Футбол, які нам неабходны

Источник материала:  

Футбол, які нам неабходны

У барацьбе з беларускімі абаронцамі Стывену Джэрарду (№ 8) часам было вельмі няпроста.

Футбол, які нам неабходны

Футбалісты падарылі Гомелю сапраўднае спартыўнае свята.

У першым матчы 3 кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы "Гомель" дома з мінімальным лікам саступіў "Ліверпулю" — 0:1.

Яшчэ нядаўна падобную навіну ўспрымалі б спакойна, без вялікага шкадавання. На жаль, не так часта айчынныя клубы ўдала гуляюць з агульнапрызнанымі грандамі. Але не ў гэты раз! Балельшчыкі на свае вочы ўбачылі, як "Гомель" на роўных дзейнічае з адным з лідараў брытанскага футбола. І, ведаеце, гэта не ўтопія, а сапраўдная рэчаіснасць. Падапечныя Алега Кубарава прадэманстравалі той футбол, якога нам не хапае. Таму не дзіўна, што паражэнне некаторыя футбалісты ўспрынялі, як маленькую драму...

"Куды едзем? "Гомель" глядзець?"

Прызнацца, вынік лёсавання не абяцаў камандзе Кубарава лёгкае жыццё. "Ліверпуль". Назва вядомай каманды гучала для песімістаў, як прыгавор, які вынесены загадзя і канчаткова. Зрэшты, у Беларусь прыляцеў сапраўдны гігант, 18-разовы чэмпіён радзімы футбола — Англіі. А таму інтарэс быў павышаны, а ахвотных убачыць у працы Джэрарда і кампанію — процьма.

— Куды мы едзем? "Гомель" глядзець? — услых разважалі сталічныя хлопцы, суседзі па ранішнім цягніку "Гродна — Гомель". — Дык мы яго і ў Мінску ўбачым, і ў Барысаве, і ў Салігорску. А вось "Ліверпуль"... І сапраўды, брытанцы сталі менавіта тым эксклюзівам, дзеля якога на поўдзень Беларусі з'язджаліся балельшчыкі з усіх куткоў радзімы і бліжэйшага замежжа. Каля парк-атэля "Замкавы", дзе пасяліліся англічане, мы сустрэлі хлопца, які загадзя, за 17 гадзін да сустрэчы прыехаў у Гомель, а ў 10 гадзін раніцы ўжо дзяжурыў каля гасцініцы.

— Мне хочацца ўбачыць усю каманду, павітаць іх, — кажа Дзмітрый, які ўжо 12 гадоў усім сэрцам "хварэе" за "Ліверпуль". — Як ставяцца да нашага захаплення мясцовыя жыхары? Збольшага нармальна, але былі і тыя, хто прасіў схаваць майкі.

Каля стадыёна таксама шмат рускамоўных заўзятараў у чырвоных футболках. Студэнтка Аксана за брытанцаў хварэе ўжо чацвёрты год, нягледзячы на тое, што сама нарадзілася ў... Гомелі. А вось Сяргей, інжынер з Санкт-Пецярбурга, падтрымлівае "Лівер" ужо 31 год і добра памятае не толькі выдатнага галкіпера Бруса Грабелара, але і яго надзейнага папярэдніка Рэя Клеменса! Дарэчы, карэнных брытанцаў у Беларусь прыехала не так шмат. Кажуць, проста не паспелі зрабіць візы. Аднак былі сярод іх і адметныя тыпажы. Напрыклад, гаваркі Домэні, які прыехаў у Гомель на аўто з Мінска. Сам працуе ў горадзе Абу-Дабі (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты), але прыляцеў у Беларусь праз Стамбул, каб падтрымаць любімую каманду. Ён нічога не ведае пра наш футбол, лічыць Аляксандра Глеба не вельмі добрым футбалістам, але адзначыў, што Беларусь вельмі прыгожая краіна. Вось і паспрабуй зразумець англійскую логіку. А яшчэ жадалі "Гомелю" паражэння ў гульні з македонскай "Рэновай", каб не ляцець у невядомую Усходнюю Еўропу.

Футбольнае свята ў горадзе над Сожам супала з яшчэ адной традыцыйнай і эпатажнай падзеяй — Днём паветрана-дэсантных войск. Мясцовы гарвыканкам вокамгненна адгукнуўся на цікавае супадзенне і абвясціў чацвер днём цвярозасці. Толькі гэта не скарэктавала планы хлопцаў у цяльняжках. Дуэт былых дэсантнікаў нават спрабаваў прайсці ў гасцініцу па аўтографы футбалістаў "Ліверпуля". "Братка, нам толькі два подпісы ўзяць!", — з імпэтам працягваў фотаздымкі ахоўніку ўжо "стомлены" мужчына. Але справа была марнай. "Сек'юрыці" быў строгі і сантыментаў дэсантнікаў не разумеў. У выніку хлопцы пахмурнелі і пайшлі ні з чым. Затое гучнае "За ВДВ!" чулася з розных бакоў яшчэ доўга, а нехта з бравых дэсантнікаў нават прыйшоў на футбол і разам з усімі падтрымліваў беларусаў. Што не кажы, вось ён — патрыятызм.

Фартуна пайшла ў адпачынак

Акурат у 21.00 стадыён "Цэнтральны" літаральна выбухнуў, загучаў тысячагалосым хорам. Паядынак пачаўся нечакана: гаспадары прыбралі ініцыятыву і цалкам дамінавалі ў першай палове матча. Забіваць "Ліверпулю" "зялёна-белыя" маглі і ў другой палове, але гасцей ад фіяска выратавала штанга. Напэўна, Фартуна ад "Гомеля" проста пайшла ў адпачынак. Гамяльчане ў шматлікіх момантах сапраўды перайгравалі вядомага апанента, але сцэнарый у матча быў зусім іншым. Госці, якія нядаўна выйшлі з адпачынку, адным моцным, прыгожым, трапным ударам даказалі, што перамогі ў такія моманты можна дасягнуць і на класе. Напэўна, у адпаведных сітуацыях "Гомелю" яго і не хапала. Затое ў дзеяннях беларусаў была сапраўдная шчырасць, жаданне гуляць у добры атакуючы футбол з тым, каго загадзя лічылі фаварытам. І ў каманды гэта сапраўды атрымалася. Толькі на выніковых лічбах гэта не адлюстравалася.

— Шкада, што мы саступілі, — адзначыў пасля цяжкага матча ў запоўненым прэс-цэнтры стомлены Алег Кубараў, галоўны трэнер ФК "Гомель". — Мы не заслугоўвалі паражэння.

Але падобнае паражэнне часам "смачнейшае" за самую марудную перамогу. Балельшчык гульню гаспадароў ацаніў працяглай авацыяй. А гэта — сапраўдная мерка для сапраўднага футбола.

Тарас ШЧЫРЫ. Фота аўтара і Настассі Храловіч.

←Красивая и сильная Ирина

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика