Забудова - Іслач – 0:5. Дараховіч і Касцюк усё ж выйшлі на поле, а Працкевіч згуляў супраць сваіх

Источник материала:  

Матч 20 тура чэмпіянату Беларусі па футболе паміж маладзечанскай “Забудовай” і камандай “Іслач” Мінскага раёна 4 жніўня закончыўся буйной перамогай мінчан на стадыёне ў Маладзечне. Пяць безадказных галоў заляцелі ў вароты “Забудовы”.
Гэта была гульня перад двухтыднёвым перапынкам, падчас якога, трэба спадзявацца, вырашыцца пытанне па фінансаванні футбалістаў “Забудовы”. Яны не атрымліваюць грошы за сваю футбольную работу на працягу чатырох месяцаў.
Нашы вопытныя паўабаронцы Сяргей Дараховіч і Дзмітры Касцюк з-за нявыплат грошай не збіраліся выходзіць на поле супраць “Іслачы”, але тым не менш усё ж такі выйшлі і адпрацавалі на полі сумленна.
У складзе “Іслачы” супраць былых сваіх партнёраў згуляў нападаючы Аляксандр Працкевіч. Саша, зноў жа з-за чатырохмесячнай затрымкі зарплаты ў “Забудове”, не вытрываў і перайшоў у каманду Мінскага раёна.
На полі ў барацьбе са сваімі былымі аднаклубнікамі Працкевіч правёў усе 90 хвілін. Не сказаць, каб паказаў нешта асаблівае. Але на 84 хвіліне партнёры дазволілі Аляксандру прабіць пенальці. Ну, напэўна, трэба ж было Працкевічу забіць “Забудове”. Калі з гульні не атрымліваецца, дык бі, Саша, з кропкі. Гэта быў апошні, пяты гол у нашы вароты.
Але пачыналася ўсё вельмі нядрэнна. Першы ўдар у гульні ў створ варот на 16 хвіліне нанёс наш Аляксандр Альховік. Не моцна. Варатар злавіў мяч. Праз тры хвіліны злева атакаваў Ягор Гармаза. Зноў удар у створ варот. І зноў варатар на месцы.
На 23 хвіліне мы прапусцілі. Пасля падачы вуглавога на далёкую штангу пайшла перадача ў цэнтр, удар – і 0:1.
Другі мяч прапусцілі ў раздзявальню на 44 хвіліне пасля розыгрышу штрафнога – 0:2.
У другой палове сустрэчы на 66 хвіліне за знос саперніка ў сваёй штрафной мы “зарабілі” пенальці. Выканаў яго варатар гасцей, які без праблем разабраўся са сваім калегам Косцям Сашчанкам – 0:3.
Пасля гэтага на 75 хвіліне мы не вельмі ўдала прабілі штрафны. Мінчане арганізавалі хуткую контратаку, вывелі свайго партнёра адзін на адзін з Сашчанкам, і Косця не  выратаваў – 0:4.
Пра гол Працкевіча ўжо згадвалі. Аляксандр забіў яго з пенальці на 84 хвіліне.
Акрамя Аляксандра Працкевіча, з маладзечанскай “абоймы” колеры “Іслачы” абараняюць цяпер паўабаронца Юры Пустаход і абаронца Радзівон Брадніцкі. Футбалісты, якія прыносілі карысць Маладзечну, і маглі б прыносіць надалей. Але… У “Іслачы” плацяць грошы.
Нашых футбалістаў варта аддзячыць. Ніхто з іх не адбываў свой нумар на полі. Усе змагаліся. Актыўнымі былі Дзмітры Вышынскі, Ігар Талькоўскі, Міхаіл Лужынскі, Ягор Гармаза. Як заўсёды ў нашага капітана Сяргея Дараховіча сапернік не мог адабраць мяч без парушэння правілаў. Як заўсёды Дзмітры Касцюк гуляў рацыянальна і разважліва. Як заўсёды Аляксандр Альховік вельмі небяспечна падключаўся з абароны ў атаку.
Але гэтыя 0:5, на жаль, заканамерныя. І не таму, што мы слабейшыя за “Іслач”. А таму, напэўна, што мы адчуваем сябе непатрэбнымі. І нам крыўдна…
А фанаты, якія ніколі не кінуць сваю каманду, прыдумалі і пракрычалі на матчы з “Іслаччу” новую крычалку. Гучыць яна так: “Заплаціце хлопцам грошы! Гэй! Гэй! Гэй!”
Два тыдні адпачнём. Наступная гульня 18 жніўня ў гасцях з “Мінскам-2”. Давайце спадзявацца, што да таго часу нешта зменіцца ў лепшы бок.
Сяргей ЗЯНЬКО.

←Пятая медаль в олимпийской копилке сборной Беларуси. Виктория Азаренко завоевала бронзу в женском одиночном разряде.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика