковіч
Алімпійскі ўзлёт
Лондан. Старт адмысловы. Корт, ён коўзкі, як лёд... У Вікторыі — новы — Алімпійскі узлёт!
Барацьба да знямогі, Спрыт і воля — далі Ёй бліскучыя перамогі, Алімпійскія медалі.
5.08.2012